І назаўтра, і пасля ўсё лета ён калясіў па Ліпніках і па Каралінскай пасецы, шукаючы ласіху з цялём, выходзіў на Жоўты бераг, стаяў, не баючыся, на тым месцы, дзе пачуў два стрэлы, і глядзеў з гары на ціхую шырокую бліскучую Вілію.
У затоках ля яе ўсягды плавалі дзікія качкі і хадзілі берагам даўганосыя бацяны, воддаль іх на лузе рыкала рассыпаная чарнабурая і перапялёстая скаціна. І каровы і цяляты. Ён падыходзіў блізка да іх.
Кончылася трывожнае лета, пачаўся верасень, зажаўцела бярозамі Каралінская пасека, зацягнулася павуцінай, зацерушылася буйным пухам іван-чаю, засінела ад пераспелых дурніц на высокім куп'і ля балота і запахла ўсё наўкола багуном. Ад яго аж зрывала нос і кружылася галава.
Па ўсіх Ліпніках зарыкалі ласі — пачаўся гон. На Каралінскай пасецы пад жоўтымі бярозамі загрукалі капыты, топчучы іван-чай і перамешваючы яго з сівой зямлёй; затрашчалі рогі, падаючы адломанымі кавалкамі на ўзараную капытамі, як плугамі, зямлю, і заскрыпеў, гнучыся і валячыся на зямлю абломаны малады бярэзнік пад гарачыя, страшныя ў сваёй сіле ногі захмялелых і ненатоленых самцоў.
Прырода брала сваё, і ён рынуўся ў бой за самку, што ціха стаяла воддаль на голай пасецы пасярод старых пнёў і іван-чаю. Яна была падобна на ласіху, што засталася ляжаць з цялём ля Віліі...
ЁН Хацеў пачаць усё спачатку.
Яго атакавалі аж два маладзейшыя самцы і, падняўшы на рогі, скінулі ў балотца ў канцы пасекі — у багуннік і дурнічнік. ЁН чмякнуўся ў мох і твань...
І на другі год ён хацеў пачаць усё спачатку. Але яму на Каралінскай пасецы маладзейшыя толькі адламалі кавалак рога...
На трэці год гон збіраўся аж у Ямскім, далёка ад Ліпнікаў — цэлы месяц там рыкалі ласі кожны дзень, падаючы зазыўны голас. Але ён ужо туды не пайшоў, астаўся ў Ліпніках, дзе паявіўся на свет, дзе гэтулькі жыў і дзе ў яго была аднойчы і ласіха і малое.
І ён астаўся адзін. Адзінцом...
...Пачуліся раптам два стрэлы — адзін і за ім адразу другі, моцныя, густыя. Блізка, недзе над самай галавой. Ён, уздрыгнуўшы, — затрашчала сцятая лёдам, як яловай карыной, скура на карку і на спіне, аж пад ногі пасыпаліся друзалкі лёду, — нагнуўся ўперад, намерыўшыся рвануць з месца з-пад снежнай навіссі на волю — на ядраны калючы начны мароз. Але вуха, злавіўшы стрэлы, адразу адрозніла іх ад тых, якія ён чуў тады на беразе, і ён астаўся на месцы, толькі адплюшчыў шырака вочы.
За гэты час, пакуль ён, суцішыўшыся і аддыхаўшыся пасля пагоні, прымгнуў быў вочы, задрамаўшы на які кароткі міг, паднялася вышэй поўня, свяціла з-за ракі з поля, збіраючыся схавацца за вяршаліны цёмных сосен, і снег наўкола зрабіўся шэры і бліскучы, як усё роўна закамянеў.
Поўя глядзела здалёку-здалёку, з цёмна-сіняга халоднага прастору, якраз яму ў вочы; збоку на пясчанай сцяне пячоры ляжаў ядраны калючы сіні іней...
І праз які міг там, дзе поўня ўжо зачапілася за цёмны край сасновага лесу, якраз пад ёй завылі ваўкі — падалі яркі прастуджаны голас. Нема і злосна.
А ён думаў, што адарваўся ад іх — хоць на ноч...
Ваўкі не адсталі.
Цяпер ён страпянуўся ўвесь; ногі самі пачалі біць пад сабой сухі грудаваты жоўты пясок, перамешваючы яго са снегам і друзалкамі лёду, што насыпаліся са скуры з бакоў.
Ён ніколі не палохаўся воўчых галасоў, ніколі ў яго ад іх не стыла кроў у жылах.
Ён адразу закіпеў увесь, рвануўшы з пячоры, закруціўся па беразе, задзёршы высака галаву і раздзімаючы ноздры.
Ваўкі былі блізка: у чыстым ядраным сухім начным лясным паветры ён пачуў рэдзенькую тухлую псіну — злавіў носам.
Ён напяўся, каб падняцца з берага на горку, туды, адкуль нядаўна прыбег, але, адразу паслізнуўшыся, споўз назад і рвануў берагам з месца з усёй сілы: выйдзе ля ракі на заснежаны луг, там, у канцы яго, дзе рака паварочвае да лесу, заверне ў Ліпнікі — адхоністы бераг лесу там канчаецца: балота.
Павярнуўшы галаву назад, ён убачыў, як яго даганяе поўня — бяжыць услед угары за цёмнымі вярхамі сосен, — і зноў пачуў воўчыя галасы: высокі прарэзлівы, нізкі-нізкі хрыплы ад прастуды і дзяркаценькі з пярэбрахам — зусім малады.
На лузе ногі правальваліся ў снег аж па бруха.
2
Мурлахапая бегла першая — яна была ўжо трохгадовая вопытная ваўчыца. Калі яны ўсе трое: Мурлахапы — пяцігадовы воўк, важак, яна — Мурлахапая і іхні першынец, гадавалы ваўчок-пераярок Мурлахапенькі, спыніўшыся перад дарогай, па якой ішлі гружоныя дрэвам машыны з запаленымі агнямі, згубілі лася, Мурлахапая, звярэючы, не знаходзіла сабе месца. А машыны, ракочучы маторамі, скрыпучы дрэвам і бразгаючы жалезнымі ланцугамі, як назло, былі спыніліся на дарозе якраз перад імі, і ім; усім траім: Мурлахапаму, Мурлахапай і Мурлахапенькаму давялося залегчы ў снег ля дарогі — ткнуцца ў старыя пад'ялеўцавыя кусты. Перабягаць дарогу пры машынах яны збаяліся.