Выбрать главу

Гэта крычаў на ўсё горла капітан — кулямёт змоўк, і чалавечы голас пад зямлёй аж рэзаў вушы. Капітан, топчучы нагамі разгоеную па падлозе накідку, паказваў рукой у байніцу:

— Ушлі вброд... Левых накрылі...

Тады стала ціха, і ў цішыні здалося, што звіняць сцены і звон лезе ў вушы. Як у зямлі, стукала пад ім, Боганчыкам, сэрца: ён цяпер апёрся грудзьмі на халодны цэмент ля кулямёта. Бачыў, як пастаяў быў у парозе капітан, пасля выцягнуўся, счысціў з грудзей пясок, — недзе наліп яму на дварэ: капітан, мусіць, поўз — і схаваўся за дзвярыма. Расцягнулася толькі на зямлі накідка, астаўшыся ляжаць назнайніцу.

Боганчык сядзеў ля кулямёта, чуючы, што ўпёрся плячом у нешта вострае і халоднае і пачынае стыць. Ён стыў, і яму рабілася лёгка, мог, як хацеў, кратаць рукамі і глядзець, не прыплюшчваючыся, праз акенца ў шчытку на той бераг, дзе вісеў пыл.

Ён як усё роўна збыў вялікую хваробу...

Перад вачыма застыла, не мітусілася бронзавая планка на казённіку. Вузенькая, доўгая, выслізганая пальцамі, яна цьмяна бліскала ад водсвету праз байніцу. Унізе пад ёй можна было ўгледзець маленькую зорачку і літары; па самай планцы рассыпаліся дробныя чорныя лічбы — ад двух да дваццаці шасці, — папрыліпалі да яе, як камары дома вечарам да бліскучай жоўтай клямкі на дзвярах у сеначках.

Ён памацаў за кожух — кожух быў гарачы, не даткнуцца. Ад яго пахла парай, што ад печы ў лазні, калі на каменне зверху лінеш вады.

Рука зачапілася за шчытком за ланцужок, які быў прычэплены да вінта, што закрываў адтуліну, куды лілі ваду. Ланцужок быў гарачы.

Захацелася піць — вады са студні. Яна халодная, як з лёдам, і пахне рашчынай, мусіць, ад зруба — зруб дома ў студні з клёну, — не такая цёплая і жоўтая, што прыносілі ўчора вечарам у бачках...

Адагнуўшыся, Боганчык пачаў счышчаць з сябе пясок і друзалачкі ад цэглы, што ўпіліся былі ў калені...

Пасля ён голымі рукамі счышчаў пясок з доўгіх, выгнутых і вышараваных знізу аб зямлю афарбаваных станін. Яны былі халодныя і мокрыя; халодны і ліпкі быў шчыток, з яго не счышчаўся пыл. Боганчык падумаў тады, што кулямёт змазаны і за яго браўся пыл і пясок; падумаў пасля, што кулямёт доўгі, на два мужчынскія крокі, і байніца глыбокая — глядзіш у яе, як у студню...

Калі знадворку пасвятлела — павярнулася, мусіць, сонца і коса свяціла на бераг пад самую байніцу. Боганчык успомніў, што бой быў доўгі і танкі ішлі доўга, і прайшло іх у раку, мусіць, многа...

У доце павіднела, і ён убачыў, прынікшы да байніцы, што на тым баку за ракой зялёны высокі бераг. Ад сонца яшчэ больш пабялела, стала як мел, белая шаша; за ёй на полі было відаць жыта...

Ён успомніў тады, што капітан загадаў: «От пулемета не отходіть і ждать команды...»

Было ціха і ад таго млосна. Не няслі есці і не прыносілі вады. Пахла дымам ад пораху; звінелі яшчэ гільзы, падалі самі з байніцы з-пад кулямёта на падлогу: не ўлежаліся. Збоку, недзе за Красным, чуваць былі глухія выбухі, як хто, нямогучы, тоўк у ступе — мусіць, на шашы, што вяла з Бегамля. Адтуль, адкуль былі ішлі танкі, з-за лесу папаўзлі самалёты. Здавалася, што ныюць пад столлю камары. Камароў у доце многа: яны чулі людзей і ціснуліся ў байніцу. Цяпер яны наганялі сон, і Боганчык, паклаўшы галаву на рукі, доўга цёр пальцамі вочы: каб не ліпліся...

Пасля палудня зноў пайшлі танкі. Яны ўжо не паказваліся на шашы, бралі лесам правей: міналі мост. Зноў дрыжалі сцены: біла саракапятка.

Боганчык зноў прынік да акенца ў шчытку... Дрыжалі пальцы, здавалася, — яны размяклі і ніяк не могуць знайсці шурпатую гашэтку... Але цьмяна бліскала справа лента і паўзла, падскокваючы, да шчытка... Калі ён адпускаў пальцы і падымаўся папраўляць ленту, чуў, як звіняць, сыплючыся з-пад кулямёта пад ногі, гільзы і ляскаюць гусеніцы за ракой на шашы зусім блізка. Ён тады зноў прыліпаў да слізкага жалеза...

Калі шашой пайшлі грузавыя машыны, ён ужо не страляў: не было вады.

Пасля знадворку ў байніцу сыпанула жарствы і там недзе ўдарыла, што перуном... З-за ракі немцы білі па доце...

Выскачыўшы з дота, Боганчык пачуў, што вецер дзьме берагам, якраз у твар. Халодны і калючы на захадзе сонца, ён суха шумеў пад нагамі ў траве; воддаль, на рацэ, дзе была затока, стагнаў на вадзе і свістаў у высокай асацэ і сітняку. Горкі ад дыму, сыры ад размешанага глею на пераправе, дзе прайшлі нямецкія танкі, укачаны ў жвір на беразе, вецер аж зрываў нос, і цяжка было пазнаць, адкуль нясе тарфяным гарам, — мусіць, з Краснага, дзе, відаць, падпалілі склады.

Боганчык бег берагам, пад вецер, і калі варочаў галавой — чуў, як падымаюцца дыбам валасы. Думаў тады, што не помніць, як вецер сарваў пілотку. Калі ж ён абмацаў сябе за паясніцу і знайшоў пілотку збоку пад дзягай, яму стала раптам трывожна; ён засопся і пачуў, што вязнуць, млеючы, на беразе ў пясок ногі.