Выбрать главу

Петражыцкі пасля таго больш да яе не прыходзіў прасіць на работу — хоць яна даўно ўжо мела права на яе не хадзіць па гадах. Шэсцьдзесят ужо грукнула, адрабіла сваё, адцягала, але, калі прасіў, хадзіла: у вёсцы рук ніколі не хапала.

— Што, вочы заліў учора і цяпер няма ў каго пахмяліцца? Ва ўсёй вёсцы? Додніцай прыбег. Галава трашчыць, т-тваю...

— Ты, Александрына, не мацярыся і не крычы, — ён раптам усміхнуўся на ўвесь свой кругленькі твар — на шчокі хлынулі глыбокія ўжо маршчыны — і загаварыў ціха, як усё роўна баючыся яе: схопіцца за вілачнік, як тады за касу... Носік у яго некуды схаваўся, вочкі пашырэлі і падабрэлі — зрабіўся, як дзіця. Ды і ростам ён сам быў невялікі, з хлапца. — У мяне для цябе навіна. І не абы-якая... — сказаў ён нарэшце смялей і абабіў ад мокрага снегу боты, доўга грукаючы аб падлогу. — Хацеў зайсціся ўчора вечарам, ды так склалася...

— П'яны быў як бот, таму і не зайшоўся, — сказала яна, і ў грудзях у яе ёкнула: проста так ён да яе не прыйдзе.

Яна памякчэла, як снег у раптоўную кароткую адлігу, і ён тады засмяяўся, дробненька і ціха: хі-хі... Як і ўсягды. Ні к сялу ні к гораду.

— Я павінен забяспечыць сёння тваю яўку, Александрына... Загадана... — загаварыў ён, адразу пасмялеўшы, палез у кішаню, дастаў пачак папярос, закурыў, напусціўшы такога праціўнага і едкага дыму, хоць ты з хаты ўцякай. — Познімся. Званілі ў канцылярыю аж з Плешчаніц. Старшыні. Але я не хацеў цябе наперад мітрэнжыць...

— Што анучу жвеш... Снег пад табой растаў скарэй, чымся ты слова людскае сказаў... — Яна раптам, як кальнула яе недзе ўсярэдзіне, адчула, што прыйшоў ён з нечым нядобрым. Загарэліся агнём шчокі, як на марозе. Не ведала, дзе дзець рукі; закарцела дастаць з куклы грэбень. Дастаўшы, пачала зачэсваць валасы. З Петражыцкага ўжо не спускала вачэй.

— Дапытваюць баб. У Сушкаве. Учора ўжо дапытвалі. Цэлы дзень. Клічуць у хату да Юстыны.

— Што я — украла што? — спыталася яна і пачула, як у грудзях таўханула сэрца: Аркадзя ж, сын, заяву пісаў...

— Ды не... — Петражыцкі патаптаўся ў парозе, сагнуўся неяк увесь у крук і сеў на лаву — на самы край. Так і сядзеў на краі, падпёршыся нагамі і баючыся пасунуцца далей. На яе не глядзеў — на боты. — Дапытвае кагэбіст, з Мінска. Мне загадана цябе даставіць, і ўсё. Сёння раніцай. Ушчамлю зараз Дэраша ў вазок і пад'еду. Падчапурыся. Учора Сушкава дапытвалі, цяпер узяліся за наша Задроздзе. За тых, у каго ў трыццаць сёмым мужыкоў пабралі. І твайго Сяльвестру. Якая тут табе кража... — Ён паглядзеў на яе і адвярнуўся. Устаючы з лавы, грукнуў макраватымі ботамі па падлозе, паглядзеў скоса на стол, дзе пад белым абрусам ляжала бугром круглая буханка хлеба, зіркнуў па белай новай зашклёнай шафцы, якую сёлета ўвосень, папрасіўшы Царука з машынай, прывезла Волька з Плешчаніц, — шукаў, каб за што зачапіцца сваімі п'янымі вочкамі, хоць за парожнюю шклянку. Хаця яму, каб устаць з лавы, трэба было ўжо добра ўперціся нагамі ў падлогу.

Заныла недзе глыбака ў грудзях і не адпускала — праціўна, горка, з тупым болем. Яна ўсё яшчэ стаяла ля акна ад вуліцы і ўся гарэла, як у агні. Высокая, ценкая, высахлая за сваё праклятае бязмужняе адзінокае жыццё на трэску — адна гадавала трое дзяцей, бегала кожны божы дзень у калгас ад цямна да цямна па нарадзе, насіла кляймо сям'і «ворага народа», памагала ў вайну партызанам, рвала жылы пасля вайны пры бясхлебіцы, пакуль не састарэла і пакуль не перасталі да яе чапіцца калгасныя брыгадзіры, каб ішла араць, баранаваць, жаць, выкідаць з праварын гной, палоць, выбіраць бульбу, даглядаць, малаціць, калаціць... Гэтулькі ўсяго перарабілі рукі з кляймом, згінь ты, благое, прападзі, што цяпер зусім адсыхаюць: круціць іх, выварочвае ў суставах кожную ноч...

Петражыцкі, устаўшы, ацёрся плячом аб вушак і сказаў:

— Будзь як штык... Пад'еду.

Яна тады выскачыла з-за стала на хату:

— Нікуды я з табой, аглаедам, не крануся! І гаварыць ні з кім не стану! Клічуць... Дапытваюць...

— Не паедзеш са мной, міліцанер перад сабой пагоніць. Па гурбах. Так што — збірайся, і без конікаў. Гэта табе не снег на дварэ, а кагэбэ.

— Не страш. Адбаялася. Усё жыццё баялася, да старасці... Не страш... — Яна ашчапіла далонямі галаву і аблакацілася на стол, каб перавесці дух. Угледзела яшчэ раз чырвоныя вочы Петражыцкага ў парозе і чырвоныя грудкі гіля — зноў ускочыў на падаконнік ад вуліцы.