Выбрать главу

Ён яшчэ раз абабег каля трох асін. І прышлыя ваўкі раптам пасмялелі: вылазілі і вылазілі, як усё роўна адкуль з-пад снегу. Падымалі галовы, стукалі зубамі, мялі хвастамі снег. Збегліся, як з усёй зямлі...

Трое з пагоні ўжо стаялі перад самым яго носам. І поўня з-за асін свяціла якраз на іх, як удзень сонца, і ўсюды было бела і ціха...

Ён тады прыціснуўся задам да самай старой і шырокай асіны — не змогуць рвануць зубамі адтуль, падняў ад зямлі пярэднюю правую нагу і адставіў назад — падрыхтаваўся для ўдару: біў ён нагой напавал, і нагнуў чуць-чуць уніз галаву, выставіўшы ўперад рогі.

Трое ваўкоў краталіся перад ім — ваўчыца і воўк упобачкі і ззаду за імі пераярак. Тады пераярак таўхануў ззаду ваўчыцу, і яна, прыпаўшы жыватом да зямлі, тузанулася ўперад два разы — абдурвала, пасля разагнула раптоўна ногі і скочыла, лучаючы яму пад падбародак, каб учапіцца зубамі ў горла...

Адзінец у які момант апусціў яшчэ ніжэй галаву, падчапіў ваўчыцу ўсю на рогі, страсануў, пачуўшы, што яна цяжкая, і перакінуў, раздзёртую, цераз сябе. Пачуў, як на спіну яму закапала цёплая кроў і разам з ваўчыцай зляцелі ў яго з галавы рогі.

Але ён падняў угару галаву больш, чым трэба было... І не паспеў у час апусціць, каб прыкрыцца — якую долю секунды аднялі ў яго рогі, прытармазіўшы, тыя рогі, якія ратавалі яго не раз, каб якраз цяпер зляцець у яго з галавы, — і яму, падскочыўшы, у горла мёртвай хваткай учапіўся зубамі стары воўк, павіс і цягнуў галаву да зямлі. Адзінец пачуў, як у яго па шыі і па назе пацякла яго, ласіная, гарачая кроў... У вачах адразу не памутнела, ён убачыў яшчэ, як спераду да яго падскочыў пераярак і задраў угару галаву. Адзінец тыцнуў яму пярэдняй нагой пад жывот, і той адляцеў з-пад нагі далёка ўбок і чмякнуўся за пад'ялеўцавы куст у снег. Распластаўся і заціх...

Адзінец замалаціў яшчэ пярэднімі нагамі, перабіраючы імі па чырвоным пад сабой снезе... Але воўк вісеў пад шыяй і яго ні дастаць, ні зняць нагамі не было як...

Горла раптам разануў страшэннай сілы боль. Падкасіліся адразу і заднія і пярэднія ногі. Белы снег у вачах зрабіўся зялёным, наплыло аднекуль здалёку-здалёку лета, калі ад стрэлаў не падняліся з зямлі ля Віліі на Жоўтым беразе ласіха з малым цяляткам...

Ён, слабеючы, апусціўся спачатку пярэднімі нагамі на калені... Пасля раптам пачуў, што падае ўніз з высокага Жоўтага берага. Упаў і лёг ля ракі побач з ласіхай і маленькім цяляткам на зялёную летнюю траву на беразе...

Здалося яшчэ, што высака з гары, з-за чорных старасвецкіх асін яму на галаву ўпала белая-белая цяжкая поўня і прыціснула яе да зямлі...

4

Мурлахапы, увесь ад галавы да хваста абліты ласінай крывёю, пачуў, як яго адразу адштурхнулі ад лася, што ляжаў цяпер на чырвоным снезе. Лася і відаць не было: на тым месцы краталася, здавалася, адна шэра-бурая пачварына: гыркала, стагнала, сапла, адбягала, прыбягала, кідалася, кусала сама сябе. Разяўленыя раты, зубы, вушы, лапы, кіпці, хвасты — усё калыхалася, знікала і паяўлялася зноў.

Запахла кроўю, потам і ласіным калам...

Мурлахапага адштурхнуў ад лася і не падпускаў стары воўк з прышлай чортведама адкуль зграі. Мурлахапы раптам пазнаў яго, таго старога ваўка. Рыжы ўвесь, толькі цераз спіну ад шыі да хваста — добра відаць пры святле поўні — чорная шырокая паласа, як прыкрыты ён чым.

Гарбаты нос, сівыя валасы ля носа і ля вушэй, доўгія, як усё роўна зачасаны назад. Падняў левую пярэднюю лапу — яна ўся ад кіпцюроў да лапаткі была аброслая доўгай-доўгай рыжай шорсткай шчэццю. Шчэць кудлацілася, абвівала нагу, і нага была як усё роўна ў струхнелым кавалку палена. Па вачах, жоўтых, з чырвонымі крывінкамі, па нейкім далёкім-далёкім, але не забытым даўнейшым паху ён пазнаў... свайго...

Тады ў вялікі лясны пажар гарэла Каралінская пасека. Шалёны вецер гнаў агонь ад Віліі ў Ліпнікі — полымя ішло аж верх лесу. Іхняе воўчае логава было на пасецы сярод высокіх сасновых сухіх пнёў, схаванае ад воч іван-чаем і густой лясной мятліцай і пыхнула адразу, як сярнічка. Загарэліся і сухія сасновыя смаляныя пні. Ваўчыца-маці стала хапаць іх, ваўчанят, зубамі і лапамі... Двое ў іх гняздзе тады згарэла, а яго, Мурлахапага, і ягонага брата з чорнай плямай праз усю спіну выхапіла з агню ваўчыца-маці, справілася. Аднаго, пасля другога. Толькі другі абгарэў. Абгарэла пярэдняя лапа, уся... Доўга не зажывала, пасля, калі яна зацягнулася, на ёй пачалі расці шчаціністыя валасы. Раслі густа, круціліся, цягаліся па зямлі і на нагу праціўна было глядзець.