Выбрать главу

Пасля пажару яны згубіліся. І ніколі дагэтуль не сустракаліся. Але цяпер Мурлахапы яго пазнаў. Той глядзеў на яго, Мурлахапага, стоячы нос у нос, тады, падкінуўшы яго галаву ўдарам носа пад шчэлепы, учапіўся ў горла. Адразу, моцна, востра і балюча. Бо горла ў яго, Мурлахапага, было ў ласінай крыві, і сам ён быў у крыві, густой, з замёрзлымі друзалкамі.

Мурлахапы тузануўся, але дарма. Яго ціснулі клыкамі за горла намертва, не адпускаючы.

Што ж ты робіш, ты ж з аднаго гнязда, ад адной маці-ваўчыцы? Ты ж і не сышоў нікуды далёка, як нарадзіўся,так жыў і жывеш недзе тут, у Ліпніках ці Ямскім. Што ж ты рэжаш свайго, не пазнаўшы. Свайго ж...

А да лася ўсё спаўзалася і спаўзалася прышлая зграя... Мурлахапы страпянуўся і сам учарэпіўся клыкамі свайму прышламу брату збоку за шыю.

Яны, счапіўшыся, пакаціліся ў самую зграю...

Мурлахапы пачуў, як у яго гарыць агнём усё цела: спіна, жывот, ногі, але ён не адпускаў сваіх зубоў, раз'ярыўшыся яшчэ больш.

Яны качаліся нядоўга — да падыходу новай зграі. Яшчэ больш галоднай і злоснай, якая, не падступіўшыся яшчэ да лася, накінулася на іх, скрываўленах і распластаных на снезе...

...Загарэлася раптам у іх перад вачыма вялікім пажарам Каралінская пасека, і яны абое, і Мурлахапы і яго брат, задыхнуліся і згарэлі ў агні... Там, здалося, далёка ў маленстве, на пасецы, сярод іван-чаю, рабінкі і смаляных пнёў. Як усё роўна іх і не было на свеце.

5

Яму, Мурлахапенькаму, клюнула ў вока варона. Ён адплюшчыў вочы і глядзеў на яе: стаяла над ім — чорная дзюба і чорная галава, шэрыя плечкі і грудзі. Убачыў яшчэ, што кончылася ноч і пачынала днець.

Варона падумала недзе, што ён нежывы, і дзюбнула другі раз — глыбака, аж забалела яму ў галаве.

Ён тузануўся пасля доўгага непрытомнага сну і пачуў, што ажыў, жыве, толькі прымёрз голымі кішкамі да снегу.

Варона адскочыла, каркнуўшы нема з перапуду, і тады зашумела ўсё наўкола. Са снегу з граем узляталі вароны, што былі заслалі, здалося, увесь Пагурак — сядзелі адна ля адной. Палахлівыя падымаліся з зямлі і, галяшачы, кружыліся над старымі асінамі, смялейшыя пераляталі з месца на самім Пагурку, то агаляючы, то хаваючы з воч чырвоны ад крыві снег.

Гарэла на ўсходзе чырванню раніца; сонца яшчэ не было відаць, толькі воблакі ад яго высака ў небе, цяжкія, чорныя, былі падпалены густа чырвоным скрываўленым агнём. Усходам сонца яшчэ горш пёк мароз. Нізка над зямлёй за камлямі старых асін вісела зблеклая поўня, але яшчэ белая і насцярожаная ад начы. Недзе ў ціхай раніцы далёка загудзелі машыны.

Праз якую хвіліну з-за калючага яловага лесу паказалася сонца. Узышло гарбатае, прыплюснутае, як паявілася на свет маладое ласяня. Засвяціла на высокія асіны, якія абляпілі вароны. Вароны ад сонца парабіліся чырвоныя, як агонь.

Заіскрыўся іней на елках, на чорных вольхах, на двух недалёкіх, абсыпаных снегам стагах на балоце.

І над усім гэтым насілася з крыкам чорнае вараннё.

Мурлахапенькі тузануўся яшчэ раз, каб устаць, але пад жыватом затрашчаў цененька лядок і пачырванеў снег — пайшла кроў. Нагнуўшы галаву, ён пачаў лізаць рану на жываце.

Зверху пасыпаўся іней — дробненькімі сняжынкамі. І снег на зямлі, і іней на дрэвах, і густы туман угары, і лёгенькія хмаркі, што плылі хуценька, як уцякаючы адсюль — усё было белае-белае і падсвечанае чырвоным сонцам. Вароны пачалі трывожна мітусіцца, несціхана галяшачы апускаліся да зямлі; махаючы крыллем, хапалі са снегу ў дзюбы чырвоныя, акрываўленыя друзалкі і падымаліся ў лёт.

Калі ён, Мурлахапенькі, сабраўшы сілы, адарваўся ад зямлі і зірнуў з-за куста на Пагурак пад старыя асіны, убачыў чырвоную ад крыві паласу снегу і чырвоныя, раскіданыя ўсюды косці... Па касцях скакалі вароны, і ў самым куце ля асін краталіся худыя-худыя ваўкі. Трое. Яго ад іх аж страсанула...

Пад'ялеўцавы куст, за якім ён, Мурлахапенькі, цяпер ляжаў, куды яго адкінуў нагой лось, парваўшы яму жывот і выпусціўшы кішкі, быў на самым краі Пагурка — на спадзіне. Унізе быў лог, рака і вольная дарога ў Ямскае.

Ён падумаў, што адужэе і зможа яшчэ падацца туды.

Кульнуўшыся цераз сябе, ён скаціўся з Пагурка па шэрані ўніз на лог, дзе стаялі два прысыпаныя белым снегам стагі.

З гары, з Пагурка, ад трох старых высокіх асін, аблепленых вараннём, у яго бок ужо глядзелі разяўленыя воўчыя морды, прыхопленыя ранішнім белым інеем. На іх ад сонца ляжала чырвонае сяйво.

1999