Ён доўга яшчэ таптаўся па грудаватым пяску, тады пайшоў да самага выхаду, выставіўшы з-пад снежнага брыля, што ляжаў на вывараці тоўстым пластом, рогі і, натапырыўшы вушы, замёр на месцы...
Доўга стаяў і слухаў.
Ад поўні ўсё наўкола: і лес, і Вілія, і далёкае поле за ёй сталі сінія, пасля сінеча згусцела, заіскрылася ў вачах у розныя колеры і зрабілася зялёнай.
Ад зялёных іскраў ён заплюшчыў вочы...
І тады ўсё наўкола зрабілася зялёным... Летнім...
Лес высака, на беразе, лазнякі, якія цягнуліся ўдоўж Віліі, пятляючы разам з ёй па лузе, і луг — шырокі, разлёгся за Віліёй аж да Жызнавы... Поўня стала чырвоная-чырвоная і адбілася ў Віліі ля лазнякоў ранішнім крывавым сонцам... Над Віліёй павіс вузенькімі палоскамі цёплы летні туманок — было відаць нават, як ён кратаецца, паўзучы ў ніцыя, яшчэ сонныя пасля начы ціхія лазнякі. Зашваргатала на павароце рака і аціхла. З-пад вузенькай палоскі туману на сярэдзіну яе выплылі дзікія качкі — вывадак: старая шэрая натапыраная качка і жменька маленькіх цёмна-жоўтых рухавых камячкоў.
Ён, бывалы ўжо, вопытны лось, прывёў у тую зялёную летнюю раніцу да Віліі на вадапой сваю ласіху з маленькім ласяняткам-самачкай, чырвоным, як сонца на ўсходзе, — толькі яшчэ, паявіўшыся на свет, стала бегаць круга маці-ласіхі, баючыся адскочыць воддаль.
Сюды з Ліпнікаў на вадапой яны хадзілі часта — кожны раз, калі былі дзе блізка адгэтуль.
Ён прывёў іх на стромы бераг, стаў на самым краі за сасной і глядзеў на раку, на лозы, на сонца...
Сонца толькі ўзышло, было чырвонае, і неба чырвонае, і туман над Віліёй і лозы чырвоныя. І сама ласіха і малое ля яе былі чырвоныя, і сышлі яны з высокага берага ў чырвоны туман... Нават машка і камары над імі былі чырвоныя...
Далёка бачыць ён, як і ўсе ласі, не мог, але шорах, шум галін, трэск сухога сучча ў лесе, голас жаўны ці, не дай бог, крокі чалавека ці ваўка ён чуў здалёку — за якую паўвярсту.
Гэтай раніцай вуха лавіла ўсё, як заўсёды. На душы было трывожна, але на рацэ пад сіняй палоскай туману плавала дзікая качка з малымі качанятамі...
Значыць, на Жоўтым беразе ціха...
Ён стаяў на беразе, як стаіць вартавы, сцеражучы сваё самае дарагое, што меў... Ласіха падштурхнула пысай малое — яно ссунулася па пяску з берага ўніз — і, падымаючы высокія зграбныя ногі, пайшла, нагнуўшыся над ім, да Віліі.
Ля ракі ласіха стала на калені, маленькае ласянятка рабіла ўсё, што і яна, і яны абое, нагнуўшы галовы, зафорскалі, п'ючы ваду. Якраз проці качак.
Старая качка раптам павярнула ад іх і павяла свой вывадак — жоўтую жменьку — пад чырвоную палоску туману ў зялёны вербалоз...
І тады з таго берага, дзе схавалася дзікая качка з вывадкам, трэснуў стрэл.
Адзін, і адразу за ім другі...
У ласіхі ўздрыгнулі, падскочыўшы, заднія ногі; яна падняла яшчэ ўгару галаву і павярнула назад, як усё роўна хацела паглядзець яму ў вочы: куды ты прывёў — і адразу ткнулася ёй у раку, схаваўшы пад ваду і падняўшы пырскі. Сама цяжка, як нехаця, лягла на мокры жвір ля берага.
Малое ляжала ля яе на бачку і дробненька перабірала ножкамі — хацела яшчэ ўстаць. Даставала галоўкай яе пляча, як усягды, калі яны клаліся ўсе трое спаць у густой траве ці ў верасе — маленькае пасярод. Ноччу яно варочала галоўкай — то яму на плячо, то ёй, мацеры... Пасля яно супакоілася — падсунуўшыся, паклала галоўку мацеры пад вымя і больш не краталася.
Страляў чалавек вопытны — не хацеў пакідаць малое адно: пашкадаваў — загіне ці зарэжуць ваўкі.
Ён, бывалы, вопытны лось, застыў на месцы і доўга яшчэ стаяў нерухома, гледзячы зверху ўніз на бераг — на ласіху і цялятка, — ніяк не могучы зразумець, што зрабілася... Пасля ўлавіў носам пах дыму ад пораху, праціўны і едкі, і ўспомніў, што пачуў жа, як трэснулі стрэлы, і яго адразу абдало ўсяго холадам — сухім і гарачым. Ён крутнуўся на месцы і, задзёршы галаву, — паклаў на шыю рогі, — рвануў з месца з такой сілай, што з-пад ног паляцеў яму далёка наперад пасечаны капытамі верас і мох...
Ён бег напралом праз малады сасоннік туды, адкуль яны сёння ўсе трое прыйшлі да Віліі — бег на Каралінскую пасеку, думаючы, што там, адкуль яны прыйшлі, знойдзе іх, каго пакінуў ляжаць на беразе Віліі. Яны там — трэба толькі бегчы і бегчы...
І ён бегаў па лесе і па пасецы, секучы капытамі сівец, іван-чай, бруснічнік і верас. Бегаў цэлы дзень, бегаў круг за кругам, пакуль сам ля балота не ўпаў ад знямогі на зямлю і не ўткнуўся гарбатым носам у халодны мокры мох...