Пад'язджалі да самага логу — спускаліся з гары да могілак, што ля Сушкава: дарога паварочвала на лог адразу за імі. Ехалі воз за возам — падводы выцягнуліся ў адзін шнур ля ячменю, звярнуўшы з пяску, як каму саступіўшы.
З гары пабегла кабыла; хамут лез ёй на галаву, біў па вушах; білі яшчэ ззаду па каленях дошкі ў калёсах.
Таня ляжала бачком на мяху, узяўшыся рукамі за ляжэйку, і глядзела на пярэдні падводы. Тады паварочвала галаву і шукала здалёку вачыма Алёшу — яго нідзе не было. Усе пасля як пахаваліся куды: ні Боганчыка наперадзе, ні Махоркі.
Яна падцягнулася ў перадок і, натужыўшыся, села, звесіўшы з ляжэйкі ногі... Акручаная мехам нага была цяжкая, бы да яе падвязалі камень, цягнула ўніз і смылела пад аборамі.
Таня і цяпер нікога не ўгледзела і спалохалася. Крыкнула б, калі б не кашлянула ў ячмені Наста, — Наста ўсё яшчэ вяла кабылу за аброць. Прыхінулася да хамута, не відаць яе, толькі хустка ўсё матаецца на плячы, не зваліцца долкі.
«Чаму яна кінула Буланчыка?..»
Але Буланчык ішоў ззаду за Алёшавымі калясьмі сам, як прывязаны. Можа, Алёша ўзяў яго за повад?
— Наста...
Наста маўчыць, не пачула зноў, перхае толькі ад пылу...
Таня думае, што толькі адна яе кабыла баіцца пуду. Павярнуўшыся, Таня садзіцца бачком на мяхах і глядзіць уперад на дарогу, але зноў нікога не бачыць. Махнулася, паказаўшыся з-за пляча ў Насты, сівая Панкова галава і схавалася. З ячменю ля калёс пырхнулі вераб'і, доўга білі крыллямі па асці, тады абляцелі падводы і падаліся на Сушкава — жменькай...
Зрабілася неяк адразу ціха. Не шашчэў пад калясьмі жвір; не падкідала на ляжайцы балючую нагу.
Падводы сталі. Тарканулася пярэдняя, а за ёй і ўсе, адна за адной, як увязлі ў пясок. Белы Янукоў конь успёрся з галавой аж на мяхі. Глядзеў адным вокам з-пад грывы на яе, Таню, грыз зялёныя ад пены цуглі і дыхаў халадком за шыю.
Калі моцна закашляў уперадзе Панок, Таня, апёршыся на рукі, паднялася, каб угледзець яго: кашляе недзе як не на сваіх калёсах. Панка яна не ўбачыла...
Там, дзе дарога, ведучы з Сушкава на гару, паварочвала ля могілак на лог, куды ім трэба было ехаць, якраз там, дзе стаяў да вайны маяк, паднялася кучка белага пылу, маленькая, з ахапак. Пыл быў густы, доўга стаяў над дарогай на адным месцы, пасля адразу стаў брацца ў клубы, што дым, калыхацца, расці і, падымаючыся ўгару, папоўз сюды, да іх. Ехаў з-за могілак немаведама хто па самым пяску на гару. Тут, на гары, усягды пяску па калені, і летам, калі вазілі з Кур'янаўшчыны снапы, за падводамі доўга цягнуўся ззаду пыл, падымаючыся ля самай грэблі вышэй альшэўніку. Калі на яго свяціла сонца, ён рабіўся што бурыя тулягі на небе і быў відаць аж з вёскі.
Мінуўшы могілкі, белае воблака расцягнулася і, як жывое, пабегла дарогай.
Таня ўбачыла, што мужчыны сыходзіліся ў кучку да Панковага воза. Махорка і той кінуў сваю падводу — стаіць ля Панковых калёс, узяўшыся за ляжэйку. Панок сядзеў на мяхах як укопаны, закрываючы рукою рот, — відаць, кашляў, але яго не было чуваць. Пасля Панок неяк затросся ўвесь на калёсах, і Таня пачула, як ён кашляе, моцна, прарэзліва, мусіць, павярнуў у гэты бок, да яе, галаву. Ёй здалося, што нехта кашляе і ўперадзе, на Боганчыкавай падводзе і на абмежку ля дарогі, дзе некалі стаяў маяк, а цяпер ляжала на зямлі ў рудой траве сухое белае палена; кашляе і аж ля Сушкава на дарозе...
Ля самых падвод воблака паднялося ўровень са старымі елкамі на могілках, засланіўшы ўсё на свеце: і дарогу, і Сушкава, і абмежак, дзе стаяў некалі маяк... З-пад пылу, як з-пад вялікай сівой пасцілкі, якую маці вешала ў таку, калі веяла жыта, каб яно не пырскала ў сцірту саломы, адзін за адным сталі выскокваць маленькія чорныя матацыклы, як вялікія брухатыя мышы. Адзін, другі, трэці...
Матацыклаў было многа — Таня іх не злічыла, — і на іх былі немцы: у зялёным, у касках, па два, па тры на кожным. Матацыклы нясло як шалёным ветрам дарогай у вёску, і немцам не было ніякай бяды да таго, што на дарозе абоз; ніводзін не павярнуў галавы сюды, у ячмень... Яны сядзелі ўсе як прывязаныя, з чырвонымі тварамі і белымі ад пылу плячыма, і глядзелі перад сабой на грэблю...
Таня пачула, як у горла лезе пыл, што ад сухога палыну. Яна закрыла рот рукамі, але пыл усё роўна лез у горла, не даючы дыхаць. Запахла гарам, нібы абняслі каля падводы паленую гуму. Кружылася галава, стала тузаць. Схапіў кашаль, але кашлю яна не чула: гудзела ў вушах ад грукату і трэску на дарозе.
Яна не магла дыхаць гарам ад гумы і старалася закрыць рот, але тады кашаль спіраў у грудзях, здавалася, задушыць, і млелі рукі. Яна апускала іх — зноў смярдзела паленая гума... Калі Тані здалося, што яна захлынаецца — ад натугі забалела ў горле і цёмна стала ўваччу, — яе вырвала: на мяхі і на дарогу...