Выбрать главу

Партызаны паехалі аж цяпер, доўга нечага стаялі ў вёсцы.

Над Выганчыкам папаўзлі па небе хмары, рэдка, кучкамі, бы хто іх раскідаў сушыць. Схавалася сонца, пачарнела ў гародзе ралля. Зрабілася нудна. Алёша ўспомніў, што яму гэтак было нудна, калі бацька вазіў партызан пад Краснае... Здалося, ён і цяпер сядзіць і чакае яго з грэблі.

Кінула ў стужу, і Алёша зашпіліў аж уверх на замочак сарочку і схаваў рукі ў кішэні ў штаны. Убачыў, як ідзе ад ракі па плоце іхні рабы кот, памалу, круцячы галавой у бакі. Пасля кот сеў на жэрдцы і доўга глядзеў на яго, Алёшу.

Зноў у хаце закрычала маці... Алёша быў падскочыў, стукнуўшыся галавой у шалёўку. Пачуў пасля, што крычаць у хаце ценкім дзяркатым голасам, усё роўна як да іх прыйшла Паніха са сваім малым і яно заходзіцца ў яе на руках. Было чуваць яшчэ, як гаворыць Наста, моцна, на ўсю хату, мусіць, нечага да маці, пасля смяецца.

Яго зноў схапіла злосць на Насту: смяе-ецца...

Зноў зайшоўся нехта цененькім голасам у хаце, голас аж пераліваўся, і гаварыла маці. Ён адышоўся з-пад акна да плота, па якім ішоў ад ракі кот. Кот усё ніяк не мог дайсці да варыўні: доўга нечага глядзеў на мяжу ў леташнюю траву, паклаўшы на жэрдку выгнуты хвост, што серп. Ля варыўні яго, Алёшу, і знайшла Наста: падышла, не клікаўшы, мусіць, праз акно сачыла за ім.

— Ідзі сюды, шашок... — Наста смяялася, папраўляючы на галаве хустку. — У хаце аж двое жэўжыкаў... Бацян скінуў. Ідзі, маці звала. Авечка... Крывіцца яшчэ нечага на старую бабу... — Наста завярнулася і пайшла на двор.

Ён не стрываў, заплакаў, не ведаючы чаго, і пабег мяжой ля плота пад лог. Убачыў толькі, як скочыў з жэрдкі пад ногі кот, падняўшы дыбам на спіне поўсць, і над самай галавой закігікала кнігаўка — заляцела ад ракі з логу на гарод.

...Ён не спаў усю ноч, не заснуў і раніцай. Сонца свяціла ў акно з двара, якраз на сцяну, дзе вісела маленькае старое люстэрка, і яму, Алёшу, калола ў вочы што вострымі шпількамі, дастаючы аж на печы.

У галавах на лучыне кратаўся кот, пацягваўся, выставіўшы ўперад лапы, і Алёша падумаў, што кот варожыць на холад. Чуў пасля, як скрыпіць у хаце ля матчынага ложка калыска на новых лейцах — іх віў нядаўна бацька, — падвешаная да бярозавай жэрдкі, якая прывязана пасярэдзіне да бэлькі. Калыска старая; ля дзірак, куды зацягнуты новыя лейцы, знаць чорныя плямы: некалі былі клапы, і іх выганялі агнём — лучынай.

Пасля ціха-ціха пачынала пець на ложку ля акна маці, мусіць, каб не разбудзіць яго, Алёшу.

Люлі... люлі... люля-ясі...

Маці пела паволі, цягнучы, як і кожны раз, калі садзілася шыць на машыне ці абразаць на вячэру бульбу. Гэтак яна пела і калі жала ў Кур'янаўшчыне. Згінаючыся, махала рукой, закладаючы серп, і пела.

Ён любіў, калі маці пела. Толькі маці кожны раз пела працяжныя песні, і яму рабілася нудна і хацелася плакаць.

Маці цяпер пела ля акна, як дзе далёка на полі. Яму здалося, што ціха на дварэ і ў хаце; ціха ўсюды, толькі чуваць песня.

...Пабіліся два Я-ясі. За якую прычы-ыну? За красную дзяўчы-ыну. А дзе тая дзяўчы-ына? Калода забі-іла. А дзе тая кало-ода? Чэрві патачы-ылі. А дзе тыя чэ-эрві? Куры паздзяўба-алі. А дзе тыя ку-уры? Каршуны падра-алі. А дзе тыя каршу-уны? За мора паляце-елі. А дзе тое мо-ора? Краскамі пара-асло...

Ён падняўся, апёршыся на локаць, убачыў, што маці ляжыць на ложку, накрыўшыся па шыю. Відаць толькі з-пад пасцілкі яе голая рука: маці ўзялася за бераг калыскі. Зыбае пад песню, а сама глядзіць угару, некуды ў столь, закінуўшы галаву.

А дзе тыя кра-аскі? Дзевачкі парва-алі, А дзе тыя дзе-еўкі? Хлопцы замуж пабра-алі. А дзе тыя хло-опцы? На вайну забра-алі. А дзе тая ва-айна? Пасярод кучы... Ехаў пан — растапта-аў... Бег сабачка — пахлябта-аў...

Маці доўга пасля маўчыць, гледзячы ў столь і не прымаючы рукі з калыскі...

Тады прыходзіць з двара бацька — Алёша не чуе, калі ён адчыняе дзверы, — ідзе да калыскі, бярэцца рукой угары за лейцы, дзе яны перавязаны аборай па пасцілцы.

— Дзе гэта ўсю ноч гарэла? — маці пытаецца зноў ціха, усё роўна як пяе. — Якраз на ферму... На Карчаваткі недзе... Зарыва было на ўсё неба. У акно добра відаць...

— Даўгынава бралі... Жалязняк... — бацька падыходзіць да ложка бліжэй. — Юзюк яшчэ з падвод не вярнуўся...

Маці, не прымаючы рукі з калыскі, паварочваецца на хату, паклаўшы галаву на падушку ў другім месцы, і пачынае пець яшчэ цішэй: