Выбрать главу

Лось раптам падагнуў пад сябе пярэднія ногі, крутнуўся на бок, падняўшы галаву з рагамі, і ўстаў на заднія. Пярэднія ў яго былі цяпер сагнуты, і ён, дрыжучы, апіраўся на калені. Пастаяўшы на каленях, ён задзёр яшчэ вышэй галаву, паклаўшы на спіну рогі, што дзве шырокія лапаты, і зарыкаў. Моцна, як толькі мог, — прагалам далёка пайшлі адгалоскі; балюча і жаласна, што карова, калі ад яе адсаджваюць цяля; пасля ціха, задыхаючыся і круцячы галавой у бакі... Тады раптам асеў, грукнуўшы грудзьмі на карэнне і ўдарыўшы пысай аб зямлю, і сціх, лежачы на жываце і на падкорчаных пярэдніх нагах. Пасля ўсхапіўся зноў на заднія ногі і скочыў уперад, дзе не было людзей, — неяк піхнуў сябе аднымі заднімі нагамі, пярэднія ў яго былі сагнуты ў каленях і цягнуліся па зямлі, і адразу ўпаў на траву ў свежым месцы і стаў біць нагамі па зямлі. З-пад яго паляцеў мокры мох і дзёран, тады сыпанула шорсткім жвірам...

Пасля лось зноў стаў на заднія ногі і, ужо не могучы падняць ад зямлі пярэднія, пачаў круціцца на адным месцы, як ушчаміўшы ў што галаву. Абваліўшыся на зямлю, ён качаўся з боку на бок і страсаўся, як ад вады, — з-пад яго зноў паляцела зямля і пырскі ад крыві. Біў заднімі нагамі, рвучы з карэннем малады соснік і рыючы ля сябе яму. Ён ляжаў ужо на адным баку, не пераварочваючыся, і біў нагамі толькі ля сябе пад бокам... Памалу — ногі ў яго дрыжалі і выпростваліся, як ад сутаргі... Пасля ён зноў рвануўся з зямлі, хочучы ўстаць на ногі, і ссунуўся ў яму, якую вырыў нагамі збоку... Застагнаў ціха і цяжка, што чалавек.

Адразу стала ціха; не грукала зямля, і было чуваць, як у лася з рагоў сыплецца на траву жвір — шапоча — і кратаецца высокая белая мятліца ля задніх ног...

Мужчыны доўга маўчалі, стоячы, тады Махорка сказаў, нібы сам сабе:

— Во і смерць, Наста... Падбілі!.. Баі на Паліку пачаліся. З Паліка лось. Каля нас іх цяпер няма...

Пацямнела на прагале: на месяц насунулася краем чорная хмара — конь з нагамі і галавой, пашырэла, распаўзлася ў бакі.

Ля чорнага на зямлі лася відаць быў жоўты пясок, цьмяны, рассыпаны; здавалася, было чуваць, што пясок сыры і халодны. Запахла свежай зямлёй, як пахнуць дома ля лесу ямы, дзе хаваюць на зіму бульбу.

Алёшу схапілі дрыжыкі, ён пачуў, што яму холадна ўсяму і коле ў плечы; пасля пачуў, як у яго ляскаюць зубы.

Наста была ўзяла яго за руку.

...Калі яго на калёсах пачало кідаць з боку на бок і зноў сталі зліпацца вочы, яму здалося, што ён дома пад хатай на качэлях. У бульбеўніку ля варыўні, седзячы на каленях, зарагатала Вандзя, моцна, на ўвесь гарод. Яна нават не ўдарылася аб каменне — смяецца.

Калі ён адплюшчваў вочы і падымаў галаву, чуў, як глуха стукалі на карэнні калёсы.

8

Далёка ззаду, у тым баку, дзе яны мінулі прагал, зарыкаў лось, моцна, на ўвесь лес.

Апёршыся на локці, Панок усцягнуў на мяхі ногі.

Зноў зарыкаў ззаду лось, і Панок, натапырыўшыся, слухаў. Спаць не хацелася. Але калі ён слухаў, лася нідзе чуваць не было — ляскалі толькі калёсы і хроп конь.

Тады Панок падумаў, што лось недзе цяпер і не рыкаў, што рык стаіць у яго, Панка, у вушах, усю дарогу: ці спіць, ці не спіць — яшчэ з Карчаватак, ад учарашняга.

...У Карчаватках раніцай ён баяўся класці агонь, хоць у Лазе стаяў туман, як дым. Сюды, у Карчаваткі, у Лазу, яны перайшлі ўчора вечарам, як сталі блізка ззаду страляць — мінулі кладкі і крыніцу ўсім канцом вёскі...

У яго, у Панка, дзеці спалі на стажар'і, якое ён зрабіў вечарам на купіне, насекшы і насцяліўшы высака, у калена, лазы, — спалі трое пад адным кажухом, накрыўшыся з галовамі... Чацвёрты, Ваня, быў у Веркі на руках, абкручаны вялікай пяньковай Верчынай хусткай разам з падушачкай — падушачка была падкладзена яму пад плечы. Мякчэй дзіцяці, і не так мярцвеюць калені — патрымай усю ноч, калышучы і баючыся, каб яно не нарабіла крыку... Панок сам браў хлапца ноччу на рукі, калі той плакаў: змаглася была Верка...

Верка сядзіць з краю на стажар'і з хлапцом на каленях, апусціла галаву, як спіць. На грудзях у яе адхінулася нажутка — з-пад нажуткі відаць бутэлечка з малаком, поўная, аж у рыльца, і соска. Жоўтая, вялікая, даваенная яшчэ; расцягнутая, з шырокай пракушанай дзіркай, яна тырчыць з-пад пахі, як палец...

Верка хавае бутэлечку пад пахай і ўдзень і ноччу: грэе малако.

Туман халодны, сыры, нават зблізку відаць, як ён вісіць угары над стажар'ем. Дыхаеш — здаецца, аж ліпка ад яго ўсярэдзіне, і пачынае тузаць кашаль. Панок тады прысядае і, схапіўшыся за лоб, сціскае рукой галаву... Пасля падносіць другую руку — кулак — да рота, як рабіў ён кожны раз дома ў хаце, калі спалі дзеці і яго біў кашаль. Глянуўшы спадылба, бачыць, як натапырылася на стажар'і ля дзяцей Верка, падняла галаву і глядзіць то на яго, то на калені, на дзіця; пасля азіраецца ў бакі. Панок бачыць тады, як адыходзяцца ад іх людзі, ціснуцца ў лазу.