Пячору пад злеглай сасной зверху засыпала снегам, зраўняўшы з зямлёй.
Адзінец — немалады ўжо, шасцігадовы лось, падагнуўшы пярэднія ногі, увесь змакрэлы і аблеплены ледзяшамі, ссунуўся з Жоўтага берага на каленях каля самай пячоры да пролабкі ля берага ў Віліі і, апусціўшы гарачую пысу ў чорную ледзяную ваду, стаў смактаць, задыхаючыся, сапучы і раз за разам паварочваючы галаву з цяжкімі прыледзянелымі рагамі назад, у бок Ямскага.
Недзе там, адстаўшы ад яго, засталіся ваўкі. Гайня... Падавалі толькі здалёку голас, падвываючы. Ён вадзіў іх цэлы дзень кругамі па Ямскім і, адарваўшыся ля Пагурка, прыйшоў у Ліпнікі, на Жоўты бераг да Віліі.
Халодная вада апякла ледзяной гарачынёй і рот, і горла, і ўсё нутро, калола ў зубы і совала нечым вострым аж у галаву пад цяжкія рогі — ніяк сёлета іх не скіне, — і ён чуў, што ад вады слабее, раптоўна, у якую долю часу. Выматаны за дзень — зрушылі яго тры ўзвярэжаныя ад голаду ваўкі ў маладым сосніку пад Ямскім усходам сонца, дзе ён ціха гломзаў мерзлыя калючыя і крохкія сасновыя вяршкі з пупышкамі, якія востра пахлі смалой і вясною, і, не даўшы нават спыніцца на крок, каб перавесці дух, гналі і гналі, насядаючы, па Ямскім лесе. Ён круціў іх па балоце і старасвецкім ельніку, выбег, каб адарвацца аж на поле да вёскі, пад Леснікі, але і яны — трое — выбеглі за ім... Ён тады рвануў праз голы малады бярэзнік і праз дарогу, каб звярнуць у Ліпнікі — старасвецкі сасновы лес, што пасля Ямскага цягнуўся ўдоўж Віліі. Трое натапыраных ваўкоў, — ён добра іх разгледзеў: два старыя, вопытныя, трэці меншы, малады яшчэ — пераярак — аставаўся ўсё ззаду ў іх, — кінуліся за ім, следам і па полі, і па бярэзніку і не адпускалі аж да Каралінскай пасекі, пакуль добра не звечарэла. На Каралінскай пасецы дарогу ім усім перагарадзілі леспрамгасаўскія машыны, гружоныя дрэвам — аж дзве. Цямнелася, і яны ішлі з уключанымі фарамі, рассякаючы марозную туманную цемень вострым калючым агнём. Ён, Адзінец, смела скочыў паміж машын праз дарогу, а ваўкі спалохаліся і адсталі.
Ён бег і бег у Ліпнікі да Віліі, пачуўшы, што адарваўся, што за ім ніхто ззаду не хакае і не перагыркваецца, што ззаду ціха. Уратавалі на гэты раз машыны і людзі...
Галодны цэлы дзень і саслабелы, ён цяпер, пасля вады з Віліі, зусім саслаб і не мог падняцца з калень. Апёршыся на іх, ён круціўся і круціўся на адным месцы, перабіраючы заднімі нагамі, пакуль не апёрся ў халоднай вадзе сваім гарбатым носам аб ільдзіну і не адштурхнуўся, выпрастаўшы пярэднія ногі, засопшы і напусціўшы пад сябе белай пары з ноздраў. Жменька пары пасля яго так і павісла з краю над Віліёй, як палоска туману.
Пярэднія ногі цяпер дрыжэлі ў каленях і не хацелі яго трымаць — падкошваліся. Не трэба было піць; пасля вады ён кожны раз слабеў, але, калі быў галодны, яму страшэнна хацелася піць і ён усягды прыпадаў да крыніцы, да ракі, да лужыны ў балоце...
У рацэ проці яго трэснуў лёд і зашваргатала на павароце вада...
Ён аж страпянуўся ўвесь, атросшыся ад вады і ледзяшоў, што віселі на ім, павярнуўся носам на ўсход у бок Ямскага, адкуль прыбег, стаяў, натапырыўшы свае вялікія вушы, і слухаў. Адарвацца ад пагоні ён адарваўся, але добра ведаў, што ваўкі так лёгка яго не пакінуць.
Сцямнелася, і ў чыстым чорна-сінім небе загарэліся ядраныя начныя зоркі — ён згледзеў іх спачатку ля берага ў вадзе, дзе нядаўна піў, тады далёка ў небе на другім баку Віліі — за Жызнавой.
Над Ямскім, адкуль ён прыбег, узышла круглая чырвоная поўня, нейкая ўся ціхая, як мёртвая, і замглёная сінім сяйвом.
Не шваргатала, змоўкла на якую хвіліну рака і ўсюль на зямлі зрабілася ціха: ні гуку, ні скрыпу, ні трэску, толькі, калі добра павесці вушамі, можна было пачуць, як далёка за лесам, дзе ўзышла поўня, гудзелі машыны.
Поўня паменшала, пабялела, зрабілася ядранай і засвяціла, як удзень сонца. Паціснуў мароз, з ноздраў густа пайшла пара — клубкамі, мокрую спіну сцяло холадам. На рацэ пачаў страляць лёд; стрэлы пачуліся і высака на беразе ў лесе — на дрэвах лопалася кара. Такога марозу не было ўжо шмат зім...
Супакоіўшыся, ён успомніў і пазнаў гэта месца. І пячору пад вывараццю... Доўга яшчэ стаяў і слухаў, круцячыся на месцы і натапырваючыся ва ўсе бакі, тады адчуў, што яго зусім агарнула слабасць і морыць сон. Ён прайшоў берагам уперад і спыніўся ля самай пячоры. Снегу ў ёй не было, на дне цямнелася голая зямля, і адтуль пахла пяском і мохам. Ён помніў сюды ход і адразу, нават не нагнуўшы галавы, зайшоў усярэдзіну, схаваўшыся ўвесь. Крануў толькі рагамі ў гары дзіду — з рагоў упала пад ногі свежая сасновая галінка. Ён прынёс яе з сабой, яна зачапілася недзе ў лесе ў сосніку, калі ён бег. Пачуў, што хочацца есці. Падняў губамі абынелую галінку са змерзлага зверху жоўтага пяску... Галінка хруснула ў зубах, і ён адразу крутнуўся на нагах і павярнуўся галавой да выхаду. Пад нагамі перамяшаўся з рэдкім снегам прамёрзлы жоўты сухі пясок.