Выбрать главу

Людзі, іх было трое мужчын, з бліскучымі ад сонца тапарамі ў руках акружылі яго і сталі раптам ціснуць да ракі: на лёд, куды ж яшчэ... Зганялі з логу на той самы лёд, якога ён цярпець не мог, на якім ён ніколі не мог стаяць: распаўзаліся, слізгаючы, ногі пад ягоным цяжкім целам. На лёдзе ён заўсёды падаў.

Ён здагадаўся адразу, што значыць для яго лёд пад нагамі на рацэ і тапары ў руках у людзей. Але, змораны і задыханы, несамахоць даў сябе сагнаць з логу, з высокага берага на чысты-чысты лёд у рацэ — на ім нават адбівалася сонца і сцёбала па вачах, — а там, паслізнуўшыся з берага, праехаў на капытах да сярэдзіны шырокай гэтым месцам ракі і грукнуўся з усяго маху грудзьмі аб лёд. Праламаў яго — лёд, відаць, быў падмыты крыніцай, — і, цвёрда стаўшы на дне на ногі, выскачыў на бераг на другім баку ракі і рвануў у голы альшэўнік і разгаты лазняк, пераплецены сухім хмелем, як вяроўкамі. Ён бег і рваў іх на кавалкі мокрымі пасля ракі грудзьмі. Доўга тады вісеў у яго на рагах сухі хмель, акруціўшыся ля іх, як аборы...

У вёсцы цяпер брахалі сабакі. У вёску ён, Адзінец, не пабег. Звярнуў на загуменні па цвёрдай уезджанай дарозе ўздоўж пунь. Выбег да доўгіх, чорных на снезе, хлявоў — да калгаснай фермы. У кароўніку — ён пазнаў па паху скаціны — загрукалі рагамі ў сцяну каровы; у далейшым будынку — пад лес — заірзаў конь: яго, лася, пачула жывёла, а можа, чула здалёку ваўкоў...

За фермай ён сігануў цераз вясковую дарогу і рвануў на поле, пад бярэзнік — бег на Пагурак, пад Ямскае. Тут ён ведаў добра ўсе хады і выхады. За Пагуркам — Ямскае, там... Не падвялі б толькі ногі.

Але клікала яго цяпер не воля, а бяда.

З поля, з гары, быў здзёрты ветрам снег, і беглася лёгка пасля гурбаў у лесе. Каб толькі не ціснула зверху на галаву поўня... Як усё роўна яна ляжыць на самых рагах і галава ад яе робіцца цяжкая-цяжкая... Чуць нясеш...

Яму на якую хвіліну здалося, што пагоні больш няма, што ваўкі адарваліся ад яго, не пайшлі да вёскі. Але на горцы за дарогай ён убачыў, што яны не адсталі. Бягуць за ім і зусім блізка. Усе трое. І яны пайшлі праз ферму. Па яго следзе.

Суха і горка зрабілася ў роце. Нагінаючы галаву, ён на бягу пачаў абвіслымі ўздутымі губамі хапаць з-пад ног халодны снег.

Пагурак — выспа між вёсак, балот і дзвюх рэчак. Ён паволі падымаецца з поля за вёскай і ідзе пад Ямскае, канчаючыся там спадзістым адхілам, парослым бярэзнікам, альшэўнікам, сасняком і рабінамі, як адумысла для ласёў: падыходзь і жуй. За ім Ямскае — пушча з балотамі і лагамі ля лукатак ракі. З Ямскага можна пайсці на Палік — аж на край зямлі.

Адзінец любіў Пагурак асабліва ўвосень, калі цвіў сіні верас і пад ім густа вылазілі з зямлі падасінавікі і баравікі — не ступіць — нагінайся толькі і лаві губамі; калі пачыналі чырванець на ім тры старыя высокія — аж у неба — асіны; калі яны, дрыжачы лісцем, шапталі на вуха сваю ціхую журботу, ад якой павявала сном, лагодай і няскончанасцю свету і жыцця...

Пазней, калі толькі яшчэ пачыналіся першыя лёгкія маразы, — чырванелі рабіны — адны ягады, каб дзе лісцінка на іх; жаўцелі, асыпаючы лісце, бярозы; сееўся, адцвіўшы, іван-чай і плыла ў паветры павуціна, блішчэўшы ніцямі на сонцы і густа чапляючыся за рогі, за нос, лезла ў ноздры — толькі храпі і форскай, не дыхнуць...

На Пагурак ён любіў хадзіць са сваёй ласіхай да таго, як у іх паявілася на свет сваё першае і апошняе цялятка. Яны стаялі пад асінамі, цёрлі адно аднаму галовамі шыі і плечы, пасля самі цёрліся бакамі аб старасвецкія камляватыя шэрыя, аблепленыя зялёным мохам асіны.

У іх былі два звабныя месцы ў гэтым баку: Пагурак пад Ямскім і Жоўты бераг за Ліпнікамі ля Віліі...

...На Пагурку цяпер было па калена снегу, як і ў Ліпніках, адкуль ён прыбег.

На Пагурку недалёка ад старых голых і разгатых асін ён і пачуў, як завылі ззаду ваўкі. Нават пераярак падаў свой тоненькі галасок.

Пасля адразу ваўкі завылі і спераду, моцна, голасна, настырна. І з бакоў — з гаўканнем і гыркам. Ён здагадаўся, што абложаны...

Ваўкі, відаць, даўно сачылі за ім, ведалі ўсе яго хады, а сёння трое пайшло ў пагоню, астатнія абклалі яго на Пагурку — чакалі, што ён прыбяжыць сюды: ляглі ў засаду.

Ён абабег каля трох асін. Трэба, адбіўшыся ад прышлых, тых, што ў засадзе, рвануць з Пагурка ўніз на балота, а там, на роўным, адарвацца ад іх... Прышлых ён не баяўся...

Траіх ваўкоў, што ішлі за ім пагоняй, ён убачыў адразу ўсіх. Яны мітусіліся за крокаў дзесяць ад яго і шчэрылі белыя ад снегу і поўні зубы...

Тыя, што за асінамі, прышлыя, яшчэ не чулі яго паху, баяліся блізка падступіцца, а гэтыя, што ганялі цэлы дзень, добра пачулі ягоны пах поту і вантроб, сталі нахабныя, яны самыя небяспечныя і ад іх трэба пазбавіцца. Даць бой...