Цяпер машыны былі ўжо далёка, зніклі з воч за аблепленымі снегам соснамі, толькі чуваць быў іхні рокат і вісеў над дарогай праціўны смурод ад дыму і бензіну, і яна, Мурлахапая, першая ўскочыла з-за пад'ялеўцавага куста, перабегла дарогу і пачала мітусіцца, нюхаючы снег і паветра, пакуль не набегла ўперадзе між сосен на ласіны след.
Узышла поўня і як усё роўна пасыпала на стары зляжалы снег бялейшага свежага сняжку — і наперадзе добра было відаць. Мурлахапая і бегла цяпер па следзе першая, замяніўшы Мурлахапага — дагэтуль, да дарогі, першы бег ён, — і, калі губляла след, яна круцілася кружка па снезе: лепш за яго, Мурлахапага, чула жывёлу. Збіўшыся са следу, усе трое спыняліся і хуценька вадзілі насамі, ловячы паветра. Яна першая пазнавала пах. Пасля ўжо і Мурлахапы лавіў той пах, але яна была першая. Ён, ведаючы гэта, давяраў усягды ёй, бо часта быў без яе, як без носа.
Мурлахапая бегла памалу, апускаючы галаву на снег і пасля задзіраючы яе высака ўгару, бегла неяк бачком. Так яна пачала бегаць пасля таго, як яе летась паранілі паляўнічыя, стрэліўшы па пярэдніх лапатках. Выжыла, толькі стала бегаць бачком. І часцей хавацца за дрэвы. Стане, прыціснецца да камля, тады высоўвае з-за яго асцярожна галаву.
Але цяпер гналі наперад голад і мароз.
З Жоўтага берага па снезе па ласіных слядах яны ссунуліся, згрудзіўшыся ў кучу адразу ўсе трое — Мурлахапая, Мурлахапы і Мурлахапенькі, той скаціўся бурдой. І ў пячору пад вывараць убеглі кучай усе трое і сталі нюхаць, круцячы галовамі, ласіны дух і сляды. Мурлахапая і тут была жвавейшай і першая, скочыўшы ў кут пячоры, схапіла са снегу — ужо тыдзень, як у яе нічога не было ў жываце — тры змерзлыя друзалкі ласінага калу і глынула іх адразу, не пажваўшы, некуды глыбака, як здалося ёй, не ў сваю сярэдзіну. Пачула толькі, як там, у пустым перахлябістым нутры запякло вострым калючым холадам. Мурлахапы хацеў выхапіць у яе мерзлыя друзалкі з-пад носа, і яны пачалі гырчэць адно на аднаго.
Лось у пячоры толькі што быў — яны чулі гэта па паху. Яны спазніліся і цяпер, дзеручы ад ярасці лапамі перамерзлы сыпучы пясок, што востра пах ласінай мачой, закруціліся па пячоры, забегалі і сунуліся адразу да выхаду, наткнуўшыся на Мурлахапенькага, які, схварэлы і знясілены і бегатнёй і ад голаду, загарадзіў ім выхад. Сціснуўшы з бакоў, яны выпхнулі яго з пячоры на снег.
Зноў сталі на след — знайшлі яго хутка ў глыбокай, раскапанай ласінымі нагамі гурбе. Зноў павяла Мурлахапая. За ёй бег Мурлахапы, адставаў пасля пячоры — не трэба было доўга ў ёй быць — і ў яго апаў азарт і воля, забыўся і на голад, — не мог ніяк перайсці на воўчы галоп, тупаў трушком. Добра, што ад яго не адставаў далёка Мурлахапенькі — ён пачынаў яе, Мурлахапую, трывожыць: слабенькі зусім ад голаду.
Ласіны след вёў па глыбокім, па самыя воўчыя вушы, снезе. Яго сюды, на лог да ракі, нанесла з поля столькі, што трэба было скакаць цераз гурбы. Лось па гурбах азначыў ім дарогу, і яны, пылячы снегам, пусціліся па ёй усё шпарчэй і шпарчэй — уваходзілі ў ранейшы азарт і спрыт. Калі Мурлахапая азіралася, бачыла, як адстае далёка Мурлахапенькі. Знясільвае на вачах. Яна, як толькі выйдуць з глыбокага снегу, пусціць першага па следзе Мурлахапага — памяняецца з ім, — а сама стане ў хвост — падструніць пераярка: бедалага...
Пераярак на белым снезе, пад белай поўняй здаваўся ёй распластаным маленькім чорным ваўчаняткам. Ваўчанятка далела і гублялася з воч.
У канцы логу лось крута павярнуў улева — высокі стромы бераг тут канчаўся і пачынаўся стары сасновы лес. Але на ўзлеску ў дробным сосніку было намецена столькі снегу, што ім і тут усім траім давялося падскокваць угару, уздымаючы пылам сыпучы снег — бегчы толькі галопам. Мурлахапая спынілася першая, закруціўшыся на месцы і падмятаючы хвастом снег: чакала Мурлахапага. Прыйшла яго чарга вясці пагоню. За час, калі зрушылі лася, яны з Мурлахапым мяняліся ў гайні ўжо разы чатыры: па такім снезе марыліся і выматваліся — і яна і ён, Мурлахапы.
Мурлахапы, хакаючы, забег ёй наперад, а яна, прапусціўшы пераярка, стала ў пагоні ззаду: адпачне — пярэдняму па такім снезе сігаць і сігаць не даюць ногі: баляць і цісне ўнутры задышка, аж душыць. А ёй яшчэ пячэ вострым холадам усярэдзіне — у жываце — ад змерзлага на лёд, ласінага каўцюка.