Выбрать главу

Калі Алёша косіцца на двор, бачыць дрывотню і студню. Хлеўчыка не відаць, ён паказваецца толькі, як моцна падаб'еш лавачку. Відаць тады старая драніца на страсе; з краю, ад гароду, дзе цякло на парасят, ляжыць разасланая шэрая яловая кара, прыціснутая старым пашчапаным карытам, у якім перш давалі свінням. У тым кутку — пад вуглом ад гароду — нясліся куры.

Учора вечарам ля курынага гнязда на зямлі пад леташнім рудым лісцем ад дзядоўніку ён схаваў міну ад нямецкага мінамёта. Знайшоў яе на пасецы ля імшары — ля леташніх акопаў, якіх нарылі ўвосень, калі стаяў у вёсцы «Жалязняк». Па «Жалезняку» білі немцы з Сушкава, з мінамётаў. Міна ўехала ў зямлю, відаць была толькі пята з новымі чырвонымі жалезнымі крыльцамі. Пята высока тырчала з зямлі — на ўсе пальцы. На ёй было дванаццаць крыльцаў — Алёша доўга не мог злічыць, — і яны, мусіць, былі стальныя, бо, калі ён стрэпаў па іх ногцямі, яны звінелі. Пасярод пяты блішчаў жоўценькі капсуль, як начышчаны. У ім была ямка — вялікая, у яе лез кончык дубчыка. Пад крыльцамі на тонкім хвасце ў міны чарнелі дзіркі, як вымазаныя ў сажу, маленькія і круглыя, усё роўна што яе патачылі жукі. Ад зямлі дзіркі былі пазабіваны жоўтым пяском і чырвонай глінай. Пясок усох, не хацеў выкалупвацца, калі Алёша торкаў у дзіркі дубчыкам. Гліны накарэла і на самым хвасце між крыльцаў. Тырчала міна недалёка ад ямы, шырокай і мелкай; ля яе ўсё роўна што куры падралі зямлю.

Каб міна не кранулася адразу ў зямлі ад рукі, ён бы яе не зачапіў, пабаяўся б. А то яна лёгка пайшла з пяску, што моркавіна з грады, калі Алёша, сагнуўшыся, учапіўся рукой за крыльцы і пацягнуў уверх. Міна была лёгкая, яе можна было падняць у руцэ і нясці.

Алёша перанёс яе ў соснік, да ям, а з цямном, узяўшы ў падол, прынёс перад сабой дамоў і паклаў ля паркана ў дзядоўніку. У нядзелю ён пакажа яе Юзюку, і яны пойдуць глушыць рыбу ў Верх-возера.

На качэлях стала холадна: вецер ганяў ля плячэй сарочку; раз'ехаўся на грудзях замочак. Стары зусім, разнасіўся: маці да вайны купіла, калі ў вёсцы была лаўка. Маці пашыла тады сацінавую сарочку з замком і з кішэнькай на грудзях. Алёша знасіў ужо дзве сарочкі з адным замочкам: маці выпорвала замок са старой і ўшывала ў новую. Цяпер яна ўшыла замочак у сарочку з кужалю, якую пасля кіпяціла на двары ў вялікім гаршку ў мучанічніку разам з маткамі і насіла на грэблю мачыць у руду ў канаве...

Скрыпяць за хатай ад вуліцы вароты. Маці кліча з двара бацьку, мусіць, стоячы на ганку, — пайшла з-пад хаты, Алёша не агледзеў калі. Павярнуўшыся, ён глядзіць на двор, але праз паркан нічога не бачыць. Відаць толькі, як б'юцца на сасне, што на дзядзінцы ля фермы, бацяны: зганяюць адзін аднаго з голай бараны — яны толькі ўчора прыляцелі з балота, гняздо, можа, будуць рабіць сёлета. З лесу едуць на падводах партызаны, расцягнуліся ад ям аж у вёску. Гэтулькі падвод было, як вазілі талакой з лесу бярвенне Януку на новую хату, калі згарэла ў яго старая перад самай вайной у вялікі пажар...

Бацька, нічога не сказаўшы, пайшоў на двор, пасля зноў вярнуўся і крыкнуў здалёку праз паркан:

— Марш дамоў... Паставілі шыбеніцу... — Бацька быў нейкі інакшы. Ля ганка пагладзіў яго, Алёшу, па галаве і, гледзячы на загуменне, сказаў: — Бяжы да Насты. Гародам, дзе сушэй... Хай прыйдзе да нас. Не стой.

На гародах Алёша пачуў, як закрычала дома на ўсю хату маці. Аглянуўшыся, убачыў, што ходзіць па двары ля дрывотніка бацька.

Ногі ў дзеравяшках чапляліся за раллю, і Алёша, скінуўшы іх, пабег босы сцежкай, дзе ляжаў яшчэ латочынамі лёд. Да Насты было далёка.

Вярнуўшыся з вёскі, ён сядзеў у гародзе пад прызбай і чуў, як крычала, стогнучы, у хаце маці. Яго тады брала злосць на Насту: не можа нічым памагчы. Бегай толькі па яе босы гародамі, язык высалапіўшы... Цягнулася, чапляючы нагу за нагу па загароддзі, што нежывая, і ўсё правілася: печ праз яго кінула, не засланіўшы. Ён мінуў яе і пабег, хай сунецца, як качарга.

У хату ён пабаяўся пайсці. Бацькі на двары не было, і ён, адшчапіўшы ў гарод пад раку варотцы, зноў пайшоў да качэляў. Яны стаялі цяпер адны пад хатай, і ад іх пахла смалой. Ён прыхінуўся да слупа і доўга стаяў, гледзячы ў гарод за раку, дзе на Выганчыку ў альшэўніку ляжаў яшчэ снег.

Калі закрычала маці моцна і прарэзліва, ён кулём кінуўся ў сенцы, але ў хату яго не ўпусціла Наста: стала на парозе, мусіць, угледзела, як ён пабег з гароду, і выпхнула з сеначак.

Пасля прагнала з двара:

— Каб мае вочы цябе не відзілі... Гуляў не можа знайсці. Ад вуглоў не ступіць, як на прывязі...

Правячыся, яна вярнулася ў хату.

Алёша зноў пералез цераз плот і пайшоў пад прызбу.

За Выганчыкам, дзе ляжаў у кустах снег, на грэблі хаваліся падводы.