Цяпер Алёша не мог сказаць і слова: гэтулькі многа яна гаварыла. Нагнулася зусім над ім: вочы ў яе былі шэрыя і бліскучыя і стаялі на адным месцы, калі глядзелі на яго.
Яму хацелася сказаць, каб яна не ішла дамоў у Паляне, бо яе ж заб'юць паліцаі. За брата. Зловяць і заб'юць... Яны спалілі хату, заб'юць і яе. Але яна гаварыла і гаварыла без аддухі, і ён маўчаў.
Пасля яна адышлася і апёрлася плячыма на слуп ад качэляў.
— А я ўсё роўна пакалышуся... — сказала — і адразу як падмяніў яе хто. Ускочыла на лавачку, схапіўшыся рукамі за палкі, і крыкнула на ўвесь гарод, Алёша аж спужаўся:
— А ты падбі мяне!.. Пакуль адна раскалышу-уся...
Калі высака, уровень са страхой, падлятала лавачка, у зямлі краталіся слупы. Між зямлёй і слупамі былі ўжо ладныя ямкі, і туды сыпаўся перацёрты нагамі сухі пясок. Вось уверсе ў слупах была падмазана старым сухім дзёгцем, і цяпер, разагрэты і развэдзганы, ён цёк па слупе — пісяга была ўжо нізка ля зямлі: ля самай лавачкі...
— Сукенку глядзі!.. Запэцкаеш... Не падбівай!.. — паказаў ёй рукой на слуп Алёша.
— Хэ-хэ-хэ... — яна засмяялася моцна, недзе было чуваць аж у хаце, і закруціла галавой. Каса зляцела ў яе з плячэй і сцёбнула па слупе. — А я не баюся... І ўдваіх калыхацца не баюся... А ты маўчаў. Не хацеў мяне пускаць... Сазнайся... А на лавачцы можна стаць і ўдваіх. З аднаго і з другога боку. Удваіх лягчэй падбіваць...
Яна згінала ногі ў каленях, аж прысядаючы, і пасля з усёй сілы падбівала лавачку, падлятаючы вышэй страхі. Краталіся ў зямлі слупы, і падпоры, здавалася, выскачаць, і на Вандзю было боязна глядзець. А яна не сціхала:
— А я не баюся... І дамоў схаджу, не баюся. Гэта ты баішся... І немцаў я не баюся, а ты баішся... А мой брат цяпер партызан... І яго заб'юць паліцаі, калі зловяць. А яны яго не зловяць... І мяне не зловяць. І ты мяне цяпер не зловіш... — яна зноў памаўчала была. — А гэта праўда, што нам трэба было ўцякаць, калі брат перайшоў у партызаны? А я не хацела ехаць з дому...
Летучы разам з лавачкай, яна гнала перад сабой вецер, і Алёша пачуў, як яму робіцца холадна. Ён бачыў, як вецер задзірае Вандзіну белую сукенку вышэй калень, і не мог тады глядзець на Вандзю... А яна, прыціхшы, усё падбівала і падбівала нагамі.
Алёша тады закрычаў. Пачуў пасля, як ззаду стукае нехта ў шыбіну з хаты. Аглянуўся — апёршыся на падаконнік, ля акна стаяла маці і трасла пальцам.
Ён зноў тады закрычаў, не могучы злавіць лавачкі і не ведаючы, што рабіць...
— Баішся... Баі-ішся... — смяялася Вандзя. — Я-ткі знала...
Тады Алёша падумаў, што Вандзя можа зваліцца на каменне, якое ляжыць пад прызбай пад варыўнёй; можа зляцець і на плот ад вуліцы, якраз туды, дзе пралазяць і дзе выбіта нагамі бульба па пярэчцы...
— Паляціш!.. — ён падскочыў да слупа і хацеў злавіць лавачку. Яму ўдарыла па руцэ ля костачкі і счасала скуру...
Махнулася ў акне маці — пайшла на двор — з хаты ўсё відаць...
— Баі-ішся!.. — засмяялася зноў Вандзя, адкінуўшы галаву. Каса з-за плеч пераляцела ёй на грудзі і акруцілася ля шыі. Ён згледзеў пасля, як Вандзя, летучы ад вуліцы, ад плота назад да варыўні, аж прысеўшы на лавачцы, падбіла яшчэ нагамі, як на край варыўні, над страхой, з-за якой тырчаў асвер, узляцела ракета і павісла ўгары. Чырвоная і яркая, яна доўга стаяла ў хмурным небе, тады стала ападаць, як пераваліўшыся цераз што, і рассыпалася над варыўнёй на іскры. Яму здалося, што сцебанулі нечым калючым па веках...
Тады за гумнамі, на Карчаваткі, зайшоўся кулямёт, доўга і несціхана. Калі ён быў сціх, захлопалі стрэлы, часта, адзін за адным, як хто кідаў з вуліцы каменнем па варыўні па страсе.
— Дзеці... Марш дамоў... Знайшлі гулі... — загаварыла на двары маці, азіраючыся на вуліцу. — І нікуды не адыходзіцца ад вуглоў... — папраўляючы на галаве хустку, маці вярнулася ў сеначкі. За варыўнёй на Карчаватках аціхла, пасля там зноў пачалі страляць.