Выбрать главу

Яна не паспела спіхнуць яго з парога ў сенцы — справіўся зачыніць за сабой дзверы.

Да калгаснай канцылярыі ў Хадаках яны: Александрына з Царуком — шафёрам — у кабіне, Петражыцкі ў кузаве, — сказаў, залазячы, што саступае ёй, пажартаваў, што яна за гэта «разлічыцца, хі-хі...» — пад'ехалі яшчэ свежай ранічкай — Царук спяшаў, — і ўсе трое падаліся калідорчыкам у кабінецік да старшыні. Дзверы былі на замку. Тады Царук шырака адчыніў дзверы ў «агульную канцылярыю» да «дзевачак». Яны былі на месцы. Стаялі, нагнуўшыся над сталом: адна з аднаго боку, другая з другога — склалі галовы. Бліжэйшую Александрына пазнала адразу — новы рахункавод, а другую, маладзенькую зусім дзеўчынёху, яна не ведала.

Незнаёмая дзеўчынёха, павітаўшыся, узяла са стала ключы — цэлы жмук, апусціла з бразгам у кішэню чорнага як смоль халата і сказала:

— Ведамасць у мяне. Старшыня загадаў мне, кладаўшчыцы, адпусціць, калі прыедзеце. Без яго... Можа, вы, цёця, і распішыцеся тут, у канцылярыі. Што насіць ведамасць туды-сюды... — Яна хуценька перакінула шырокую ведамасць з аднаго стала на другі, бліжэй да яе, Александрыны:

— Вот здесь, внизу. В уголочке...

Александрына пачула, як у яе зноў пачалі мерзці пальцы на руках, як на допыце ў хаце ў Юстыны... Калі яна першы раз дазналася, што за Сяльвестру даюць жыта і сена, яна і тады сцялася ўся ў халодны камень... «Не вазьму. Адкупіцца хочуць. У тры пуды жыта ацанілі чалавека... І вязку сена — наверх... Сярнічку пад тое сена, хай гарыць сінім агнём разам з жытам...» Не было з кім і пагаварыць. З Петражыцкім? З Магрэтай? На яе, Александрыну, глядзелі як на дурную: бяры. Аркадзя далёка. Загаварыла была з дачкой, з Волькай. «Як, мама, рошыш, так і будзе», — апусціла вочы дачка.

Да сённяшняй раніцы яна і была як камень. А додніцай, калі хадзіла па двары, калі грукала рагамі ў сцяну ў хлеве карова, калі пад ногі пускаліся бегчы куры, калі ў вёсцы яшчэ не было чуваць ніводнага чалавечага голасу, толькі на рабіне на вуліцы каркалі вароны, яна неяк суцішана сказала сабе: пакуль буду палучаць жыта — буду разам з Сяльвестрам... І пакуль буду касіць Зурэчча — буду разам з ім... Разам... А там — калі вытрымае сэрца...

— Что же вы, тетя, молчите? Вот здесь, в уголочке. Возьмите ручку...

Яна ўзяла з рук у незнаёмай дзеўчынёхі маленькую-маленькую чырвоненькую ручку і распісалася там, дзе ёй паказвалі пальчыкам. Як укалола сябе яшчэ раз востранькім канцом ручкі ў збалелае за ўсе гады сэрца...

Нешта ўсё гаварылі да яе Царук з Петражыцкім, але яна не чула што.

На загуменні ў калгасны свіран яна не пайшла. Вылезла з кабіны і стала на прытоптаным рудым падарожніку. Хоць забі. Не ідуць ногі.

— Не хадзі, матка. Усё зробім самі. Што, мех забылася? Знойдзем... — Царук гэта гаварыў да яе ці Петражыцкі, яна не магла разабраць. Стаяла, адвярнуўшыся ад свірна, дзе і вядром бразгалі, і стукалі жалезам, і гаварылі наўзавады адзін перад адным, смеючыся і лаючыся, і глядзела праз ранішнюю смугу ў неба, дзе бегла насустрач хмарам сонца і не магло прабіцца праз іх... Недзе там, у самым канцы Хадакоў, даставаў аж да яго, да сонца, высокі новы драўляны геадэзічны маяк. На самым яго вострым версе сядзеў груган, чорны, цяжкі. Пакуль яна глядзела, ён зляцеў некуды ўніз і на яго месца адразу сеў другі...

На загуменні ля свірна на зрудзелым падарожніку ля самых яе ног ляжала вялікая, чырвоная, з вострым шчарбатым грэбнем куча ўгнаення — прывезлі яго і сссыпалі летась увосень. Пад дождж. Чырвоная куча з вострым верхам узялася ў камень...

Яна стаяла і стукала аб кучу — аб чырвоны камень — абцасам гумовага бота, аж пакуль не загаварыў да яе Петражыцкі, несучы на плячы, нагнуўшы набок галаву, белы вузкаваты новы поўны і цяжкі мех:

— Самае лепшае, суседка, адборнае. З-пад камбайна. Насенны фонд... І мяшок калгасны. Вернеш мне. Хаця можаш і не варочаць, расчытаемся... — ён і тут набіваў сабе цану: закідваў наперад. — Я астаюся, мне пільна трэба старшыня. А калі ён будзе... Залазь у кабіну на маё месца. І — кляпі касу. Заўтра падыду і адкіну цэлага паўгектара...

Мяшок з жытам мужчыны ўскінулі ў кузаў і прытулілі стаймя ў куточку ля самай кабіны.

У кабіну яна не села, хоць яе прасіў і Царук. Сказала, што не любіць смуроду...

— Ну і баба... — крычаў здалёку, ідучы ў канцылярыю, Петражыцкі. — Ці ты, Сяльвестрыха, занадта разумная, ці зусім дурная... А касу, баба, кляпі...