Выбрать главу

Скрыначка ў немца была пашарпана, і на ёй стаялі нямецкія літары, як і на касцы.

Таня ўбачыла, што немец з каляскі зусім не глядзеў на падводы. На грудзях у яго вісеў маленькі чорны аўтамат — пад ім блішчэла спронжка і белыя гузікі; ззаду на дзязе — аж два зялёныя кацялкі з вечкамі. На доўгай шыі было тоўста накручана бінту. Бінт быў у свежай крыві, яна выступала на ім плямамі. На абедзвюх руках у яго было гэтак жа, як і на шыі, накручана тоўста бінту — краталіся толькі кароценькія кончыкі пальцаў.

Немец у фуражцы з аборамі на брылі саскочыў з матацыкла на дарогу, што з каня, і стаў атрасаць абедзвюма рукамі пыл з фрэнча — у тым месцы, дзе ў яго на шырокай дзязе вісеў маленькі пісталет. Пісталета відаць не было, блішчала толькі на сонцы жоўтая скура. Глядзеў, зыбаючыся, на свае бліскучыя вялікія боты — да іх прыліпаў пясок — і на шырокія штаны-галіфэ, якія надзьмуліся ля калень, растапырыліся і абвіслі на самыя халявы, бы ў калашыны яму, як у торбачкі, насыпалі пяску.

— Что за дурацкій обоз? — загаварыў ён, падняўшы галаву. Голас у яго быў дзяркаты. Таня ўбачыла, як уздрыгнуў Боганчык і закруцілі галовамі мужчыны — глядзелі адзін на аднаго. — Что за дурацкій обоз? — ляпаў ён рукой па жоўтай дзязе, усё страсаючы пыл, і тыцкаў пальцам ледзь не ў грудзі Боганчыку: стаяў зусім блізка ля мужчын. Боганчыка ён, мусіць, угледзеў першага ўперадзе на падводзе, запомніў па барадзе і цяпер выбраў з грумады.

Боганчык маўчаў; хацеў нешта сказаць — у яго дрыжаў падбародак — і не мог.

— Как стоішь, сволочь?.. — Таня ўбачыла, як немец махнуў рукой у белай пальчатцы аднекуль знізу і ўдарыў Боганчыку пад шчэлепы. Убачыла яшчэ, як схапіўся ў дзве рукі за бараду Боганчык і адскочыў назад, да самых яе калёс, упёршыся паясніцай у ляжэйку; як немец пачаў тады шорхаць рукой аб руку — чысціў ад пылу белыя пальчаткі.

Ззаду за ім у калясцы бразнула жалеза. Калі Таня зірнула туды, убачыла, як да іх павярнуўся немец, той, што сядзеў, гледзячы ўсё на дарогу, і наставіў на мужчын аўтамат.

— Кто грамотный? Выйдет... пускай... — сказаў тады немец у белых пальчатках, неяк цішэй і ўсё роўна як без злосці.

Ніхто не крануўся. Мужчыны нават не варочалі галовамі адзін да аднаго. Тады немец зноў паказаў пальцам на Боганчыка:

— Ты...

Таня ўбачыла, як адлучыўся ад усіх Боганчык і неяк бачком, як сляпы, ступіў да немца. Стаў, выцягнуўшыся і задзёршы ўверх бараду, аж з'ехала на патыліцу яго замусоленая чорная кепка і на вуха высыпаліся валасы. Таня глядзела з воза на яго збоку, і ёй здалося, што ў Боганчыка даўгі, загнуты ўверх нос, — перш каб і пытаўся хто, яна не помніла, які ў яго нос, — і тоўстыя шчокі: надзьмуліся, як папухлі. Было відаць яшчэ, як у яго на скроні высыпаў пот, буйны, што град, аж пісяга пацякла на шчаку, і зрабілася чырвонае вуха, як палавінка ад бурака-рэпкі. І лыпала, лыпала вока, дробненька і часта — хавалася за павечкам.

Таня пачула, як пад рукамі сталі раптам халодныя ляжэйкі; пасля зрабілася холадна ўсёй, бы хто лінуў за плечы вады са студні.

Немец быў вышэйшы за Боганчыка і стаяў цяпер нагнуўшыся над ім — глядзеў зверху, з-пад брыля. Адну руку зачапіў пальцамі за жоўтую дзягу, другой — даланёю — шорхаў па жоўтай кабуры. Тады зноў наставіў Боганчыку палец у грудзі:

— Кто такой?

— Бог-ган... — моцна азваўся Боганчык, нібыта немец быў глухі, мог яго не пачуць, і стаяў ні жывы ні мёртвы.

— Какая дурацкая фамілія... Почему дрожішь?..

— Рукі трасуцца... — голас у Боганчыка яшчэ больш задрыжаў.

— Шапку, свінья... — немец нагнуўся над Боганчыкам яшчэ ніжэй. Выцягнуў шыю, зашыпеў: — Желаешь, чтобы с головой слетела? Что на телегах?..

— Нарыхтоўка... Нарыхтоўка... У раён вязём... Сабралі... З усёй вёскі... Самі... Бумага ёсць... — язык у Боганчыка бы ў што ўпіраўся ў роце.

Немец прыняў пальцы з кабуры і абедзвюма рукамі падняў уверх за бліскучы брыль фуражку на галаве; другі немец забразгаў у калясцы кацялкамі.

— Что за дурацкая бумага?

Белая пальчатка паднялася аж да Боганчыкавай галавы, як на навязі, чакаючы.

Тады Боганчык хуценька скамкаў кепку, якую цяпер трымаў у руцэ, прыціснуўшы да сцягна, запхнуў яе ў кішаню ў штаны і палез пад паху — пад шэры паношаны картовы пінжак, які, расхрыстаны, спаўзаў у яго з плеч.

Паперка была белая і маленькая, складзеная, мусіць, у некалькі столак. Таня не бачыла яе дагэтуль, ведала толькі, што паперу вязе Боганчык, хоць ён і паказваў яе ўжо раз — яшчэ ў вёсцы, ля Петрусіхі, калі збіраліся выязджаць і вазы абходзілі два немцы, мацаючы рукамі мяхі, усё роўна што шукалі чаго.

Белая пальчатка ўзяла паперыну з рук у Боганчыка, разгарнула яе, як рак клюшнямі, і паднясла да бліскучага брыля. Патрымала ля яго, пасля вярнула Боганчыку і, павісшы ля самай яго галавы, чакала, пакуль ён пакладзе яе ў кішаню пад пахай. Тады раптам апусцілася ўніз і, падскочыўшы ўверх, ударыла Боганчыку па шчацэ.