Выбрать главу

Ужо ля Боганчыкавых калёс Алёша згледзеў, як, сышоўшы з дарогі, у прагале стаяць мужчыны. Двое — Махорка з Боганчыкам. Панок быў ззаду, воддаль — прыхінуўся да сасны, як прыкарэў.

Яны падышлі з Настай да Панка.

— Скажы ты... — загаварыў Махорка да Насты, сціха, як шаптаў. — Не магло ж нам здацца... І мне і Івану... Чалавек стогне.

— Дзе чалавек? — Наста зайшла ім наперад і, натапырыўшыся, глядзела ў прагал.

— Ды тут недзе недалёка... — паказаў Махорка рукой, усё роўна што сабе пад ногі. — Я ўжо і клікаў... Стагнаў быў, пасля сціх.

— І я, Наста, чуў. Аж з калёс, едучы, — кашлянуў Панок.

— Які тут у чорта чалавек... Маюць жа вушы... — загаманіў быў моцна Боганчык.

— Ціш... Сам жа чуў... — шыкаў на яго Махорка.

— Што вы ўсё шыкаеце... Стогне, стогне... Дзяўчына на возе стогне. Ехаць трэба, калі што думаем. Ну і людзі...

— Адыдзі... — Махорка махнуў быў на Боганчыка рукой.

Усе тады як ураслі ў зямлю.

Нічога не было чуваць.

Выплыў з-за лесу месяц і вісеў цяпер ля цёмнай, што конь з нагамі і галавой, хмары. Павіднела. У тумане была знаць уперадзе дарога — ішла прагалам — і было відаць, як на моху ля ног ляжаць леташнія белыя сасновыя шышкі.

Пасля далёка ў прагале, на балоце, мусіць, закрычала патрывожаная кнігаўка. Кнігавак, відаць, было многа, бо адна не спраўлялася б так часта крычаць. Турчалі жабы, моцна, на ўвесь лес — аж ішлі адгалоскі...

Алёша доўга глядзеў у прагал — у вачах ужо зрабілася аж два месяцы: адзін адбягаўся ад другога і каціўся па небе да самага лесу.

На зямлю, на голую дарогу, ад сосен падаў цень, шырокі, разгаты, і ляжаў, як на чыстым абрусе.

Алёша пачуў, што холадна ў ногі. Пасля стала холадна за плячыма.

— Паедзем... Дзяўчына на возе стогне. Агнём бы яно ўсё пайшло ад маёй галавы... — вылаяўся быў Боганчык і ступіў да Махоркі — невядома чаго.

— Што затросся, як спаліржаваны? А калі чалавек там? — крутнуўся да яго Махорка.

— Чалаве-е-к... — перадражніў Махорку Боганчык.

— Дык што? Мінаць чалавека? Чалавека я ніколі не мінаў... — Махорка адразу тады ўзлаваўся... Лапаў за кішэні ў штанах, як чаго там не знаходзячы.

— Не мінаў... А дзе дзенеш, падабраўшы? Хоць тата з таго свету — дзе дзенеш? Сваіх поўныя калёсы. І хворых і здаровых. Стогнуць. Дзяўчына вун...

— Віш, бацька знайшоўся. Горлам браць... Не крычы. Чалавек стогне. У сасонніку, мусіць, — паказаў Махорка раптам зноў рукой у прагал.

— Ну і чорт з ім, хто дзе цяпер стогне. Зямля ўся стогне. Усіх не наслухаешся. У нас свае, вун... Вёска цэлая стогне...

— Ціш... — махнуў на яго рукой Махорка.

Тады Алёша пачуў, як збоку ля іх, на прагале ў сосніку, нехта стагнаў. Пасля закашляўся Панок, і зноў нічога не было чуваць.

Калі яны прыйшлі за Махоркам у соснік, Алёшу здалося, што ў высокай белай мятліцы ляжыць, выцягнуўшы ногі, конь — чорны, задам да іх. Конь быў адразу застагнаў, тады пачаў храпсці недзе пад сябе ў густую траву... Здавалася, нават не пачуў, як падышлі людзі...

— Ло-ось... — загаманіў Махорка. — Ідзіце бліжэй... Са спіны толькі... Ля ног не стойце... Не стойце... Ён нагой аглабню сячэ. Адступіся, хлапец, не лезь усмоль... Чаго ты тут?.. Сядзеў бы на калёсах. Пазбягаліся ўсе...

Алёша тады адышоўся ад Махоркі і стаў ззаду за Настай.

Махорка ступіў да лася, нагнуўся і глядзеў недзе ў траву, дзе кашляў лось...

Лось быў кароткі і тоўсты, але здаваўся вялікім — каб устаў, зраўняўся б з Буланчыкам. У яго была шырокая і кароткая шыя, і на ёй расла маленькая грыва. Галава ў лася была доўгая, вузкая, з гарбом ля храп і з вялікім бліскучым вокам, якое глядзела некуды ўверх — на месяц. Ніжняя губа ў яго абвісла, як мокрая ануча; вушы, круглыя і шыракаватыя, што ў каровы, натапырыліся і стаялі.

Лось быў не чорны, як здалося спачатку. Толькі на спіне ў яго ішла чорная паласа, вузкая, на руку; ногі і галава ў яго былі бурыя, а сам ён увесь цяпер, зблізку, здаваўся шэрым і бліскучым, бы ўсё роўна ў расе... Можа, што на яго свяціў месяц...

Рогі Алёша згледзеў пасля ўжо: яны, чорныя і вялікія, што саначкі, ляжалі ў белай траве, усё роўна як асобна ад галавы. Краталіся разам з галавой толькі, калі лось кашляў, і тады паролі зямлю...

— Падбілі... — зноў загаманіў на ўвесь соснік Махорка. — Уся шыя пасечана... Аж мяса павыпірала... Крыві пад ім чорная лужына ў траве. І з храп кроў цячэ. Не падыходзьце... Падурнелі?.. Адступіцеся!..

Лось захроп і пачаў круціць галавой... Угару з-пад рагоў паляцела зямля. Пасля сцішыўся і стаў часта дыхаць, ажно хадзіў у яго хадуном жывот.

— Не падыходзь, Наста! — крыкнуў цяпер Панок.

Мужчыны самі адышліся далей, і Панок пацягнуў Насту назад за руку.