Выбрать главу

Шарх... Бліскучая васьміручка зразае адным махам і шэрыя шынялі, і шэрыя галовы ў гадзюк. Пакрышаны касой бабок сыплецца на балота белымі пасечанымі качарыжкамі...

А бабок расце і расце. Адзін перад вачыма — адны гадзюкі падымаюць і падымаюць шэранькія галоўкі. Лезуць і лезуць з балота...

За пагранічнікамі — вылазяць уласаўцы, у нашай ваеннай форме. Свае ж, нашы... Зганяюць у вайну ў вёсцы ўсіх да Ганулькі — збіраюцца паліць людзей...

Шарх... Каса рэжа і накрывае іх мохам у пакосе...

Пасля куп'я яна зноў выбілася на шырокае і роўнае месца з адным бабком. Галовак было не злічыць, і яны лезлі і лезлі ўперадзе з балота, з вады, — як гадзюкі галовамі, споўзшыся адусюль: і зблізку, і здалёку. Асушаюць кругом балоты — яны і паўзуць сюды, месца знайшоўшы...

Шарх... Толькі б удзяржаць у руках касу, не выпусціць. І яна з усёй сілы сціснула пальцамі палец на касільне...

Краталіся і краталіся ўперадзе галоўкі гадзюк. Цяпер ужо як петражыцкія... Адзін, другі, трэці, чацёрты... Аскелкі чалавека...

Пасля яны ўсе перамяшаліся: і галоўкі бабка, і галовы гадзюк, і пагранічнікі, і ўласаўцы, і петражыцкія...

«Столькі гадаўя на зямлі... Як ты іх усіх перарэжаш...»

Але зноў павяло ўлева галаву. Доўга і нізка. За касой. Кальнула ў грудзях. Горла сціснула сухая сіпка — не дыхнуць...

Падаючы, яна яшчэ ўбачыла, як зразае касой, шырокай, бліскучай, вострай, падсохлыя галоўкі шэрага бабка...

* * *

Яе знайшла Волька — дачка. Не застаўшы вечарам дома і не ўбачыўшы касы ў свіронку, яна пабегла на Зурэчча. Падняла, як магла, з пакосу і прывяла дамоў. У адной руцэ трымала касу, другой узяла пад паху яе, Александрыну.

Праз кладку ў аселіцу не пайшлі, пабаяліся. Пайшлі праз раку.

Вада ў рацэ вечарам была ўжо халодная як лёд, — чулася ранняя восень.

* * *

Праз дзень па тэлеграме прыехаў з Маладэчына сын Аркадзя. Царук з машынай быў заняты, і Аркадзя, узяўшы ў Петражыцкага каня, прывёз з Крайска доктара — маладога яшчэ зусім хлопца.

Хлопец доўга слухаў Александрыну, маўчаў і ўжо на вуліцы сказаў Аркадзю:

— Нічога такога. Ператамленне. Гады-ы... Патрэбен рэжым. І за сэрцам трэба глядзець. Рэцэпты я выпісаў...

Александрына ўстала з ложка адразу, як толькі доктар выйшаў з хаты: пабег на дарогу, падвязуць назад МАЗы.

Пастаяла на двары, ужо не дзержачыся, як учора, за вушак і за частакол, і пайшла ў гародчык, згледзеўшы ў аселіцы ля ракі дзяцей: Аркадзю і Вольку — стаяць блізенька адно ля аднаго.

«Што яны там робяць, дзеці? Плачуць па мне? Я ж не вечная... А што вечнае? Вот без вас, дзеці, нішто на зямлі не вечнае...» — падумала яна і пайшла да іх.

Аркадзя здалёку здаўся як Сяльвестра...

— Глядзі на яе... Заўтра зноў касіць пойдзе. Касец... Гавару ёй: я сама скашу, дык не-е... — хацела на яе накрычаць Волька. Але Аркадзя засмяяўся:

— Яна ў нас такая...

Яна стала ля іх і глядзела на поле і на дарогу пад Сушкава, дзе бразгалі прычэпамі МАЗы.

З дарогі, з гары ад могілак, на вёску гнала пыл...

1998

Пагоня

Усяму жывому на зямлі

1

Жоўты бераг ля Віліі не кожнуго зіму заносіла снегам. Бывалі зімы, што ён так і стаяў голы — высокі, стромы, светлы ад жоўтага пяску, які толькі змярзаўся, беручыся грудай і пакрываўся белым, аж сінім інеем. Але і сіні іней, і пляйстры рэдкага белага снегу змятаў, як гальніком, шалёны халодны вецер з-за Віліі, заходзячы з поўначы, з Жызнавы, і бераг стаяў голы і быў відаць аж здалёку.

Яго падмывала тут, на павароце, Вілія, гонячы крутую чорную ваду і не замярзаючы нават зімой у вялікія маразы; задмывала кожную вясну і летам у паводкі, аж пакуль сёлетняй вясной зусім не падмыла карэнне ў старасвецкай сасны, што стаяла ў яго на краі, тоўстай, у два абхваты, рагатай, жоўтай і смалістай, якой канчаліся Ліпнікі — сасновы векавечны лес, які, ахінаючы вёскі, ішоў адгэтуль, ад Віліі, здавалася, на край свету.

Упаўшы з берага верхам у ваду, сасна сваімі двума дзідаватымі раламі ўтварыла пад сабой адумыслую пячору, нязвыклую для вока.

Летась снегу на Жоўтым беразе не было ўсю зіму. А сёлета зіма пачалася ранняя, калючая; маразы як узяліся позняй восенню, так і пяклі, не адпускаючы, і адразу з маразамі пайшоў снег сухі, сыпучы, густы. Яго гнала і гнала і днём і ўначы паўночным ветрам на Вілію і на Ліпнікі, заносячы ўсё на свеце. У кароткія адлігі снег злягаўся, пасля адразу хапалі маразы, і яго зноў гнала з-за Віліі, з поля ад Жызнавы.