— Даставіў, таварыш начальнік... — і назваў яе імя, прозвішча і вёску.
«Таварыш начальнік» паглядзеў на яго і, нічога не сказаўшы, лёгенька махнуў рукой: паказаў яму на дзверы.
Петражыцкі такога не чакаў, думаў, што будзе сядзець, растапырыўшы ногі і разявіўшы рот, і слухаць, як стануць «дапрашваць баб», тады пачне прадаваць «новасці» па ўсёй вёсцы за сто грам. Павярнуўшыся, ён з нейкай злосцю сказаў ёй, Александрыне:
— Дамоў дойдзеш сама. Маё дзела было даставіць. У мяне работа.
— Хвіліначку... — кагэбіст устаў з-за стала і падышоў да яе. — Дойдзеце? Па такой дарозе? Снег, мяцеліца... А то — будзе чакаць столькі, колькі трэба. Прывёз і адвязе...
— Не-не... — у яе перасохла ў роце, не загаварыць. — Дайду-у... Далёка тут. І сюды магла б сама прыйсці. Не такі я вялікі пан. Чаго гэта будзе і ён, — паказала рукой на Петражыцкага, — марнець тут і конь на вуліцы мерзці. Дайду.
Петражыцкі ціхенька зачыніў за сабой дзверы.
Кагэбіст вярнуўся і зноў сеў за стол. І пакуль ён падыходзіў да яе, яна добра яго разгледзела.
Зусім малады хлопец. Гадоў дваццаці, ну, можа, дваццаці пяці ад сілы. У яе такія ўжо ўнукі. Лёнік і Вова. Нечым і падобны трохі на Лёніка. І ростам, і нос вастраваты. І стрыжаны коратка. Валасы русявыя, залізаны на лобе набок.
У чорным касцюмчыку, пад гальштукам, сарочка белая. Вочы светлыя, добрыя. Глядзіць на яе ціха, з лагодай, хоча ўсміхнуцца, каб не быць строгім, а ў яго не выходзіць. У бліскучых чорных чаравіках...
«Як ён даехаў па такім снезе і марозе? Нібыта яго прывезлі на легкавой машыне аж сюды, у Сушкава, на двор да Юстыны. І высадзілі ля ганка...» — падумала яна пра яго. Падумала пасля, што ён мог папрасіцца ў кабіну МАЗа і ехаць у цяпле. Хацела нават спытацца.
Ён паказаў ёй лёгенька, як і Петражыцкаму, рукой на старое круглае крэсла, што стаяла перад сталом, трошкі збоку — сам ён сядзеў на такім жа з другога боку, ад акна, — і яна падышла і села.
Ён доўга глядзеў на яе добрымі вачыма і маўчаў. Не ведаў, з чаго пачаць, ці што? Тады зноў падняўся з-за стала:
— Вам будзе лепш, Аляксандра Раманаўна, калі распрануцца... — падышоў, узяў рукамі за плечы. — Зніміце кажух. У хаце цёпла, Юстына натапіла, як перш у школе.
«І пра Юстыну ўсё ведае», — падумала яна.
Ён узяў у яе з рук кажух, аднёс у парог і павесіў там на высокую стаячую дзідаватую вешалку, відаць, засталася яшчэ ад школы — на ёй вісела і яго паліто з каўняром і дарагая зімовая шапка; яна зняла з галавы шарсцяную вялікую хустку і накінула на плечы, на нажутку. Дастала з-за куклы доўгі выгнуты грэбень, правяла ім па сваіх гнядых, пасівелых толькі трохі на лобе валасах і зноў схавала за куклу. Паклала на калені рукі і сядзела, думаючы: «Ён жа адтуль, ад іх, дзе ўсё ведаюць пра Сяльвестру. Усё, да дробненькай макулінкі...»
А малады кагэбіст усё не садзіўся. Хадзіў і хадзіў ад стала да вешалкі ў парог, ступаючы неяк асцярожна па жаўтаватай вышараванай падлозе. Падыдзе да напаленай грубкі, пакладзе на яе з двух бакоў растапыраныя рукі — як ашчэпіць — і грэе, хоць у хаце было добра натоплена, Юстына пастаралася, пасля зноў ходзіць...
Александрына тады ўздыхнула на ўсе свае збалелыя грудзі, глыбока і працяжна, нібы гэтым уздыхам сказала яму наперад усё, што мелася яму сказаць сама, і адказала на тое, што ён хацеў у яе спытацца. Яна ўжо за ім не сачыла — ходзіць, хай ходзіць — і калі падняла вочы, убачыла, што ён сядзіць ужо за сталом і нешта гаворыць да яе. Яна пачала слухаць.
Ён назваў сябе па званню і па прозвішчу. Яна пачула, нават падумала, што запомніла, але злавіла сябе на тым, што адразу забылася: мусіць, захвалявалася, бо дробненька задрыжэлі пальцы на руках, якія ляжалі на каленях.
Спёрла ў горле. І калі яна пачула: «Ваш муж Сяльвестр Лазаравіч...», ужо далей ніяк не магла злавіць, пра што гаворыць чалавек за сталом. Спёрла ў горле, і яна адразу заплакала. Ведала, што гэта не тое месца, дзе трэба плакаць, і што не перад гэтым хлопцам, але не можа сябе сціснуць у кулак: хлопец жа адтуль, дзе ўсё ведаюць пра Сяльвестру...
Ён яе не супакойваў. Сядзеў і чакаў. Тады зноў устаў з-за стала і пахадзіў па хаце: у парог, з парога аж да акна. Калі ён не першую яе дапытвае, то, відаць, ужо наслухаўся і плачу і нагледзеўся бабскіх слёз. А таго плачу — вёскамі і слёз — рэкамі ён не чуў і не бачыў: маладзён...