Выбрать главу

— Не кіпі... Астудзім. Вада халодная — пал як рукой здыме... — зноў схапіўся з ім Махорка.

— А ты што? Наняўся?.. Хопіць мяне падтыкаць усю дарогу... — Боганчык бубніў з ракі, як адкуль з ямы. — Я вам не Янук. Янука ўссадзілі на калёсы, дык яму... усё роўна, ці ў камендатуру, ці на могілкі пад Сушкава... А мяне ў пятлю не ўсадзіце... Не-е... Усё вёску бароніце... Баечкі ўсё гэта... С...ку падцёрці... Будзе з намі, што з Людвіновам... Не відзілі? Стаялі, вочы патарашчыўшы... Шчасце, што ў немцаў бельмы павылазілі — не згледзелі. Ад гэтых то мая паперка вас бы не закрыла...

— Кіне ён ці не... сквярціся са сваёй паперкай?.. Што гэта чалавек надумаў сабе?.. Ці сціхне ён ад маёй галавы?.. Усю дарогу... Адно і тое... Адно і тое... Астыў ужо. І пашчэнкі не баляць. Мала лупіў немец... Мала...

На Боганчыка правілася Наста.

— Ды ён... сама, баба, знаеш... — Мірон махаў рукамі пасярод ракі. — Жыта намачыў... Скуру сваю памачыў, каб не загарэлася... — Пасля ён загаварыў, аж заікаючыся, як Панок: — А вёска сух-хая, ты гэта ведаеш!..

— Не-е... Я вам не нябожчык, што вы мяне павезяцё на якія захочаце могілкі... — Боганчык, здалося, пацішэў. Учапіўшыся за падсядзёлак на спіне ў жарабка, ён ішоў па аглабні, каб скочыць на бераг: баяўся абмачыцца. — Каму яно, мокрае, здалося? Немцам?.. Яно ім і сухое так было трэба, калі яны ўсю вёску паліць былі сагналі... Байкі! Ямы ім трэба было, каб людзі адкрылі... Пуста ў вёсцы, хоць шаром пакаці...

— Дык, можа, і мне абярнуць воз у раку? Можа, і ўсім? — Махорка, нагнуўшыся, засіліў жменяй вады і плюхнуў сабе на шчокі: паласкаў. Лоб і шчокі ў яго былі аж чырвоныя. — Герой... Ён адзін немцаў збіраецца голадам марыць... Мы толькі кормім... Но-о... — як былі ў Махоркі ў руках пуга з лейцамі, так ён і сцебануў каню па спіне: і пугай і лейцамі... Пасля, адвярнуўшыся, крыкнуў яму, Алёшу: — Заснуў на беразе? Наста павядзе Таніну кабылу... За Панам... А ты пускай каня аднаго за Януком. Сам — на Буланчыка і пугай пад хвост. Ацямнеем у рацэ. І вярніце за мной. На сухую альшэвіну... Там беражніца ніжэй. Боганчык з ямы ніяк не вылезе. Зямлю зрываць трэба... Но-о...

Маленькі гняды Сібірак яго кідаўся ў бакі, было чуваць, як трашчаць аглобні.

— І не стойце ў рацэ... З берага паіце. Колы пасярэдзіне заносіць... Пясок гоніць... Не выедзеце... Паглядай, Пан, на Таню. Дзяўчына высака ляжыць на возе...

Махорка сціх, упёршыся рукамі ў мяхі — падпіхаў.

Алёша хацеў прывязаць каня за Януковы калёсы, за ляжэйку, але яму, адвярнуўшыся, махаў рукой Янук, паказваючы на яго, Алёшавага, каня. Алёша здагадаўся: конь пойдзе сам, не баіцца вады — старыя людзі коней у вёсцы зналі.

Калі Алёша сеў на Насціных калёсах на мяхі, Наста ішла ўжо берагам у раку, ведучы Таніну кабылу: учапілася адной рукой за аброць, другой падняла высака спадніцу — вышэй калень. Было відаць, як на возе, раскінуўшы рукі, мусіць, узяўшыся за ляжэйкі, калышацца разам з мяхамі Таня і падымае галаву ўверх: глядзіць, што робіцца на тым беразе.

Янук пагнаў каня, і Алёша, згледзеўшы, як адразу крануліся з месца Януковы калёсы, тузануў за лейцы: здалося, астанецца адзін на беразе. Буланчык сыпануў жвіру аж на мяхі, адсеў узад, і Алёша, сціснуўшы ў жмені лейцы, стаў круціць імі ўгары, як круціў кожны раз на свайго каня, калі той наравіўся.

За ракой, на тым беразе, раптам падняўся ўгару пыл, белы, як ад попелу, якраз проці Боганчыка. Тады там ударыла па зямлі, што скінутае з пня дрэва...

Ці-іў... — засвісцела ценка над галавой і сцебанула па альшэўніку на тым баку ракі ўсё роўна як пугай.

— Янука перайміце! — загаманіла ў рацэ Наста; пасля крычаў Махорка, цяжка было разабраць — што.

Алёша ўбачыў, як скочыў з месца Янукоў белы конь, мінуў Таніны калёсы і панёс Янука ў раку, туды, дзе быў ехаў Боганчык. Згледзеў пасля толькі, што Янук падняўся на возе на калені.

— Янука... Янука перайміце!.. — крычала ў рацэ Наста.

— Раз'язджайцеся, не стойце. На той бок... На той бок... — камандаваў Махорка.

Янука з калясьмі не было відаць з-за беражніцы. Алёша ўбачыў цяпер, як выехаў на той бераг з возам Боганчык і, седзячы на мяхах, гнаў свайго жарабка дарогай, недзе туды, дзе падняўся быў на полі белы пыл. Пасля згледзеў, што Махорка завярнуў у альшэўнік каня і бег назад да ракі.

Другі раз бухнула ў самай рацэ, злева, недалёка ад іх, ядрана, з трэскам, аж зазвінела ўвушшу. У тым месцы паднялася ўгару вада, як слуп.

«Немцы згледзелі...» — падумаў Алёша і ўбачыў, што вернуцца набок калёсы і сунуцца на ляжэйкі мяхі. Ён выпусціў з рук лейцы і злавіў ляжэйку; Буланчык, акруціўшыся, скакаў у аглобнях навыцяжку ў той бок, адкуль яны ехалі, пад сады.