Выбрать главу

«Немцы ідуць з Даўгынава... — падумаў Алёша. — Праз Вілію...»

Калі ён глянуў пад прызбу на пярэчку, убачыў, што ў бульбеўніку ля варыўні ля камення сядзіць на каленях Вандзя. Адвярнулася ад яго, глядзіць праз плот на лог, папраўляючы ў дзве рукі касу. Маўчыць, кратаючы ўсё плячыма...

Ён здагадаўся, што яна звалілася на каменне, і падбег да яе.

На рог варыўні, на шэрыя і халодныя воблакі зноў выскачыла з-за лесу ракета. Зялёная і цьмяная, яна не даляцела ўгару да асвера і патухла над самай страхой... Тады адразу перасталі страляць.

Калі Алёша апёрся на локці на мяхах, убачыў, што цёмна і што яны стаяць у лесе.

Балела рука ля костачкі — ссунулася на ляжэйку, і ён адціснуў яе пад галавой. Ён пачуў, як гавораць недзе наперадзе мужчыны.

— Дзе гэта магло быць? — пытаўся ў некага Панок.

— Недзе на шашы... Відзіш, правей ад імшары, якраз на прагале...

— Чорт яго, Мірон, знае... І Тартак у тым баку... — гэта зноў гаварыў Панок.

— Тартак лявей, ты што?.. Вунь, дзе месяц узышоў, там Тартак...

— А ракеты якраз там і былі... Едзем... у божы свет... А раптам н-немцы?.. — Панок пачаў заікацца.

— А можа, гэта і не ракеты... У вас ужо ў каторага ў вачах...

— Ды не-е, Наста... Яшчэ не паслеплі. Хто гэта храпе там ззаду на ўвесь лес?

— Хлапец хроп... Не злазіць з воза...

— Спіць усю дарогу... Во сон напаў. Глядзі, баба, ваўкі з'ядуць у лесе... Вінавата будзеш... — Махорка быў засмяяўся...

— Сціхні, Мірон... — азвалася Наста. — А дзе Іван?

— Наперадзе. Вунь ля жарабка на дарозе.

— Кліч сюды. Чаго стаіш?..

— Яно, Наста, само сталася! І ў Боганчыка і ў нас. Сунься лесам чорту ў зубы. Ноч. Ракеты не дзеці пускаюць. Не сходзіш жа, не паглядзіш? Не стралялі, не было чуваць?

— Я не чула. І так ад стрэлу за дзень галаву адбіла... І калёсы барабаняць...

Пасля Наста клікнула Боганчыка. Той адразу азваўся — быў блізка наперадзе — ішоў да іх. Падышоўшы, паказаў рукой на прагал у лесе:

— Ракеты. Аж дзве. Відзілі? На шашы недзе...

На дарозе стала ціха, хроп толькі ўперадзе Махоркаў Сібірак — сышоў з дарогі і скуб з-пад ног траву.

Алёша ўбачыў, што ўперадзе над дарогай, якраз ля прагалу, за лесам узышоў месяц-поўня. Свяціў двума крывымі круглымі краямі, мусіць, з-за дрэва. Недзе ў тым баку за ім дрыжала ад агню неба, як ад далёкай бліскавіцы.

Алёша падумаў, што быў заснуў ля Завішына, калі пераехалі раку. Спаў і не бачыў ракет.

Нізка, над самымі калясьмі праляцеў кажан, шапочучы крыллем.

Усхадзіўся быў вецер, падзьмуў дарогай, адагнаў машкару, што ўсмоль лезла ў вочы, і зноў сціх.

Дарогу ззаду, адкуль яны ехалі, схаваў туман, падпоўз аж да самых вазоў, заслаўшы, як палатном, прагал у лесе.

Над прагалам дрыжала не сціхаючы неба. Ля месяца над самым лесам яно было жоўтае; вышэй стаяў вялікі белы круг: на вецер і на безгалоўе.

Лезла ў вочы машкара, ліпла на шчокі, заядала. Калі Алёша павёў рукой па нагах, пачуў, што рукі былі мокрыя. Падумаў, што галёнкі недзе ўсе ў крыві...

Тады Алёша згледзеў, як яго конь стаў мінаць Януковы калёсы — зафорскаў і, нагнуўшы галаву, даставаў сухую траву з канавы ля дарогі. Ззаду пайшоў і Настулін Буланчык.

— То чаго чакаць, мужчыны?

— Хай хоць трохі адсапнуцца коні, Наста... Думаеш, яны не галодныя?

— Віднець скора пачне, Мірон. Не справімся. Ты знаеш, што ты гаворыш!..

— У лесе, Наста, лягчэйшая дарога. А коні пілі ў рацэ. Пасля вады конь слабне. Пастануць, тады... А назад улегцы, пагонім...

— Машка заядае... Каму б гэта прыйшло ў галаву ўзяць з дому пасцілку на ногі.

— Асталіся жыць, Наста. Машка не страх цяпер.

— Асталі-іся... З вёскі выпусцілі, дык у рацэ пабілі б... Як гэта нікога не зачапіла...

— Бог яшчэ ёсць...

— Адапні, Пан, лепш каня... Бо-ог... — перадражніў яго Махорка. — Ты, Іван, што маўчыш?

— Пайду і я адапну жарабка. Коні, як і людзі, есці хочуць...

Алёша тады падумаў, што яму вунь як хочацца есці. Не помніць добра, калі еў. Мусіць, учора вечарам у Карчаватках...

— Ведаеш, Наста, — зноў загаварыў Махорка, бразгаючы ў кішэні крэсівам, — думаў, мусіць, закурыць. — Калі ехаць, то толькі лесам. На Тартак... Зблізку немцаў я не баюся. А на шашы як секануць здалёку. Ноч. Насунемся знянацку. А ў лесе ноччу яны сядзець не будуць...

— А калі парцізаны...

— Ты ўжо, Наста, і парцізан баішся...

— О-ха-ха... Парцізаны, парцізаны...