Зноў завылі ваўкі, недзе зусім блізка наперадзе.
Панок павярнуўся тады на мяхах, звесіўшы ногі з ляжэйкі на другі бок калёс, і стаў слухаць. Нідзе нічога не было чуваць; ляскалі толькі па карэнні ззаду колы.
Дарога ўсё спускалася ніжэй і ніжэй, як куды да ракі. Імшарыны збоку ўжо не было відаць: яе схаваў з вачэй туман. Адразу стала сыра; зрабілася цяжка дыхаць. Зачвякаў па гразі капытамі конь, пабялелі шыны на колах — сталі блішчаць.
Дарога ля імшары зноў пайшла прамая, і ўперадзе паявіліся падводы — сунуліся ў тумане, як дзве чорныя капы сена.
Нідзе не чуваць было ні голасу — здавалася, усе паснулі, забыўшыся на ўсё на свеце. Панок падумаў, што на возе калыша і самі ліпнуцца вочы.
Злезшы з мяхоў, ён, сагнуўшыся — балела спіна, — пайшоў ззаду за калясьмі, ступаючы босымі нагамі па мокрай траве. Пачуў, што холадна ў ногі, як усё роўна ідзе раніцай увосень на лог лавіць каня, а ўжо выпаў іней, пабяліўшы Зурэчча. Усходзіць сонца, у Дальве паляць у печах, і дым з комінаў падымаецца слупамі ўгару, пасля ападае адтуль на зямлю і сцелецца ля ракі на аселіцах. Ціха, скрыпяць толькі ў вёсцы асверы і вароты — людзі, устаўшы, бяруць ваду... На лагу, у самым кутку, дзе начавалі начлежнікі, дыміць яшчэ вогнішча, і ў тумане грукаюць нагамі спутаныя коні.
У плячах зноў забалела, і Панок пачуў, што не можа ісці: саслабеў.
Учапіўшыся за ляжэйку, ён падскочыў і сеў на мяхі, задыхаючыся.
На калёсах яго схапіў кашаль: пачаў біць суха і калюча, як рваў што ўсярэдзіне. Горача стала ў грудзях, як ад агню.
Адкашляўшыся, ён доўга сядзеў на мяхах, падпёршы рукой галаву, і глядзеў на дарогу.
Пачарнеў лес; стаў белы, як снег, туман на дарозе. Паніжэлі ўгары над лесам зоркі; ружавела ўперадзе на ўсходзе зара. Цемната пачала радзець, рабіцца шэрай, цярусячыся перад вачыма, як сухі сівы пыл. Адгукнуліся дразды: пішчалі ад холаду.
Панок падумаў, што пад раніцу засне, не ўтрывае: пад раніцу ён кожны раз засынаў дома, і яго доўга тады будзіла Верка. Будзіла ісці глядзець нарад да Махоркі пад хату...
Калі ён успомніў Верку, яго страсанула ўсяго і падвярнула пад грудзі. Пасля ціха ныла ўсярэдзіне, кідала ў дрыжыкі, і ён ніяк не мог сціснуць зубоў.
Засынаючы ўжо, ён пачуў, як недзе далёка гудзе, і доўга слухаў, не ведаючы, дзе гэта можа быць. Гудзела роўна і часта: гур... гур... гур... Аціхала, пасля пачынала зноў, усё роўна як бразгаючы ланцугамі... Так бразгаў дома трактар, ідучы раніцай з фермы ў Кур'янаўшчыну на поле ля самай хаты — Панок да яго прывык. Трактар ішоў вуліцай ля плота, адно кола вышэй, па самай мяжы, другое — вялікае задняе кола ў бліскучыя, вышараваныя аб пясок зубы — кацілася ніжэй, пасярод вуліцы, пакідаючы пасля сябе чорныя ямкі. За трактарам падскоквалі тры вялікія плугі з бліскучымі, як зубы на коле, лемяхамі, затоптваючы ямкі, і беглі дзеці. Калі трактар ехаў ля самай хаты, у вокнах ад вуліцы звінелі неакітаваныя шыбы, і ён, Панок, збіраўся тады кожны раз купіць кіту і ўсё не мог нідзе апытаць. Так і зімавалі тыя гады неакітаваныя вокны — абтыкалі сторжкай. Ён падумаў, што і сёлета трэба будзе абтыкаць вокны пакулай — ад вуліцы і ад загумення, адкуль зімой часта заходзіць вецер і тады выстуджвае хату, як пуню... І пакулы добрай дома няма — трэба, каб Верка адкінула яе ўвосень, як будзе часаць на грэбні лён на кужаль. Малы змерзне, калі не агледзець акон. Трэба будзе добра набіць мяленнем падаконнікі і падняць іх вышэй — закрыць усе ніжнія шыбы ад ветру...
Калі зноў забразгала недзе блізка, Панок аж здрыгануўся на возе. Уперадзе, не там, дзе была зара, а правей, на Краснае, мусіць, на шашы, гудзелі без сціхання машыны. Угледзеўшыся, Панок убачыў, што там мітусіцца неба: па ім ходзяць белыя палосы.
«Немцы!..» — падумаў ён і глянуў уперад на дарогу. У белым тумане адна ля адной калыхаліся дзве падводы.
— Іва-ан! — клікнуў ён, пасунуўшыся на возе ўперад. У тым баку, дзе загудзела, высака ўгару падняліся дзве доўгія белыя палосы і перабеглі па небе з аднаго боку дарогі на другі. Пасля там зноў забразгала, глуха, як у яме.
— Бо-оган!.. — Панок зноў клікнуў і, павярнуўшыся, ссунуў ногі ў перадок на самыя аглобні.
Ніхто не адгукаўся: пайшло толькі па лесе рэха.
«Паснулі... — падумаў Панок і, саскочыўшы з калёс, забег наперад каню. — Падурнелі...»
Уперадзе з-за лесу зноў выскачыла белая паласа — яркая і бліскучая, як са шкла. Зусім блізка.
— Бо-оган!.. — крыкнуў Панок яшчэ раз, бегучы ўперад па дарозе, і закашляўся...
На вазах ніхто не спаў — ні Махорка, ні Боганчык; і, забегшы наперад каню, Панок згледзеў, што яны стаяць на дарозе адзін ля аднаго: і Махорка і Боганчык. Боганчык трымаў за аброць жарабка. Лагчына ў гэтым месцы зусім высахла, і ад белага пяску пад нагамі было аж відна: Панок бачыў усё, што робіцца наперадзе.