Выбрать главу

— Што сунуўся, як бык? На свайго! На немца не сунуўся... Крычыш, што табе наган прыстаўлялі. Усім прыстаўлялі... Усёй вёсцы... А ты, Мірон... — яна прыняла руку ў Махоркі з грудзей, трымаючы цяпер аднаго яго, Боганчыка, за рукаво, і загаварыла цішэй: — А ты, Мірон, не паскудзь сябе... Не знаеш, з кім заводзішся?

Нагнуўшыся, яна падняла з дарогі кепку і, абіваючы ад пяску аб спадніцу, падала яму, Боганчыку.

— Цяпер смелы... — сказала яшчэ раз, задыхаючыся...

Боганчыку раптам зноў стала ўсяму горача; пачуў, што дрыжаць у каленях ногі.

— Падводы адны... — сказаў ён ціха. — Аж дзе ўжо коні... — і стаў біць сабе па калене кепкай, выбіваў ад пяску. Сказаў пасля са злосцю, каб не падумалі, што ён, Боганчык, хоча апраўдацца: — А мая галава мне... Ды да любой прыстаў, не так яшчэ затрасецца, каб на карку астацца. Як міленькая...

Тады ён згледзеў, як Наста стала спопаразку, павярнуўшыся да яго, ішла наперадзе, і падняла вочы, вялікія, шэрыя, што спелы лубін.

— Нешта ты, Іван, дорага ацаніў сваю галаву перад усімі... — сказала без злосці, як бы яму, Боганчыку, нічога благога не думала. — Другія, вунь, не вярнуліся, не прыбеглі адразу дамоў... Там, можа, — паказала яна рукой уперад на дарогу, — свае галовы паклалі, не прыняслі ў вёску пакантужаныя... — Яна памаўчала, выцерла са шчок пот і аддыхалася: — Нешта я ніколі не відзіла, каб цябе твая кантузія трасла, як ты ў вёсцы ачуўся, вярнуўшыся... І ніхто не скажа, не відзіў... І ад партызанаў выкруціўся... Кантузіяй... Бараду адпусціў. Пайшоў на хітрыкі... Ты ж маладзей за мяне. Штаны б злупіць...

— Злупі з яго, Настуля, злупі... — засмяяўся цяпер Панок і закашляўся. Панку цяжка было дыхаць у пыле, у яго аж хрыпела ў грудзях. — А так ён распышэў... У аднаго яго галава... А ў дзяцей нашых — не галовы?.. — Панок зноў закашляўся і сціх. Ішоў ззаду за ўсімі, дыхаючы, як рыба на пяску, ажно хаўкаў.

Боганчык яго не слухаў: Панок яшчэ... Трухля... Кашляе, харкае — дохля ніяк не возьме... Ён падумаў, што Наста гаворыць тое, пра што гавораць у вёсцы. Наста не баіцца, скажа ў вочы. Уся вёска тады пра яго языкамі меле, што ён такі-гэтакі... А што ім усім да таго, які ён? Канту-узія... С...кі ў іх ва ўсіх пакантужаны... Калі ў чалавека галава цэлая на плячах, калі ён яе на карку дамоў прынёс, дык усім не ўгадзіў, зарохкалі, што свінні. Трэба было прынясці галаву пад пахай, тады б усе супакоіліся...

Боганчык пачуў, як яго зноў усяго трасе. «Згараць да аднаго ў агні, — падумаў ён пра вёску, — а свайго не кінуць... Не-е...»

— А ты, Наста... — Боганчык ужо не мог змоўчаць, чаго пражэшся? Законная такая... Не помніш, як банку прынясла ад патронаў? Вёску маглі праз цябе спячы... Праз тваю разумную галаву. Ну, хай я ўцёк тады... Збег! А ты што знаеш? Га?! — ён не ўтрываў, закрычаў са злосці. Пачуў, што душыць кашуля, не дае дыхаць. Хапянуў рукой за каўнер — гузікі былі моцна ўшыты, не адскочыў ніводзін, тады пачаў іх адшпіляць усімі пальцамі. Чуў, што пальцы паслізлі, сашмыкваюцца і дрыжаць.

Ззаду, за грэбляй ля маста, затахкаў кулямёт, рэдка і глуха: здалёку.

Усе былі адвярнуліся назад, і Махорка загарадзіў цяпер яму, Боганчыку, дарогу.

— Ты Насты не чапай, брат... — сказаў ціха, працадзіўшы праз зубы. — Знайшоў на кім злосць спаганяць. Багамазіць на ўсё поле... Голас падняў... Ды яно, каб заціш... Чорт бы які з табой... — ён не дагаварыў і махнуў рукой, той, на якой не было двух пальцаў.

Яны спяшылі сцежкай, адно за адным, даганялі коней, каб павярнуць іх з Кур'янаўшчыны на Людвіноўскую дарогу.

Коней яны дагналі ў вілах, дзе дарогі сыходзіліся ў адну: з балота ад саду і з Кур'янаўшчыны ад Крыжа.

Боганчык, сеўшы на калёсы на мяхі, глядзеў цяпер на свежы пясок ля акопаў, якія парылі кутузаўцы ў самых вілах. Пясок быў накіданы ад могілак, адкуль ішлі немцы, ляжаў нават не зацярушаны, не схаваны ад вока. Відаць, не стрэлілі адгэтуль ні разу; капалі, бо была каманда капаць; пасля далі другую каманду, і акопы рылі ў другім месцы, можа, ужо ля самай Дзвінасы...

Ён бачыў, што ніхто не сеў ехаць, усе ішлі ззаду ля Януковай падводы, і чуў, як яны гаварылі між сабой, бы яго, Боганчыка, і не было на калёсах.

— ...Дык што будзем рабіць, мужчыны?

— Ага... Наста. І ты кажаш, каб астацца ў Людвінове?

— Праўда. У Людвінове ціха...

— А раптам немцы?

Ляскаталі калёсы, і Боганчык павярнуў галаву, але ззаду пачалі гаварыць цішэй.

— А Іван?.. — гэта папыталася Наста ў Махоркі.