Выбрать главу

Баючыся, каб не захлынуцца, Панок ухапіўся карове за шыю дзвюма рукамі; тады пачуў, што лучыў нагамі на нешта цвёрдае — стаіць, як на кладцы. Згледзеў уперадзе перад сабой сасонку з сухім верхам і зялёнай лапкай, што расла ля самай зямлі. Убачыў ля сасонкі высокую чорную купіну. Ля яе быў паабдзіраны мох, і Панок па сівым пяску пазнаў, што наперадзе суха... Ён, мусіць, уваліўся ў старую крыніцу...

Карова, задраўшы ўверх галаву, раптам зарыкала моцна і жаласна, як да цяляці...

Панка тады аж падкінула. Ступіўшы наперад, ён пачуў, што ідзе па цвёрдым, і гразь займае толькі да грудзей. Повад у яго быў у руках, і калі зноў, задраўшы галаву, зарыкала карова, ён замахнуўся і сцебануў ёй па галаве. Раз, другі... З-пад павадка ў вочы паляцела ліпкая, густая і халодная гразь. Убачыўшы, як, боўтаючы пад сабой у гразі нагамі, пайшла карова, ён зноў стаў біць яе па галаве. Пасля, калі з гразі паказалася спіна, біў па спіне — сцёбаў мокрым павадком.

Ступіўшы на цвёрдае ля сасонкі з зялёнай лапкай, ён пазнаў, што кончылася балота, і ўбачыў, што адгэтуль ішла імшарына аж да самых Баркоў, куды пабеглі людзі.

Ля сасонкі з-пад мокрага сіпаку тырчаў востры шэры валун. Стаўшы на яго, Панок цягнуў карову за повад, пакуль яна, перабіраючы нагамі ў гразі, не ўпёрлася галавой у купіну. Тады ён зноў даставаў і сцёбаў ёй павадком па спіне, бо карова не магла ўзлезці на сухое. Увесь у ліпкай гразі, ён ёрзаў нагамі па камені і махаў рукой, у якой быў павадок, аж пакуль не схапіў кашаль...

Ужо на Барках, у ельніку, Панок падумаў, што карова, мусіць, адсапнулася, пакуль яго біў кашаль, і вылезла сама ля каменя на сухое. Карове няма цаны...

У ельніку ён згледзеў людзей. Збіўшыся ў кучу, яны ціснуліся назад, пад балота, і наперадзе была Верка з малым на руках — нясла, прыціснуўшы да грудзей, як ад каго хаваючы. Дзяцей не было відаць...

Калі, натапырыўшыся на людзей, зарыкала карова, ён страпянуўся, падумаўшы, што карова пазнала Верку, бо глядзіць уперад, задзёршы галаву і ліжучы языком па носе... Ён хацеў крыкнуць здалёку Верцы, чаму яны ідуць назад, але ўбачыў раптам, што ўсе пасталі і стаяць, згледзеўшы яго... Ціснуцца адзін да аднаго, збіваючыся яшчэ больш у кучку... Пад балота бегла толькі адна Верка, трымаючы перад сабой малога — хавала яго некуды пад паху, закрываючы падушачкай... З галавы ў яе з'ехала на плечы белая хустка, і рассыпаліся валасы. Яна нешта ціха крычала яму, азіраючыся назад, але ён нічога не чуў.

Калі, сунуўшыся да Веркі, зноў зарыкала карова, блізка, за Баркамі на пасецы, чырканулі кароценька з аўтамата, усё роўна што там зламалі сухое дрэва...

«Немцы... — страсанула яго. — Ідуць з пасекі...»

Тады ён пачуў, што на руках у Веркі плача, аж заходзіцца малы, і ўбачыў, што яна цісне яго пад паху, каб хаця не было чуваць крыку.

Зноў замычэла карова, нюхаючы пад сабой зямлю і цягнучы ў яго з рук повад — рвалася да Веркі.

— Вало-о-дзя! — крыкнула Верка; было зусім ужо блізка да яе, і ён пачуў. — Людзі... — яна паказвала назад.

Стралялі цяпер бліжэй, недзе ля Кладак.

Панок неяк тады адразу падумаў: перастраляюць усіх у балоце... Усю вёску...

Зноў зарыкала карова, і загаманіла да яго, Панка, Верка...

Ён выпусціў з рук павадок і забег наперад карове.

Тапор быў ззаду, ссунуўся аж за спіну, і Панок выцягваў яго з-пад дзягі абедзвюма рукамі.

Карова кратала вушамі, натапырыўшыся, задзірала галаву і глядзела ўперад, дзе былі людзі. Ён убачыў быў яе вока, цёмнае, вялікае, і рогі, закручаныя наперад...

Ён ударыў абухом паміж рог — з усёй сілы...

Карова асела на пярэднія ногі, як спатыкнуўшыся, тады ўскочыла і пачала круціцца на адным месцы, што сляпая.

Другі раз ён зноў лучаў паміж рог...

Пасля стаяў, трымаючы тапор у руцэ, і чуў, што тапарышча ўсё ў буграх ад смалы — нядаўна сек жэрдзе загарадзіць плот, каб у гарод ад ракі не лазіла скаціна. Карова ляжала ля яго на баку, выпучыўшы жывот, руды ад гразі і ў дробным зялёным лісці, што было насыпана на вадзе на крыніцы.

Ззаду за ім, за плячыма, стаяла Верка з малым на руках; воддаль былі людзі — уся вёска: ён убачыў іх, азірнуўшыся.

Тады яго хапіў кашаль; тапор вываліўся з рук і грукнуў аб цвёрдую зямлю ля каровы — ля галавы...