Выбрать главу

Праз лес ужо было відаць белае на сонцы поле. Боганчык пачуў, як пахне жыта; пасля ўлавіў, пацягнуўшы носам, смурод, як дзе гарэла сухая салома: з жыта ў расцяроб падзьмуў вецер. Тады ў тым баку, дзе было Людвінова, нехта закрычаў нема, што меў сілы, і затрашчалі стрэлы: кораценька, суха, як хто знянацку павёў па драбіне ў калёсах пугаўём. Ззаду па лесе пайшлі водгаласкі...

Жарабок натапырыў вушы і замахаў галавой — рассыпалася па шыі грыва, забразджалі цуглі, б'ючы па хамуце па клешчах, — пасля таргануўся, як укушаны, і рвануў дарогай на поле.

Боганчык, падаўшыся наперад, злавіў яго за лейцы, паспеў. Лейцы рэзалі рукі, былі шорсткія і гарачыя, што з печы. Ён бег, б'ючы каленам аб заднюю вось; цягнуў за лейцы, накручваючы іх на руку, і чуў: нічога не зможа зрабіць. Пасля падумаў, што трэба забегчы каню наперад...

Учапіўшыся за ляжэйку, ён прабег і схапіўся за аглабню ля падпінка. Лейцы вышмыкнуліся з рук, і цяпер, трымаючыся за падпінак, ён хацеў злавіць каня за аброць.

Калі зноў пачалі трашчаць уперадзе стрэлы, глуха, што ў бочку, Боганчык быў ужо з калясьмі на полі ў жыце. Нагнуўшыся ўперад і ўзлёгшы на аглабню, ён схапіў каня за аброць і пацягнуў што меў сілы ўбок, каб звярнуць з дарогі. Жарабок спатыкнуўся, і Боганчык пачуў, як падкасіліся ногі — па іх, мусіць, дало аглабнёй — і ён паляцеў галавой у зямлю, у жыта. Убачыў, ужо лежачы, што лучыў на крушню камення. Падцялежыўшыся, нахінуліся да крушні і калёсы, і ссунуліся на ляжэйку верхнія мяхі. Жарабок як абваліўся, падкорчыўшы пярэднія ногі, так і ляжаў. Хроп, б'ючы галавой аб каменне: адграбаў ад сябе заднімі нагамі зямлю і стагнаў: не давалі ўстаць падцялежаныя калёсы з мяхамі.

З-пад сябе Боганчык угледзеў, што на поле выехаў Махорка — самога Махоркі не было відаць, матаў галавой толькі гняды Сібірак, за Сібіраком мігнулася сівая Панкова галава...

Тады Боганчык страпянуўся, падгробшы пад сябе локцямі каменне, устаў з крушні і закрычаў, махаючы ў лес рукамі:

— Назад!.. Назад!..

Але коні ішлі на поле, і за імі ківаліся людзі...

Ён схапіў жарабка за аброць — жарабок, апёршыся галавой яму на рукі, напяўся і ўстаў з зямлі — і павёў яго, аб'язджаючы крушню, наўскасяк цераз жыта да дарогі заварочваўся. Не згледзеў, калі паспелі акруціцца Махорка з Панком — яны пагналі коней назад у расцяроб, і ён, Боганчык, астаўся цяпер ззаду за ўсімі.

У расцяробе ля самага поля дарогу Панку загарадзіла Таня — ехала як усё роўна ім напярэймы, лежачы на возе; за ёй паганяў кабылу Янук Тваюмаць. Расцяроб ля самага поля быў вузкі — не размінуцца; аб'ехаць адзін аднаго спопаразку ніхто не змог, і яны сталі.

— Назад!.. Назад!.. — крычаў Боганчык цяпер ужо цераз усіх Тані і Януку. — Немцы ў Людвінове... — Пасля сціх і пабег наперад, да Панковых калёс, дзе сыходзіліся мужчыны. Янук толькі тупаў босымі нагамі ля сваіх калёс, баючыся адысціся, і паднялася на мяхах Таня — хацела злезці далоў.

Пастаўшы ля Панковых калёс, мужчыны маўчалі, гледзячы ўперад на поле. Тады Боганчык падумаў, што іх з Людвінова не відаць — яны схаваліся за лазой — і стралялі не ў іх. На полі ля дарогі, што ішла загуменнем ля самага Людвінова, расла лаза — кустамі. Праз лазу з расцяробу не было відаць і Людвінова.

Калі ён угледзеў агонь, яму здалося, што гарыць недзе зусім блізка: жыта на полі. Полымя ўскочыла адразу, як з зямлі, пад той канец Людвінова, дзе была студня — адна на ўсю вёску — і куды яны хацелі ехаць; лізнула лазу і палезла ўгару, рассыпаючы іскры.

Глянуўшы верх лазы, ён убачыў дым, чорны, густы, не праткнуў бы, здаецца, і пугаўём.

Боганчык быў страпянуўся і несамахоць прыціснуўся да калёс, стаўшы побач з Настай. Пачуў, можа, што не ляскалі калёсы і маўчалі людзі, як гудзе ў вёсцы агонь, бытта дзе блізка гарэлі бочкі з жывіцай... Аднекуль даляцеў ціхі звон на многа галасоў, што ўсё роўна пелі дзе далёка на полі ў жыце бабы... Песня была на адным тоне, лезла ў вушы як з-пад зямлі, і трэба было натапырыцца, каб яе пачуць.

Пасля Боганчыку здалося, што ные зямля: у яго пад нагамі, пад нагамі ў жарабка і ў людзей, і ля самай крушні камення, дзе ён быў упаў і счасаў локці...

— Назад! Галовы!.. — намогся крыкнуць ён зноў, ажно пачуў, што шэпча, не можа гаварыць, што яго не чуюць і ён нічога не чуе; толькі ные за лазой, дзе пажар, зямля... Ад таго, мусіць, і звініць увушшу...