Выбрать главу

— А што б яны памаглі? Вёска ў ваўка ў зубах. Не вырвеш.

— Парцізанам лягчэй. Ёсць чым бараніцца...

— Цяжка, Наста, і парцізанам. Відзіла, колькі на Дзвінасу машын пёрла?..

— Сама, Мірон, знаю. Калі ж усярэдзіне ўсё трасецца. Дзеці дома...

Махорка ёй цяпер нічога не сказаў; змоўкла пасля і Наста.

Тады Алёша ўбачыў, што мужчыны сцішыліся і слухаюць, пастаўшы ля Януковага воза.

Гудзела недзе ў канцы прагалу над Тартаком, дзе цьмяна свяціла з-за лесу поўня. Гудзела глуха і густа, як усё роўна шумеў ад ветру за імшарай лес.

Пасля Алёшу здалося, што гудзе пад зямлёй і яна дрыжыць пад калясьмі, пад нагамі ў людзей і ў коней... Ён убачыў, як вярнуўся да Януковых калёс спераду Боганчык, як Панок нагнуўся нечага над Януком, які ляжаў ніц на мяхах.

Тады Алёша саскочыў на дарогу. Калолася ў босыя ногі — на дарозе былі сухі мох і дробненькія патрэсканыя сасновыя шышкі.

Над прагалам у лесе пасвятлела — падняўся вышэй месяц, і Алёша бачыў, што мужчыны стаяць, задзёршы галовы.

Угары, у зацягнутым чорнымі палосамі небе, ішлі самалёты. Ішлі з Тартака. Іх недзе было многа, бо ўгары стаяў цяжкі гул, што ад грому. Ад яго, здавалася, звінелі і лес, і дарога, і ўся зямля. Пасля гул зрабіўся глухі і працяжны, аціхаў далёка ўгары, і здавалася, што неба ад яго стала высокае-высокае...

Самалёты ляцелі на Дальву, у той бок, дзе на небе за лесам яшчэ стаяла зялёная зара... Доўга ў тым баку стагнала зямля.

Алёша пачуў, як яго хапілі дрыжыкі, не лучаў зуб на зуб. Ён прыціснуўся плячыма да меха на Януковых калёсах і зашпіліў аж уверх замочак у рубашцы.

Мужчыны доўга маўчалі ля калёс, гледзячы ў неба і круцячы галовамі ўслед за самалётамі...

— Нашы... — сказаў тады ціха Махорка. — Бамбіць лётаюць ноччы. Аж у Германію...

Усе былі закраталіся ля калёс, але маўчалі. Закашляў Панок і закрактаў, узлазячы на воз. Тады, апёршыся локцямі на Янукоў воз на ляжэйку, Боганчык засіпеў, гледзячы на дарогу ў туман:

— На-шы... Такія, як вунь ля Леснікоў былі... Забыліся... І агнёў панакладалі, чакаючы... Як скінулі цацку, аж стрэхі пазрывала. Акруціліся і яшчэ раз скінулі. Гэтыя каб скінулі...

— О-хо-хо... Што там дома... — забедавала Наста, завязваючы хустку, і Боганчык сціх. Завярнуўся пасля і пайшоў у альшэўнік. — І Буланчык мой не есць, апусціў галаву... О-хо-хо... Што там робяць дзеці?

— Не адыходзься далёка... — крыкнуў услед Боганчыку Махорка. — Вайна не вайна, а ў кусты ганяе, не глядзіць на немцаў...

— Ты, Мірон, свайго і перад бядой не кідаеш...

— Мы яшчэ пажывём, Наста...

— Пажывё-ём...

Яны памаўчалі.

— Будзем кратацца, Іван. Адзін ад аднаго не ад'язджацца. Хай коні ідуць за калясьмі. І ты свайго жарабка не пры надта. А то — не дагнаць... — зноў загаварыў Махорка.

— Можаш заязджаць наперад... — буркнуў Боганчык, вылазячы з кустоў.

— Не глядзі зверам, Іван. Ноч на дварэ. І ты гэта знаеш... — гаварыў і махаў пугаўём Махорка. — Ехаць будзем ціха. Калі што якое — не сядзець на калёсах. За дзяцьмі Наста будзе глядзець. Янук хай спіць... З яго драбін не вывалішся. І Таня добра што заснула. Мэнчыцца з балючай нагой...

Алёша пайшоў назад за Настай — яна памалу-памалу, як нямогучы, перастаўляла ногі. Завярнулі на дарогу коней. Пасля, сеўшы на мяхі, пад'ехалі адзін за адным да Януковых калёс.

— Усе там, ззаду? — загаманіў моцна Махорка. — Не аставацца...

Прагалам пайшлі адгалоскі.

— Не спі, сын... — Алёша пачуў, як яго клікнула Наста, і падумаў, што яму вунь як хочацца спаць. Не служаць ні рукі, ні ногі — нават языком не кранеш.

Конь, ідучы, усё яшчэ скуб траву ля дарогі, і Алёша падумаў, што хочацца есці, не праходзіць голад.

Яны праехалі дарогай — уехалі ў самы прагал і зноў сталі. Боганчыка зусім схаваў з вачэй туман, і невядома было, што робіцца ўперадзе. Зноў злезла з воза Наста — ішла да яго, Алёшавых, калёс, кінуўшы аднаго Буланчыка.

— Зноў наперадзе нешта, сын... — зашаптала яна. — Так бы не сталі. Не спі, глядзі... Помні, што я сказала...

Тады Насту клікнулі. Махорка, мусіць.

— Нехта стогне там, уперадзе... Не спі, сын... — Яна кінула ў яго на возе на мяхах дубец, якім паганяла яшчэ ля ракі Буланчыка, калі той не хацеў ісці ў ваду, і пакраталася наперад, мінаючы Януковы калёсы. Янук замычаў, мусіць, спрасоння, лежачы на мяхах, і зноў стала ціха, нават не храплі коні. Было чуваць, як ідзе дарогай Наста: дуг, дуг. Калі Наста схавалася за Танінымі калясьмі, Алёшу хапіла стужа. Ён ссунуўся з мяхоў на дарогу і дагнаў Насту ўжо ля Махоркавых калёс. Махоркі на возе не было, не было і ля каня. Не відаць было нідзе і Боганчыка.