Угары над Людвіновам расплылося белае воблака, што ад ветру, і ападала на лес. За лазой бушаваў агонь і мітусіўся ў вачах палосамі: знізу ўверх.
На поле папоўз дым, засцілаючы дарогу ля загумення. Не было ветру, і дым, спёрты, клаўся на зямлю, не хочучы ісці ў неба.
У Боганчыка звінела, не аціхала, у вушах, і ён падумаў, што возьме абваліцца, не ўстоіць на нагах...
— Наза-а-ад!.. Назад! На Завішына... За раку. Не стойце!.. — закрычаў ён зноў.
Затрашчаў за лазой у Людвінове, недзе ў самым канцы ля студні, кулямёт. Пок-пок... — чуваць былі пасля рэдкія стрэлы, усё роўна як лопаліся сухія порхаўкі пад нагамі на дарозе. Высока над галовамі, над лесам засвісталі кулі. Стралялі ў гэты бок — у расцяроб.
Ля калёс усе маўчалі; глядзелі, утаропіўшыся, на агонь, нібыта яго, Боганчыка, не чулі. Замычаў толькі ля калёс Янук, паказваючы рукамі ў кут, на поле, і сціх.
Тады Боганчык пачуў, як на дарозе, што ішла з шашы ў Людвінова і якой яны ля могілак яшчэ ля Сушкава збіраліся ехаць, загудзелі машыны. Гудзелі доўга і моцна, ішлі пад гару, ад іх стагнаў лес. Пасля машыны паказаліся на полі ў самым куце.
— Немцы!.. Назад!.. — зноў закрычаў Боганчык.
Убачыў пасля, як прыціснуліся адзін да аднаго ля калёс людзі, збіўшыся ў кучку, і ён астаўся адзін на дарозе, воддаль ад усіх...
Поле засцілаў дым аж да самага лесу...
6
Алёшу зноў вяла галава. Пад бокам рабіліся мяккія мяхі, што сена, і грэлі. Угары былі відаць сухія дзідаватыя яловыя лапкі, і Алёша падумаў, што мужчыны, абмінуўшы Людвінова, паехалі лесам на Завішына.
Калыхала на мяхах, ліпліся вочы, і яму здавалася, што ён дома, за хатай на качэлях...
За хатай, у гародзе пад раку, у іх усягды свяціла сонца, за хатай і паставілі качэлі. Укапалі слупы на згон зімы, калі яшчэ не адтала добра зямля ля прызбы і ямкі на дне трэба было дзяўбсці старым сагнутым ломам. Дзёўб ён, Алёша, дзе была мёрзлая груда і яе не брала рыдлёўка. Слупы прывязлі з-пад Карчаватак, зрэзаўшы адумысла сасну: аскаблілі на двары ля дрывотні, пакруцілі вялікім тэбалем, пазычыўшы ў Панка, дзіркі і, падняўшы слупы, апусцілі іх у гародзе ў ямы.
Апускалі ўсёй сям'ёй. Нават маці выйшла на гарод і ўзялася за рыдлёўку, але яе адвёў пад прызбу бацька і пасадзіў на калодачку. Мацеры цяжка, яна ўжо ледзь ходзіць. Не было на гародзе толькі Юзюка: павёз у Камена за раку кутузаўцаў. Кутузаўцы прыйшлі ноччу і доўга драгалі ў дзверы, пакуль ішла адчыняць маці. Іх было многа — пабралі коней з усёй вёскі.
Качэлі складалі на зямлі, уставілі вось у слупы — у дзіркі — і заклінавалі ў ёй дубовым кліннем палкі, да якіх была ўнізе прыбіта лавачка з яловай дошкі — ляжала на жалезных прантах. Лавачку вышчапіў бацька з калодкі, ачасаў тапаром і выгабліў старым Панковым габэлькам.
Апусціўшы слупы, іх абкідалі ў яме каменнем і зямлёй, абтапталі пасля, далі падпоркі, і Алёша стаў на лавачку, разуўшыся: кінуў дзеравяшкі пад прызбу.
Алёшу, калі ён узяўся рукамі за палкі, падпіхнуў бацька, упёршыся ў плечы. Алёша пачуў, як яго пацягнула ўперад, падняло ўгару ад зямлі аж да верхняй шалёўкі ў акне. Калі яго адкінула назад — заскрыпела над галавой вось: туга хадзіла ў дзірках, Алёша, каб не стаць, сагнуў у каленях ногі і сам падбіў лавачку...
Чуў пасля, як кратаюцца ў зямлі слупы, не памагаюць і падпоры, як бацька сказаў: «Ну-ну...» — і адышоўся далей пад прызбу; як зноў пачала на яго, Алёшу, крычаць маці, што ён зверне галаву.
У вачах мігнуўся гарод — чорная ралля ад хаты аж да логу — з паламаным з зімы плотам, аціснутым і паваленым ля град; апынулася пад нагамі вуліца з чужымі парасятамі, што рыліся пад парканам; закалыхаўся ўзад-уперад гародчык ад вуліцы з сукаватым бэзам і сівымі, стаптанымі курамі і палёгшымі на зямлю яшчэ з восені квятамі — марозам.
Блішчала ў акне сонца, біла ў вочы, калі ён згінаў калені і ляцеў да варыўні. Сонца зайшло з гароду, але ў ногі было холадна. У ногі холадна было і на зямлі: яна адтала яшчэ не глыбока. Ля прызбы пайшла расці толькі адна крапіва, чырвоная, што старое шчаўе летам на Выганчыку, і вылез на раллі ля мяжы, паказаўшы белае лісце, хрэн.
Усюды яшчэ была чорная пасля снегу зямля.
Чорная была і сырая сцяна ад гароду ў варыўні, і ўвесь канец вёскі здалёку быў чорны і пусты, усё роўна як яго вымела за зіму ветрам.
Алёшу здавалася: ён скача з самай верхняй перакладзіны ў салому ў вялікай калгаснай пуні, што да вайны стаяла ля лесу і якую, разрэзаўшы страху, разабралі людзі, перавёзшы на загуменне сабе на пуні.