Выбрать главу

Трэск на гары раптам сціх, бы хто адагнаў яго за ячмень на грэблю. Стракатала цяпер ля маста, усё роўна як ехалі там на парожніх калёсах на жалезным ходзе.

Ля могілак радзеў пыл, падымаўся ўгару і, закрываючы сонца, поўз хмарай на Сушкава. На саміх могілках сталі відаць чорныя дрэвы; могілкі былі што вялікая, абгарэлая на пажары хата. Успомнілася, як перад самай вайной гарэла іхняя вёска, той канец, дзе жыве Алёша. Гарэла ўсю ноч, і калі раніцай Таня ўцякла з хаты паглядзець на пажар — яе не пускала маці, — агню, што бушаваў ноччу, перакінуўшыся аж на загуменне, на пуні, не было. Падымаўся толькі з зямлі белы дым, як пара, засцілаючы і вуліцу і гароды, і праз яго была відаць чорная абгарэлая Алёшава хата. Далей Алёшавай хаты Таня не пайшла: праціўна пахла гарам ад гарэлай бульбы... Пахла яшчэ смаллю — блажыла тады і трэба было затыкаць нос. Казалі, што згарэла ў хлеўчыку Сяргеішына карова — не далі рады выгнаць уначы на двор, — і ўсе хадзілі глядзець на яе. Таня не пайшла: трэба было лезці ў самы гар...

— Паганяйце!.. Што гніды прыціснулі?.. — крычыць аднекуль Боганчык.

Таня бачыць Боганчыка. Ён, седзячы на мяхах, паганяе свайго сівога ў яблыкі жарабка, падцялежыўся, верне з дарогі на абмежак: там дзірван, цвёрда...

Кабыла звярнула за Панковым возам сама; сышла з дарогі ў ячмень Наста і чакала Буланчыка.

— Паганяй! Наста... — крычыць зноў здалёку Боганчык. Таня бачыць, як Наста ззаду папраўляе на Буланчыку хамут. Тады памалу ўзлазіць на калёсы на мяхі: змарылася... Цяпер яны паедуць, калі так крычыць Боганчык і ўзлезла на калёсы Наста.

— Паганяйце!.. Не валаводзьцеся... — ужо і яшчэ нехта крычаў уперадзе, памагаў Боганчыку.

Пасля Таня ўбачыла, як дарогай ад Сушкава пёрся матацыкл, такі ж малы і з каляскай, што і пярэднія. Мінуў, аб'ехаўшы ячменем, Боганчыка, які стаў пасярод дарогі, і сыпануў з-пад сябе жарствы Тані аж на воз. Тарганулася ў аглобнях кабыла, выцягнула ўперад галаву і схавала пад грывай вушы...

— Што стаіш?.. У штаны напусціў?.. — крычаў наперадзе на Боганчыка Махорка. Таня тузанула за лейцы, каб дагнаць Панка. Матацыкл быў шмыгнуў з дарогі ў ячмень ля самага Насцінага воза, падскочыў на загоне і кратаўся зноў у іх наперадзе. Здавалася, ён і не мінаў падвод.

Абагнаўшы Боганчыка, матацыкл стаў недалёка ад яго — наперадзе. Пасля, памалу пад'язджаючы, як сунучыся ўсё роўна, перагарадзіў яму дарогу. Заірзаў Боганчыкаў жарабок, відаць, падцяты цуглямі. Падводы зноў наехалі адна на адну, спрудзіліся і пасталі.

Таня ўбачыла, як саскочыў з воза, што мячык, Боганчык, як ссунуўся з мяхоў Махорка... Толькі Панок злазіў памалу, трымаючыся за ляжэйку, усё роўна што баяўся выпусціць з рук...

Матацыкл поўз на гару па пяску, як збіты на ляту жук, гонячы перад сабой мужчын. Спыніўся якраз ля яе, Таніных, калёс; сталі, збіўшыся ў кучу, мужчыны. Таня ўбачыла, як махае ёй рукою ззаду Наста, каб яна, Таня, лягла, не паказвалася са сваёй нагой на вочы. Але яе як сагнуў хто ў крук на калёсах. Яна толькі ўціснула галаву ў плечы...

Аж цяпер, калі ля воза ў пяску тросся матацыкл, яна ўбачыла, што ў ім былі два немцы. У таго, што ажаргаў сядло і ўзяў у дзве рукі руль, была высокая фуражка з вузкім белым арлом і бліскучым чорным брылём — сядзела на галаве што вялікая качка, задзёршы ўверх шыю і хвост; на брылі ляжалі белыя, бліскучыя, туга звітыя тоўстыя аборы. З-пад яго глядзелі на падводы прыплюшчаныя вочы. Шчокі ў немца былі бурыя, загарэлі, мусіць, ад сонца; між іх усё роўна як вісеў доўгі, што ў Янука, нос. Таня ўгледзела яшчэ, што ў немца на грудзях нечым поўна набіты дзве кішэні, аж трашчаць; знізу да адной прышпілены крыжык — чорны, а па беражках бліскучы, белы; другі крыжык вісеў ля самай шыі пад гузікам, цьмяны, як павук прыляпіўся ў запечку да сцяны. На руках у немца былі белыя пальчаткі, і ён стрэпаў сябе кончыкамі пальцаў па штанах.

У перадку, у калясцы, дзе сядзеў другі немец, ляжала белая скрыначка, з якой паўзла наверх лента з жоўтымі бліскучымі патронамі. На калясцы спераду тырчаў, што кавалак доўгага жалезнага прута, кулямёт. Таня якраз такі бачыла ў партызан. Толькі скрыначка ў іх была не белая, а цёмная, як каска на галаве ў немца, які сядзеў у калясцы. Такую скрыначку Таня нават брала ў рукі і падымала — пераносіла з парога ў запечак, як мыла падлогу ў Петрусіхі з Вандзяй. Вандзін брат перайшоў з Даўгынава з паліцыі ў партызаны з такім кулямётам і скрыначкай; прынёс яе да Петрусіхі ў хату, калі партызаны прывезлі яго ў вёску разам з маткай і Вандзяй.