Боганчык надумаў, што па Красным б'юць нашы, што ў Красным немцы...
Пацягнула сырасцю, блізка недзе было балота: ён ішоў на Тартак, мінаючы шашу.
Выйшаўшы на ездавую дарогу, ён пабег, каб сагрэцца, па калдобах і па карэнні ў той бок, дзе зайшло сонца і дзе было ціха.
У тым баку быў дом...
Боганчык саскочыў з калёс і працёр вочы... Уперадзе, на гары ля дарогі, куды трэба было ехаць, ляжалі шэрыя валуны — аж тры — адзін ля аднаго, а яму было здалося, што там танкі... Валуны ляжалі тут здаўна, уехаўшы ў зямлю, высокія, гладкія, і здалёку блішчалі на сонцы.
Ён, пусціўшы аднаго жарабка, стаяў цяпер у нечай позняй бульбе на шнуры: пад нагамі з пяску толькі яшчэ вылазілі каліўцы бульбеўніку. Пасля сышоў на сцежку ля дарогі, дзе рос сухі, прытаптаны да зямлі сівец, дастаў з халявы круглы слізкі каменьчык, што рэзаў усю дарогу костачку. Згінаючыся, крануў пашчэнкам аб калена... Пачуў, што да зубоў не даткнуцца. Пачало блажыць.
«Закалыхала... Ля могілак калдобы... — падумаў ён. — Не трэба было сядзець на возе...»
Ззаду ўсе пазлазілі з калёс і цяпер, сышоўшыся ля Януковай падводы, ішлі кучай. Махорка з Настай на самым перадзе, упобачкі; за імі — Панок з Алёшам.
Алёша аставаўся ззаду, не спраўляўся з Панком і даганяў яго з подбегам. Пасля наперад усім зайшоў Пан, кашляў, сагнуўшыся і заклаўшы рукі за спіну, азіраўся ўсё назад, слухаў Махорку. Махорка, махаючы ў Насты пугаўём перад самым носам, гаманіў на чым свет стаіць.
Боганчыку не хацелася іх чакаць, і ён пайшоў памалу сцежкай, нага за нагу. Яны дагналі яго ў самай лагчыне ля логу.
— Што, брат, уцякаеш ад нас? Усё роўна як мы ва ўсім вінаваты... — Махорка смяяўся. Ён, недзе, выскаляў зубы з яго, Боганчыка, ад самых могілак, можна пазнаць. — Хрэн з ім... Было — сышло. Жывы астаўся? Астаўся. А нам, татарам... — Махорка зноў засмяяўся, тады сціх. Пасля ўжо сказаў: — Што маўчыш, як воўк у Спасаўку?
Махорка, можа, хацеў, каб і ён, Боганчык, выскаляўся разам з ім з таго, як яму прыстаўлялі ля могілак на дарозе наган? Махорка цяпер будзе смяяцца з яго ўсю дарогу; з'ездзіць у Краснае, вернецца ў вёску і там пачне расказваць, як ён, Боганчык, стаў на калені, дабаўляючы ад сябе чаго хочаш...
Боганчык пачуў, як яму стала горача, тады затрасліся рукі, і ён сказаў, не гледзячы на Махорку:
— А тое маўчу, што далей з вамі не еду... Ні ў Людвінова, ні за Людвінова. Лес вялікі, знайду і бліжэй прытулак...
Усе адразу сціхлі. Ішлі, падняўшы галовы, ззаду за ім — ён, азіраючыся, бачыў іх — тупалі нагамі па сцежцы, і было чуваць, як дыхалі. Нехта сцебануў па дарозе — па траве — пугай. Толькі Алёша астаўся, стаяў і чакаў падводы: яму, мусіць, балелі ногі.
— Як гэта, брат? — спытаўся ў яго пасля ўжо Махорка. — То на Насту крычаў, то ўжо сам не едзеш?..
Яны цяпер ішлі за ім воддаль, трое, як назіркам: Махорка, Панок і Настуля, не даганялі...
— А та-ак!.. — адказаў Боганчык, адвярнуўшыся, са злосцю.
Зноў усе маўчалі; сціх, апусціўшы галаву, Махорка — не смяяўся.
— А так... — сказаў Боганчык ім цяпер яшчэ раз, сам. — Не панясу падстаўляць галаву пад кулю... Можаце нясці свае... Га? — спытаўся ён пасля ў іх, бо яны ўсе маўчалі. Пачакаўшы, ён сказаў яшчэ: — І я, Махорка, быўшы на тваім месцы, не выскаляўся б... А каб табе прыставілі наган да галавы?.. Га?..
— А нам, татарам, усіраўно: наган ці... Ліжба з табой, брат, не ехаць адным торам, падоскі кавалак... Давялося толькі... — Махорка сказаў ціха, сабе пад нос, але ўсе пачулі і павярнулі да яго галовы.
— Падоска? Я падоска?.. — Боганчык стаў на сцежцы, адвярнуўся да іх і чакаў Махорку. У яго дрыжалі рукі, аж калаціліся, і ён схаваў іх у кішэні ў штаны. — Падоска?.. Якая?
— Нямецкая... Калі хочаш знаць — знай... — Махорка ўжо са злосцю махнуў галавой, нагнуўшыся ўперад.
— Нямецкая?.. — Боганчык не стрываў, страпянуўся ўвесь, пачуўшы, як сцебанулі па лбе, рассыпаўшыся, валасы. — А ты?.. Што б ты запеў, яшчэ раз гавару, каб да тваёй галавы прыставілі рульку?.. Татарская морда... Завыў бы... Ды я табе... — ён выняў рукі з кішэні і сціснуў кулакі.
— Не лёг бы, брат, на пясок... Не лёг... І не лягу... — буркнуў, як сам сабе, пад нос Махорка.
Боганчык не помніў, як учарэпіўся Махорку за грудзі — скамячыў ля шыі чорную кашулю і пачаў круціць. На кашулі выступіла вада — пот, і Боганчык пачуў, як пацякло па пальцах. Пырснулі на поле ў пясок з-пад рук белыя гузікі...
— Татарская морда...
Ён пачуў пасля, як яго нехта схапіў за валасы, збіўшы з патыліцы кепку, і цягне. Зазвінела ў галаве. Ён выпусціў з рук Махоркаву чорную кашулю і ўбачыў Насту. Яна, упёршыся рукамі яму і Махорку ў грудзі, распіхала іх, што мела сілы. Пасля закрычала: