Бацька, пастаяўшы, ідзе ў парог...
Сонца заходзіць, мусіць, за варыўню, за страху, не лезе ўжо ў вочы. Цямнее ў хаце; зноў пачынаюць зліпацца павечкі. Здаецца, Алёша сам у калысцы і яго калыша маці: з боку — на бок, з боку — на бок...
Калыска раптам становіцца, не чуваць трасаніны, мусіць, маці прыняла руку, кінуўшы калыхаць, і кліча — будзіць: пара праганяць у поле карову. Кліча моцна, на ўвесь голас...
Алёша адплюшчыў вочы і спопаразку падскочыў на мяхах...
Ля калёс апёрлася на ляжэйку Наста — будзіла.
Зайшло сонца. Калёсы стаялі ля ракі на чорным, парытым выгане. Здавалася, выган пааралі плугамі трактары: знаць сляды ад гусеніц. Глянуўшы ўперад, Алёша ўбачыў, што стаяць усе падводы.
Аднекуль пахла дымам — прыпаленымі сасновымі лапкамі; уперадзе, у альшэўніку, па каменні, мусіць, шваргатала рака.
Насту паклікалі мужчыны, і Алёша тады ссунуўся з мяхоў на зямлю, на сухую траву: калолася ў ногі.
Ля ракі ён пачуў, што падняўся вецер: у альшэўніку на беразе шапацела лісце. Пасля вецер падзьмуў у шчокі, баючыся, як на рану.
Там, дзе закацілася сонца, неба ля самай зямлі стала белае як снег; угары яно было сівое, што замурзанае, бы хто павёў па ім памялом, злазіўшы ў печ і падмёўшы попел. Высака над самай галавой жаўцела паласа, як раскручанае з трубы нявыбеленае палатно: угары на рэдкую смугу, мусіць, яшчэ свяціла сонца. Далёка на ўсходзе над лесам слалася чорная хмара, усё роўна як там збіралася на дождж.
Алёша адразу ўспомніў, дзе яны: ззаду за падводамі стаялі ліпы, заступаючы поле. Высокія, старыя, яны раслі пад канец Завішына ля саду, ён ведаў. Ля саду яшчэ была малочная; ён з бацькам перад вайной раз быў звазіў сюды малако: два бітоны на калёсах з драбінкамі. З дому сюды дванаццаць кіламетраў.
Малочная стаяла ля самай ракі — пабеленая знадворку, яна была відаць далёка з поля.
Цяпер малочнай не было. Там, дзе яна некалі стаяла, віўся па зямлі дым на ўсім двары, ціха, як вечарам на старым вогнішчы.
Глянуўшы пад сад, Алёша ўбачыў вёску — белыя печы. Яны тырчалі на гародах ля платоў неяк зусім блізка адна ля адной, і іх было многа.
Ён убачыў яшчэ, што ўсе падводчыкі зноў сышліся ў кучку ля Танінага воза і маўчаць, гледзячы на гароды.
У тым баку, дзе была вёска, — белыя печы, стаяла заціш: каб скрыпнулі вароты ці асвер. Ад саду на печы падаў доўгі шырокі цень; пачынала цямнець, і печы ад таго рабіліся яшчэ больш белыя, як пабеленыя перад святам.
Алёша падумаў, што Завішына спалілі і што нідзе не відаць людзей: ні душы.
— На той бок... У лес... Стаім на віду... — загаманіў Махорка, паказваючы пугаўём за раку.
Захроп уперадзе Боганчыкаў сівы, у яблыкі, жарабок, пачуўшы, мусіць, ваду, і забразгаў цуглямі. Заірзала Панкова кабыла, мінаючы Махоркавы калёсы і пручыся да ракі: была няпоеная. За кабылай пабег Панок.
Было чуваць, як крычаў Боганчык:
— Но-о... Падлы кавалак...
Боганчык крычаў, прысядаючы аж да зямлі, што ўсё роўна хапаўся за балючы жывот: цягнуў за лейцы. Пасля ўскуліўся на воз на мяхі... Алёша пачуў, як бултыхнуў у ваду пярэднімі нагамі жарабок і як зноў закрычаў Боганчык.
Жарабок задзёр галаву, пасля што ўваліўся ў яму. Схаваліся з вачэй калёсы; відаць быў толькі сам Боганчык, стаў на мяхах на ногі. Жарабок, чуваць было, захроп — піў, захлынаючыся, тады — Алёша ўбачыў — упёрся ў хамут і пайшоў на сярэдзіну ракі. Пасярод ракі вада заняла яму па бруха; схаваліся ў вадзе колы. Боганчык стаяў на мяхах, выціраючыся рукавом — шмараваў па чорнай барадзе. Дайшоўшы да берага, жарабок стаў і, нагнуўшы галаву, зноў пачаў піць...
— Брод шукайце... Пасталі, як дурні... Не відзілі, што ўскочыў... Мяхі падмачыла... Куды цяпер з мокрым. Брод глядзіце... — Боганчык, сагнуўшыся, круціў галавой — азіраўся.
— На старую вольху чаму не браў? Не ведаў, дзе брод? — Махорка цяпер гаварыў да Боганчыка цераз раку, махаючы пугаўём. — Штаны мог скінуць і сам прайсці памераць... Баяўся ў вадзе памачыць...
Было відаць, як Боганчык пачаў тузаць жарабка за лейцы, не даючы піць.
— Апражэшся, падла!.. — закрычаў ён немаведама на каго: на Махорку ці на жарабка.
Махорка, падкасаўшыся па калені, палез у раку, пайшоў наперадзе ў Сібірака, узяўшыся за аброць, наўскасяк на старую без верху вольху на тым беразе: мінаў яму, у якую ўскочыў з калясьмі Боганчык. Вада Махорку не дайшла да калень.
За Махоркам, выставіўшы белыя лыткі, павёў за грыву сваю кабылу Панок, не астаючыся ад воза. Азіраўся ўсё назад, баяўся, мусіць, што з'едуць мяхі.
— Што раты разявілі?.. Нянька трэба ўсю дарогу... — закамандаваў з ракі цяпер яму, Алёшу, Боганчык.