У Карчаватках у Лазе толькі ў іх адных карова. Кароў усе пакідалі ля падвод на бары, калі ззаду пачалі страляць. Адзін ён прывёў карову сюды. У іх жа малое на руках... А ў Веркі зарвала малако. Пабыло і зарвала. Як у Даўгынаве «Жалязняк» браў другі раз гарнізон — ад таго...
Ён не помніў, як перайшла карова цераз кладкі і цераз крыніцу. У Карчаваткі ў балота ніколі не пускаўся ніводзін пастух — здаўна.
Саганок стаяў ля агню, уехаўшы ў мох. Быў накрыты вялікай патэльняй — патэльню з саганком, мусіць, нясла цераз крыніцу ў хатулі за плячыма Верка.
«Няскора ўскіпіць малако на такіх дрывах...»
Тапор ляжаў ля стажар'я ў галавах, і Панок, нагнуўшыся, асцярожна падняў яго, каб не разбудзіць дзяцей. Стары, яго ўжо раз накладалі ў кузні, з чорным у смале тапарышчам, — Панок сек перад самай блакадай жэрдзе ў сосніку, думаў ставіць ад рэчкі ў гародзе новы плот, — тапор быў цяжкі і адцягваў руку. Калі Панок, замахнуўшыся, секануў па елцы ля камля па сухіх суках, тапор зазвінеў, і па лесе пайшлі адгалоскі. Панок тады ўзяў тапор ля самага абуха...
— Здурнелі Панкі... Што яны робяць... — загаманіў нехта за імі ў Лазе. Мужчына. Голасу Панок не пазнаў. Ён не ведаў, дзе цяпер у Лазе хто быў... Лаза вялікая, а многа хто пайшоў учора, калі пачалі ззаду страляць, адразу цераз усё балота на Баркі.
Ад стажар'я была відаць адна Сяргеіха з дзяцьмі — выбрала месца блізка ля іх.
У Сяргеіхі спалі ўсе покатам, накрыўшыся пасцілкамі. Калі Панок зірнуў цяпер у той бок, дзе зноў зарыкала карова, угледзеў, што многа дзе кратаецца лаза, і пачуў, што людзі гавораць адзін да аднаго шэптам: не ўсе ўчора пайшлі адразу на Баркі...
Нечага баяцца: дыму з вёскі ніхто не згледзіць, усюды туман. Агонь раскладзены пад самай елкай, дым ідзе ўгару па дрэве, хаваючыся ў лапках. Трэба толькі схадзіць прывясці і навязаць бліжэй карову, а то будзе рыкаць увесь час, гледзячы на стажар'е, дзе Верка, і будуць наракаць людзі ўсёй вёскай...
— Верка... — сказаў ён, паказаўшы на кладкі...
— Схадзі сам... На зямлю выдаі... Няма ж у нас больш у што даіць... Не выдаіш, то яна будзе нудзіцца і нудзіцца... І тапор вазьмі... Там дзе і лапак насячэш. Мне цяжка адысціся. Малы ўсё кратаецца. Хоць ты пабудзі вазьмі каторага, каб ганяў камароў... Ныюць і ныюць, галодныя, людзей пачуўшы. Ідзі здаі... На новае месца перавяжы... Абабіла пад нагамі ўсё за ноч... Гразь адна чорная...
Верка гаварыла моцна, на ўвесь голас, як дома; здавалася, яна нічога не баіцца: ні таго, што з вёскі могуць згледзець дым, ні таго, што рыкае карова... Пасля Веркі ў Лазе пачалі гаманіць і людзі; уставалі. Бразнула блізка ў некага вядро; кашлянулі...
Тады Панка зноў хапіў кашаль.
Нагнуўшыся да зямлі, да самай травы, ён убачыў, як з-пад ног папаўзла ў траву гадзюка — уцякала... Ён доўга глядзеў у той бок, дзе кратаўся круглец, тады зірнуў пад сябе. Пачуў, што зайшло ў ногі: быў абуты ў лапці, і ногі змоклі да калень.
У ногі холадна было ўсю ноч, намоклыя аборы рэзалі костачкі, і ён пераабуваўся аж два разы, перакручваючы анучы сушэйшым хвастом на пальцы... Мусіць, ён прастыў з начы, бо памінутне б'е кашаль. Перш так не біў.
Ля Лазы на голым месцы быў высокі круглец, за калені, і, здавалася, аж гнуўся ад расы. Панок пачуў, як стала свежа ў галёнкі — нанава моклі штаны і ліплі да цела. Ля альшэўніку, на сушэйшым, дзе тырчала нізкае куп'ё, расла дробненькая балотная папараць і ценкае зялёнае трысцё. Пад ім на кароткім белым моху ляжаў леташні высівераны сівы хвошч і шапацеў пад нагамі.
Туман падняўся ўгару, з-за яго цяпер свяціла вялікае круглае сонца; зверху сыпалася дробная, што пыл, імжа, як увосень.
У дробным альшэўніку, дзе стаяла карова, цвіла трава-рабінка — на высокіх дудках тырчалі жоўтыя квяты — і пахла на ўсё балота.
Карова за ноч здрабяжыла нагамі пад сабой усё на свеце — рэзалі недзе камары — і стаяла цяпер у гразі, што дома на двары ля хлева, калі яе дажджом рана прыганялі з поля.
Повад быў шорсткі і цвёрды, стаяў, як прут, — яго была ўтаптала нагамі ў гразь карова, — і высморгваўся з рук, калі карова матала галавой. Панок акруціў яго каля рукі, заціснуўшы канец у жмені. Повад быў са старога леташняга павіванага пастронка; карова, тузаючыся, надарвала яго — лопнула адна столка.
Калі затрашчала ўперадзе ў альшэўніку, як ад перуна, і выслізнуў з рук повад, Панок скочыў уперад і, злавіўшы яго за самы канец на зямлі ў траве, паляцеў локцямі ў ваду... Пачуў, што цягнецца па зямлі і нешта цвёрдае ўпёрлася спаднізу ў жывот...