Выбрать главу

«Тапор... Быў падаткнуты пад дзягу...»

Яго адпусціла, і ён пачуў, што ляжыць на зямлі.

Ён ускочыў адразу на калені і ўбачыў, што карова павалілася на пярэднія ногі і падкорчыла пад сябе галаву: ля капыта ў яе акруціўся пастронак.

Стаўшы на ногі, Панок перацягнуў пад дзягай з жывата за спіну тапор і выпусціў з рукі пастронак. Карова не ўставала, ляжала, падагнуўшы пад сябе пярэднія ногі...

Тады зноў бухнула за альшэўнікам, сюды, бліжэй, пад самую Лазу, і засакатаў кулямёт на бары ля Крыніцы, дзе яны пакідалі ўчора падводы...

Зарыкала, лежачы, карова, глуха — пад сябе ў гразь. Закрычалі ў Лазе бабы, і загаласілі ў некага дзеці — не іхнія, ён пазнаў бы, — беглі далей цераз балота.

Ён зірнуў у той бок, дзе было іхняе стажар'е, і ўбачыў, як ядрана гарыць у кустах агонь — угарэліся недзе яловыя сукі, і над елкай ідзе высока ўгару дым: стаіць слупам, схіліўшыся на вёску...

— Карова!.. Валодзя!.. — закрычала яму здалёку Верка. — Я адна спраўлюся з дзяцьмі...

Верка тушыла агонь: раскідала пад елкай галавешкі, мусіць, выліўшы на агонь малако з саганка. Па Лазе цяпер папоўз густы сівы дым, як пара; сагнуўся, парваўшыся пасярэдзіне, высокі белы слуп, што вісеў угары над елкай...

— Карову лаві!.. — пачуў Панок, як зноў крыкнула яму Верка. Закінуўшы за спіну хатуль, яна падняла са стажар'я перад сабой на руках малога. Да яе ціснуліся, ускочыўшы спрасоння, дзяўчаткі. Маленькая зусім, не відаць з травы...

Пасля Верка крыкнула яму, каб ён кідаў карову — «Чорт з ёй!..» — і даганяў іх. Усе бягуць на Баркі.

Ён убачыў, як Верка з дзяцьмі і з хатулём на плячах схавалася ў лазе...

За крыніцай у бары зайшоўся кулямёт, хлебястаў без сціханага на ўсе Карчаваткі. Па лесе, па лазе і альшэўніку, пайшлі адгалоскі, далёка, аж у кут, дзе ў рудым тумане бегла на балота ўслед за людзьмі сонца.

Пасля Панок пачуў, што страляюць і на Барках, і за Карчаваткамі на пасецы, і ззаду за Кладкамі — ля вёскі на загуменні.

Біла заднімі нагамі па гразі карова, не могучы ўстаць, і яго пярыў кашаль...

Ударыла цяпер ужо далей, недзе на Барках, моцна, як громам... Ён падумаў, што рвуцца снарады, бо з вёскі згледзелі дым...

Панок адпусціў повад — карова ўстала на ногі і, падвярнуўшы пад сябе галаву, пацягнула яго, Панка, у альшэўнік — назад. Ён, упёршыся ў зямлю нагамі, не пусціў яе, пасля забег наперад і, узяўшы за рогі, павярнуў на Кладкі. Схапіўшы пасля за павадок ля самых рагоў, ён павёў карову цераз зашыек Кладкамі, учапіўшыся за рогі і прыціснуўшыся ёй да шыі. Карова матала галавой: яе ніколі так не бралі — за рогі і за шыю... На чыстым, дзе рос круглец, яна гразла за калені, падкідаючы нагамі гразь і кожны раз збіраючыся скакаць. На Кладках было цвярдзей пад нагамі — лучалася карэнне — і карова, скокнуўшы, страсанулася, атрасаючы з сябе халодную гразь. Панок пачуў, як яму заляпіла вочы...

Калі цяпер на бары ля крыніцы зайшоўся кулямёт — высака ўгары засвісталі кулі, заныўшы, як авадні.

Немцы стралялі з бору ўдоўж па балоце — згледзелі людзей... Трэба бегчы за ўсімі на Баркі, туды немцы не сунуцца цераз усё балота... Там жа наперадзе, на Барках, Верка адна з дзяцьмі. Карову можна навязаць тут, на Кладках, бо ненавязаная яна збяжыць. Толькі навязаная яна будзе рыкаць увесь час, гледзячы на Баркі, дзе людзі, і сюды прыйдуць немцы...

Угледзеўшы здалёку сіні дымок над вогнішчам пад елкай — тлеў, адкаціўшыся ад агню, мусіць, канец бярозавага гніляка, Панок здумеўся: будзе галоднае дзіця. Прыйдзецца даваць сухар з анучкі, размачыўшы і пажвакаўшы ў роце, а яно, галоднае, стане крычаць на чым свет стаіць, як крычала ўчора звечара...

За Кладкамі пайшоў рэдзенькі ценкі бярэзнік з дробным жоўтым лісцем і кароценькі чырвоны вербалоз — сцяліўся па зямлі. Травы тут не было: яе глушыў мох. Белы, даўгі, ён высака падняўся ад зямлі, усё роўна як вісеў на ценкім, пераплеценым журавінніку, зачапіўшыся галоўкамі, і ногі пад ім правальваліся ў балота аж на той свет. Панок ступаў, лучаючы на купіны, і, калі ехалі ў зямлю ногі, апіраўся рукамі карове на шыю... Думаў, што карова ідзе смялей за яго, бо лепш чуе, дзе цвярдзей.

Шумела высака ўгары і глуха біла за Баркамі на пасецы. Снарады ляцелі аднекуль здалёку, не з вёскі, мусіць...

За Кладкамі на бары стралялі кораценька і рэдка — з аўтаматаў. Пераціхала, тады білі з вінтовак, ядрана, як усё роўна секлі тапарамі па дрэве.

Лесам, мусіць, пайшлі немцы... На Баркі яны не дойдуць па такім балоце...

Калі Панок праваліўся раптам па самыя грудзі, убачыў адразу, што белага моху на балоце не было, скончыўся; наперадзе блішчала ад сонца вада, пасыпаная дробным лісцем. Наўкола зашыпела зялёная гразь — палезла з-пад вады з балота; з-пад яе выскоквалі вялікія сінія бурбалкі і лопаліся... Стала холадна ў ногі, аж закалола... Адна рука ў яго ляжала на нечым цвёрдым — ён агледзеўся, што на шыі ў каровы... Каровы не было відаць — тырчала толькі з гразі задзёртая ўгару галава з мокрымі рагамі. На рагах ляжаў повад, увесь у зялёнай гразі.