Выбрать главу

— А хто ў Сяльвестры з родзічаў яшчэ быў ці цяпер жыве ў Амерыцы? І ў вас хто?

— У мяне нікога не было. Я адна паехала і вярнулася. А ў яго была сястра, Ефрасіння. Прузына — па-нашаму, па-вясковаму. У Кеваніі. Памёрла ўжо. Не помню добра, разам яны ехалі ў Амерыку ці яна перш, а яго паклікала. Яна была за яго старэйшая. Мы там сустракаліся. У госці ездзілі адны да адных. Я нават адрас яе помню: 714, Мэйн-стрыт, Кеванія, Ілінойс. Ці перапісваліся? Перапісваліся. І да трыццаць сёмага года, і пасля вайны, калі ўжо Сяльвестры не было. Яшчэ хто ў яго з родзічаў? Блізкіх? Брат Савэрка. З'ехаў з дому, як і Сяльвестра. Сяльвестра ў Амерыку, а ён — у Сібір. Іх таксама было ў сям'і два браты і пяць сясцёр. І ў Сібіры Савэрку таксама забралі ў трыццаць сёмым. І цяпер ні слуху ні духу, хоць мы і пісалі. Хто сёстры? У Сяльвестры, апроч Прузыны, былі яшчэ чатыры сястры. Ганна — у Красным, Наста — у Грыневічах, Марыля — тут, у Сушкаве, і Алімпіяда, па-вясковаму Улімка. Ганна і Наста памёрлі, Марыля падарвалася ў вайну на міне, а Улімка жыве ў нашым Задроздзі. Мы з ёй адны з усіх блізкіх засталіся. Дажываем і мы. Э-ха-ха...

— Доўга яшчэ будзеце жыць. Памяць у вас — дай бог... Успомніце... — ён паглядзеў у свае жаўтаватыя паперы, рассунутыя па стале, — 20 кастрычніка трыццаць сёмага года, калі 14-ты пагранатрад праводзіў у вас у хаце вобыск... У вас, дакладней, у Сяльвестры, знайшлі медаль 1913 года. Царскі.

— Знайшлі. Быў такі медаль. А чаго яго было куды выкідаць? Ляжаў і ўсё. Сяльвестру ім узнагародзілі, калі ён скончыў адзінаццацімесячныя курсы ротных фельчараў у пятнаццатым годзе ў Сімбірску і служыў у царскай арміі. А з васемнаццатага года па дваццаць першы ён служыў у РККА лекпомам. Дамоў і вярнуўся ў дваццаць першым годзе.

— Угу. А фашысцкі значок? Свастыку? Вы не пацвердзіце?

— Які фашысцкі значок... Смеху варта.

— А вы ведаеце свастыку?

— Ведаю. Нямецкую, з вайны, — яна падняла з калень руку і сагнула свае сухія старыя пальцы.

— Та-ак... — Ён зноў стаў перакладаць жоўтыя лісты на стале. — Пры вобыску знайшлі жоўтага колеру гузік, на якім была и-зо-бра-же-на, — ён прачытаў гэта слова па складах, — свастыка. І ляжаў той гузік разам з дзіцячымі лялькамі. У кашолцы. Было?

— Было. У чатырнаццатым годзе ў Амерыцы Сяльвестра выступаў на спаборніцтве. Дужаліся. І я была там. Сяльвестра і перамог некага. Паклаў на лапаткі. Той і даў яму гузік ад свайго пінжака на памяць. І Сяльвестра даваў нешта яму на памяць. Мы і прывязлі той гузік з Амерыкі. На ім была нейкая літара. Толькі не свастыка. Смеху варта. Той гузік забралі пры вобыску пагранічнікі...

— А вялікую амерыканскую хустку? Знайшлі пры вобыску?

— А што, дамоў з Амерыкі я павінна была голая ехаць? Я не толькі хустку прывязла...

— А чаму вы вярнуліся з Амерыкі?

— Скажу вам праўду. Я ўжо нічога не баюся. З Амерыкі сама я не вярнулася б. Нізашто... Але я выйшла замуж. А Сяльвестру праз год дамоў пацягнула. Толькі дамоў... Пацягнула на згуб галавы. Як чуў сваю пагібель і шукаў яе. Не паехалі б адтуль — дык і жылі б дагэтуль, як усе людзі. А што я павінна была рабіць? Кінуць Сяльвестру? Я за яго была на два гады старэйшая... Я і вярнулася разам з ім.

— Аляксандра Раманаўна... А ці чулі вы тады, да арышту Сяльвестры, што-небудзь пра антысавецкую паўстанцкую арганізацыю, якая была створана на тэрыторыі СССР разведкай адной прыгранічнай замежнай дзяржавы, у якой быў ваш муж, Сяльвестра, з 1934 года і па заданню якой праводзіў арганізавана контррэвалюцыйную работу, займаўся шпіянажам, а таксама праводзіў дыверсійныя акты і падрыхтоўку да іх?

— Не. Не чула. Што, сам сазнаўся? У вас так і запісана? Сяльвестра? Сам? Бо-ожа мо-ой...

— А з начальнікам заставы «Жоўты бераг» Кашырыным Сяльвестра сустракаўся?

— Начальнік заставы Кашырын з Сяльвестрам у нас піў гарэлку. І самагонку. І не адзін раз. І не ён адзін. Начальства і тады піло, як і цяпер. Не саромелася...