Выбрать главу

Мурлахапы, мінуўшы дробны соснік, пабег наперадзе як след: адпачыў ззаду, згаладалы — больш дзесяці дзён і начэй не было ў роце нічога: ні мышы, ні цецерука, змерзлага пад снегам, ні кавалка вяроўкі з калгаснай канюшні — пабег, пачуўшы блізка лася. Сігаў і сігаў навыцяжку між тоўстых сосен, абсыпаных снегам; на яго з-за дрэў свяціла ядраная поўня, і ён, натапыраны, расцягнуты ў скачку з разяўленай пашчай і нізка апушчаным на снег хвастом, як падмятаў за сабой, здаваўся часам бела-сінім, як магутны і дзікі старасвецкі прывід, тут, у векавечным лесе ля пракаветнай ракі Віліі...

Мурлахапая тады верыла і яму і ягонай сіле; верыла, што яны ўратуюцца ад голаду і не дадуць у глум свайго пераярка.

Яна бегла за ім, падганяючы — штурхала мордай пад хвост, і ёй так было шкода яго — аж шчымела сэрца...

Ён нарадзіўся нягеглы і жыць астаўся таму, што быў нягеглы. Тое лета ў яе, Мурлахапай, у нары пад Ліпнікамі ля імшары пад старой яловай вывараткай паявілася на свет аж чацвёра ваўчанят — тры самачкі і ён, ваўчок. З першага дня ён кволіўся і не лез з нары на волю. Самачкі толькі і поўзалі па імху, па багунніку, грызучы прынесеныя Мурлахапым косці і шыі адна адной. А ён сядзеў у нары, і нават косці яму трэба было заносіць туды. Выцягнеш за шкірку з нары на мох — ён зноў назад у нару. Гэта яго і ўратавала...

Недзе праз месяц, калі яны з Мурлахапым, кінуўшы малых адных, пайшлі ў здабыткі, ля нары каля вывараткі паявіліся людзі: дзве жанчыны. Яны былі з доўгімі палкамі з нечым бліскучым на канцах і вадзілі імі па соснах, шорхаючы і засыпаючы ўсё дробнай карой: і мох, і багун, і ягаднік, і іхнюю нару. Лес запах смалой, аж вырывала ад таго паху нутро.

Тыя дзве жанчыны і забралі траіх самачак — паклалі ў вёдры і паняслі з лесу ў вёску. Яна, Мурлахапая, бачыла гэта на свае вочы — бегала круга іх, жанчын, калі вярнулася да нары, але яны совалі ў яе бок дзвюма рагацінамі з белымі бліскучымі жалезнымі канцамі.

Зямля пасля іх запахла людзьмі, смалой і жалезам...

І забалела воўчая сэрца ў ваўчыцы-маці...

Яна, Мурлахапая, кружачы соснікам, бегала і бегала наўкола жанчын, якія ішлі да вёскі; выбегла аж на поле да гумнаў, — не падбягаючы блізка да тых жанчын, у якіх у руках бразгалі вёдры з яе ваўчанятамі і на плячах ляжалі доўгія палкі з жалезнымі наканечнікамі. Яна бегала і бегала ў той дзень круга вёскі, соваючыся то да хат, то блізка падыходзячы да скаціны, што рассыпалася ля гумнаў па полі, пакуль на яе не сталі цюкаць людзі і не пачалі брахаць сабакі.

Яна яшчэ два дні і дзве начы бегала каля вёскі, тады, вярнуўшыся да логава, знайшла там у нары свайго чацвёртага — ваўчка.

Яны з Мурлахапым забралі яго і сышлі з Ліпнікаў на Пагурак пад Ямскае — далей ад людзей.

...Канчаліся Ліпнікі. Яны беглі цяпер па ласіных слядах якраз там, дзе некалі было логава, адкуль людзі забралі іхніх ваўчанят і паняслі ў вёску.

3

На Пагурак бег і Адзінец. Ён чуў за сабой блізка ваўкоў: яхкалі і скуголілі; чуў яшчэ, што слабее, гэта, мусіць, пасля пячоры: пастаяўшы, не можа доўга ісці ў галоп. Ад дыхавіцы распірае бакі, грукае ў грудзях сэрца, спыняючыся і заміраючы, — тады вядзе ў бакі галава. Хоць бы не вісела над ёй, недзе над самымі рагамі вялікая круглая і ядраная белая поўня... Падскокваючы, ён, здаецца, дастае да яе, — можа зачапіцца і зламаць рогі...

Пад ядранай поўняй снег на зямлі быў аж сіні; з-пад ног ён узлятаў, рассыпаючыся на дробныя бліскучыя іскры.

Калі Адзінец пачуў, што раптам лёгка стала бегчы, што пацвярдзела пад нагамі, — пазнаў, што выбег на Белую дарогу — блізка да вёскі. Па ёй і летам і зімой вялізныя чорныя машыны вазілі дрэва. Часта яны і стаялі тут нават уначы на дарозе сярод лесу і снегу, гудзелі, бразгалі жалезам і стукалі дзверцамі, моцна, як стралялі на ўвесь лес...

Машын на дарозе цяпер не было. І ён злавіў сябе на тым, што выбег на дарогу да вёскі не так сабе, што яго пагнаў страх... Трэба шукаць ратунку ў вёсцы...

У вёску ззаду за ім ваўкі не кінуцца.

Але калі ён, прабегшы па цвёрдай Белай дарозе, звярнуў на поле і выскачыў аж на загуменне — паказаліся цёмныя хаты і запахла з хлявоў скацінай, — спыніўся як укопаны.

У вёску да людзей ён не пабяжыць. У вёску ён ужо быў раз пабег. Тады стаяла позняя восень, яшчэ не было на зямлі снегу і пёк нагалец мароз. І тады яго, маладога яшчэ лася, паднялі ваўкі ў тым жа Ямскім, у пушчы. Раніцай. І ён пабег на поле, на цвёрдую, як капыты, зямлю ад марозу. Падбег па зялёнай заінелай руні да самай вёскі — ваўкі па голым полі за ім не пайшлі, адсталі — і выскачыў на лог да белага бярэзніку, дзе з піламі і тапарамі мітусіліся людзі — рэзалі дрэва. Ён спыніўся ля іх зусім блізка і соп, змарыўшыся і пераводзячы дух.