Выбрать главу

Калі яна праз гадзіну села з Петражыцкім у вазок на ўзгоенае сена — ля самых варот, — чырвоныя грудкі пырхнулі з падаконніка на старую чорную высокую — вышэй страхі — рабіну і падалі ядраны дзяркаты галасок. Зверху з рабіны на снег пад ногі Дэрашу пасыпаліся адмерзлыя буйныя чырвоныя ягады — як пырскі крыві.

2

Вецер, зайшоўшы з начы з Загумення, з поўначы, нагнаў снегу ў вуліцу ўровень з платамі, і цяжка было выехаць на дарогу да маста — вазок кідала з боку на бок, і Дэраш напінаўся ў аглобнях. З другога канца вёскі з-за павароту ім насустрач ішлі на мост два мінскія МАЗы з прычэпамі: вязлі дрэва — доўгія і тоўстыя ў абхват сосны, зацярушаныя снегам. Прычэпы — на ўсю расцяжку, гружоныя — як павезці, — здалёку здаваліся як горы, прымглёныя белым снежным туманам. Сунуліся яны памалу, чмыхаючы і равучы між гурбаў; чорныя колы пад ім былі абсыпаны белым дробным інеем. Запахла дымам ад згарэлай саляркі і паленай гумай.

На павароце да маста яны якраз спаткаліся з МАЗамі нос у нос, і Александрына ўзяла ў Петражыцкага з рук лейцы, каб прыцішыць Дэраша і прапусціць наперад машыны: Петражыцкі, не знайшоўшы ў яе дома ні кроплі, знайшоў у некага і, пакуль запрогся і пад'ехаў да яе варот — звіўся і цяпер, апусціўшы галаву на грудзі, драмаў: не браў яго ні мароз, ні север.

Александрына пачакала, пакуль МАЗы адзін за адным мінулі мост, і тузанула каня за лейцы. Дэраш, збіўшыся з тропу, пераходзіў з адной каляіны ў другую — шукаў зручнейшай дарогі; вазок, як лёгкія дзіцячыя саначкі, кідала з боку на бок, і яна цяпер, трымаючыся за поручань, скоса пазірала на Петражыцкага: выкуліш яшчэ недавярка, то ці падымецца сам, усцягваць яшчэ прыйдзецца.

МАЗы былі ўжо далёка на горцы, чуваць быў толькі іх рокат, пасля і ён аціх, і зноў заскрыпеў пад палазамі снег. Поле за мастом паабапал дарогі пасля машын зрабілася белае і чыстае, як лагодная чалавечая доля... Паказалася было над далёкімі садамі з-за хмары сонца і адразу схавалася; зноў пасыпаў снег з крупамі — калюча сек па твары; шчыпаў за шчокі востранька мароз, чуваць было, як ён залазіць пад кажушок і стынуць плечы. Над белым снежным полем, абганяючы сані, каркнула прастуджаная варона — ляцела з адной вёскі ў другую, неяк бачком, і здавалася, што яна махае адным крылом.

З таго часу, калі раніцай пайшоў з хаты Петражыцкі, Александрына думала толькі пра Сяльвестру. І не пазнавала сябе: успомніць ці пачне гаварыць пра яго — робіцца вялая і не можа стаяць на нагах. Толькі слёзы цякуць з вачэй, як рака... Раней такога не было.

МАЗы праз Сушкава не пайшлі, адзін за адным звярнулі перад вёскай на гароды і падаліся полем у аб'езд, працёрлі сабе новую дарогу да шашы на Плешчаніцы: у вёсцы вуліца была занесена снегам вышэй частаколу. А вецер, дзьмучы з поўначы, усё гнаў і гнаў сухую белую муку, уперамешку з дробненькімі крупкамі, якраз сюды, у вуліцу, ім у спіну, заносячы адразу тор ад саней. Палазы скрыпелі, чапляючыся за вяршкі частаколін.

У Сушкаве яны спыніліся каля Юстыны, якраз пасярод вёскі. У Юстыны, у вялікай, на дзве палавіны, хаце была некалі калгасная канцылярыя; калі злучылі калгасы, канцылярыю перавялі ў Хадакі, у цэнтр, і ў Юстыны была школа, не доўга, гадоў пяць, пакуль пабудавалі новую ля вёскі.

Юстына, невысокая ростам, паўнаватая жанчына, можа, трохі маладзейшая за яе, Александрыну, чысціла на двары лапатай, якой садзяць у печ пячы буханкі хлеба, снег — зграбала і перакідвала за частакол у гарод. Лапата ў яе руках была ўся белая — і ад мукі, і ад снегу, і ў самой Юстыны выбіваліся з-пад хусткі з двух бакоў пасмы белых валасоў.

«Чысціць мне дарогу да кагэбіста...» — падумала Александрына яшчэ ў вазку.

Петражыцкі, калі пагнала, закруціўшы на горцы, у вочы снег, прачнуўся сам, не трэба было яго будзіць і цяпер, хукаючы ў чырвоныя пакрэплыя рукі — рукавіцы ці забыўся дзе на ферме, ці згубіў на дарозе, — прапусціў яе наперад у двор да Юстыны, як успомніў, што яе, Александрыну, трэба даставіць і што яна можа спалохацца і збегчы ў апошнюю хвіліну.

— З самай раніцы вас, такіх, чакаем, любка. Не вы першыя. І ўчора вас прымалі... — адказала ім Юстына, калі Петражыцкі спытаўся: «Ну дзе тут хто?», і пайшла наперадзе ў хату, несучы перад сабой драўляную лапату. У прыхожай паставіла ў качарэжнік, сказала: «Снег можаце не счышчаць, растане і высахне», калі Петражыцкі пачаў грукаць аб падлогу вялікімі кірзавымі ботамі, і паказала рукой у другую палавіну хаты ад вуліцы — у першай яна жыла сама, дажываючы веку.

Петражыцкі, усё яшчэ грукаючы аб сухую і звонкую падлогу ботамі, піхнуў навотліж рукой дзверы ў другую палавіну хаты, і Александрына яшчэ з парога, спыніўшыся, убачыла кагэбіста — сядзеў за сталом пасярод хаты — і ўтаропілася адразу ў яго вачыма. Петражыцкі, стаўшы перад сталом, сцягнуў з галавы скамечаную шапку, выпрастаўся — успомніў, мусіць, як сам быў у арміі, — і «далажыў»: