Выбрать главу

— Давайце тады, Аляксандра Раманаўна, пачнём з другога, — ён зноў быў за сталом. Стаяў, не садзіўся на крэсла. — Пачнём здалёку. З лягчэйшага. З маладзейшага. Як вы пазнаёміліся з Сяльвестрам?

— Як пазнаёмілася? А ў Амерыцы...

— А як вы апынуліся ў Амерыцы?

— Гм-м... У Амерыку я паехала аж у адзінаццатым годзе... — яна пачула, як адразу пачала супакойвацца, нават усміхнулася праз слёзы. — Мне тады пераваліла ўжо за дваццаць. Завербавалася, села на параход і паехала. У заработкі. А дома, у Шышчыцах пад Слуцкам, яшчэ тры сястры асталіся. Усіх нас было чацвёра ў сям'і. Старэйшая я. Я і паехала. Долі лепшай шукаць на свеце. Тады я не адна паехала. На параходзе дык адны беларусы і былі. Многа ехала...

— Хвіліначку. Я віджу, што вы ўжо супакоіліся. Мы ўсё ж з вамі не ў бірулькі будзем гуляць. Усё, што вы будзеце гаварыць, запратаколім. І я хачу папярэдзіць вас... — ён памаўчаў, — аб адказнасці за адказ ад дачы паказанняў і за дачу лжывых паказанняў...

Яна не слухала, што ёй гразіць. Яна ўсё жыццё ўсюды і ўсім гаварыла праўду...

— Ну вось, я вас папярэдзіў, — ён сеў за сталом на крэсла. — Я думаю... гаварыць праўду ў вашых жа інтарэсах. Вы пісалі нам аб пераглядзе справы вашага мужа?

— Сын хадатайнічаў. Аркадзя... Ён і пісаў ад мяне.

— А якая ў вас адукацыя?

— Адукацыя? — усміхнулася яна. — Чытаць і пісаць умею. Сама навучылася.

— А дзе цяпер ваш сын?

— У Маладэчыне. Там жыве і працуе. Жанаты. І Аля, дачка, там, у Маладэчыне. І зяць. Перапёлка. Пасля партызан там астаўся і Аркадзю пасля арміі туды перацягнуў. І ўнукі мае ад Алі жылі там. Лёнік і Вова. Якраз такія, як вы. У ваенным вучылішчы цяпер адзін і другі...

— А сын ваш член партыі?

— Як тут сказаць. Цяпер — не. Быў усю вайну лётчыкам-радзістам. І ў партыі быў. А пасля вайны дазналіся, што ён зманіў. Што бацька не памёр, а забралі ў трыццаць сёмым. І выключылі з партыі.

— Ну, цяпер жа не тое. Вы ж ведаеце.

— Прасілі зноў у партыю. Але ён не захацеў. Працуе, і ўсё. І дзяцей выгадаваў. Я за яго ні разу ў жыцці не чырванела...

Ён сядзеў за сталом і цяпер пісаў на белым-белым лісце паперы, хуценька і акуратненька.

— Ну, а з Сяльвестрам як вы пазнаёміліся?

— Я ж гавару, у Амерыцы. Не-е... Туды мы разам не ехалі. Адтуль ужо ў пятнаццатым годзе дамоў варочаліся разам. Пажаніўшыся. Пазнаёміліся з ім у чатырнаццатым, у чатырнаццатым і пажаніліся. А калі вярнуліся з Амерыкі ў пятнаццатым годзе, Сяльвестру праз два тыдні ўзялі ў царскую армію. Эха-ха... духу не перавяду... Гэта ж як усё роўна я сёння побач з ім на параходзе... Як з вамі. Усё помню, не забылася...

— Я вас папрашу. Раскажыце пра Амерыку больш падробна.

— Пра Спрынгфілд? У Спрынгфілдзе, дзе я апынулася, Сяльвестра быў спачатку чорнарабочым, як і я. Пасля ўжо знайшлі работу на фабрыцы. І ён і я, яшчэ не ведаючы адно аднаго. На фабрыцы мы і сышліся. На фабрыку мяне ўзяў сам гаспадар. Выбраў з усіх і ўзяў. Фабрыка была невялікая. Перараблялі ўціль — рыззё па-нашаму, па-вясковаму. Толькі ў нас па вёсках ездзіў на калёсах Бэрка і крычаў: «Шарсцінне, варсінне і шчоткі благія...», і яму бабы зносілі анучы з усёй вёскі да Петрусіхі ў канцылярыю. Бэрка даваў за рыззё мыла, фарбу, кручкі — рыбу лавіць. А ў Спрынгфілдзе была фабрыка: чыста, культурна. І прывозілі туды здаваць такую адзежу, якую ў нашай вёсцы насіць бы ды насіць, якой, можа, і ў вочы не бачылі. Я з паўгода стаяла ля вялікага стала — бліскучага, вузкага і доўгага. І мне падавалі адзежу на стол нейчыя рукі аднекуль знізу — я нават не бачыла чалавека. Рукі, адзежа — і ўсё. Я раскладвала на доўгім стале штаны ці рубашку і вострымі ножніцамі ці нажом адпарвала гузікі, аплікі, кнопкі, спронжкі і скідвала іх у вялікую фанерную скрыню, якая за дзень напаўнялася да краёў... Чыстую, без ніводнага гузічка ці шпілечкі, апратку я перакідвала на другі стол, які стаяў вышэй і з якога яе зноў зграбалі адны рукі — чалавека відаць не было, увесь быў завалены адзежай. Гузікі-то я зразала лёгка, але ўсягды баялася, бо мяне папярэдзілі, каб не трапіла ад мяне на другі стол, што стаяў вышэй, адзежына з чым жалезным у кішэнях, і я акуратненька, з увагай усягды лазіла па іх, выварочваючы і атрасаючы ад пацярухі, пылу і табакі. Чаго толькі ў тых кішэнях ні знаходзіла: гадзіннікі, ключы, іголкі, шпількі, расчоскі, ножыкі, ножнічкі і такія штучкі, якіх я і ў вочы ні разу не бачыла. У кішэні доўгіх і вузенькіх чорных вельветавых штаноў я адзін раз і знайшла пярсцёнак, залаты, шырокі, на вялікі палец у чалавека. Блішчаў так, хоць аслепні. Я, спужаўшыся не ведаючы чаго, аддала яго самому гаспадару фабрыкі. Паднялася высока наверх, спыталася, дзе ён, мяне пусцілі, і я паклала пярсцёнак перад ім на стол і сказала, як і што. Ён доўга на мяне глядзеў, паказаў на крэсла, каб села. Перапытаў раз, другі. Пасля паклаў пярсцёнак у вялікі жалезны сейф, дастаў адтуль адзін новенькі даляр і даў мне ў рукі. Падзякаваў. З таго дня мяне перавялі да вышэйшага стала, дзе і стаяў Сяльвестра. Гэта я яго рукі бачыла ўвесь час, калі падкідала яму ўверх адзежу, нават запомніла іх, не бачачы самога чалавека. Нож і ножніцы гаспадар перадаў яму, а я цяпер толькі выварочвала кішэні. А той вялікі залаты пярсцёнак і злучыў нас з Сяльвестрам наўсягды... Што было ўчора, пазаўчора, я ўжо не скажу. А тое, даўнейшае, помню... Як і Сяльвестру. Вось так мы і пазнаёміліся...