Выбрать главу

Ён здзівіўся, убачыўшы, што ні Махорка, ні Боганчык не глядзелі ўперад, дзе нядаўна ўскочыла была белая паласа. Яны стаялі, адвярнуўшыся, і было відаць нават, як утаропіліся абодва назад, недзе на імшару, адкуль нядаўна выехалі. Панок тады адвярнуўся і сам, не дайшоўшы да іх, і глянуў на імшару...

На імшары рос ніжэйшы соснік, і над ёй было відаць далей цёмнае на захадзе неба. Далёка, там, дзе яно канчалася, Панок убачыў белую зару, цьмяную, як схаваную за лесам. Над ёй дрыжаў акравак бурага неба; пасля сышоўся, паменшаў, стаў густы і чырвоны.

Панок раптам пачуў, што заікаецца... Хоча клікнуць Махорку і не можа...

Пасля яго ціха клікнуў сам Махорка, як усё роўна не пазнаў:

— Гэта ты, Пан? Там нешта ёсць... — і, як успомніўшы што, сказаў: — Тут табе і Краснае... Ехаць трэба скарэй на Пунішча, пакуль не развіднела і ціха на дарозе. Адно цяпер, што можна зрабіць... Ад Дальвы, відаць, асталося ўсё, што ў нас на калёсах... Дзе Наста? Не кліч яе. Не трэба, каб відзіла...

— Дальва ў тым баку... Якраз будзе на імшару... — у Панка ляскалі зубы, і ўсяго гнула ў крук, аж балела паясніца.

— Хто яго ведае, Пан. Не крычы толькі... Вёсак-то ў тым баку другіх няма, але ніхто пэўна не скажа: ні ты, ні я... — Махорка гаварыў неяк зусім ціха, ніколі ён так не гаварыў. — Дзяцей не будзі. Хай спяць. Вучыць цябе трэба, ці што?

Наста прыйшла наперад сама. Плакала — выцірала хусткай вочы і глядзела пасля доўга на яе, павесіўшы на руках: шукала, мусіць, сухога месца. Падышоўшы да самых Махоркавых калёс, прашаптала: «А дзеткі ж мае...» — і прыхінулася спінай да ляжэйкі. Глядзела, апусціўшы рукі, на зарыва над імшарай — не зводзіла вачэй, як чакала чаго.

Пры ёй аціхлі былі і мужчыны, пасля Махорка сказаў, як сам сабе:

— Што там такое можа быць? Зарыва не зарыва... Зарыва было б чырвонае... А то белае, як днём. Неба, мусіць, пад'яснілася...

Пачуўшы Махорку, Наста загаласіла, і Панок убачыў, як да яе падскочыў Боганчык. Але Наста не сціхала.

— Не лезьце да мяне... — адмахнулася яна ад Боганчыка. — А дзеткі ж мае... Хай бы я вас выправіла... А я ж вас сама кінула... А ці ж мне трэба было ехаць...

— Сціхні, Наста... У тым жа баку Людвінова. З Людвінова, можа, і відаць, калі гэта зарыва. З Дальвы, каб і хацеў, то адгэтуль нічога не ўвідзіў бы. Далёка... І Дальва яшчэ ў лагчыне стаіць, помні...

— Ты хаваеш усё ад мяне, Махорка... І ты, Пан... — павярнулася Наста да яго, Панка. — Дальва ў тым баку... А дзеткі мае...

— Не дзеці, дык мы астанёмся жыць. Не мы — дык дзеці... Не свае — чужыя. Нехта астанецца. Усе не згараць... — Махорка выпрастаўся ўвесь, голас у яго стаў сухі, як лучына з печы. — Змарылася ты проста, бабай будучы... І я дзяціны бацька. Ты думаеш, і мне не баліць? Нічога з імі не будзе. З'ездзім — і вернемся...

— Што вы мяне, старую бабу, дурной робіце? А нашто ж я глядзела на гэта зарыва...

Наста плакала не сціхаючы.

Панок пачуў, як на дарозе раптам стала суха і холадна, як у мароз. Зарыва над імшарай пасвятлела, зрабілася зусім белае. Патух угары над ім акравак неба. Храплі ззаду коні, трашчалі ў некага ў калёсах аглобні.

Панок убачыў, што ўсе зноў збіліся на дарозе ў кучку — стаяць блізка адзін ля аднаго, нават чуваць, што вільготныя ад расы. Пасля яго было ўсяго сцяло, і сам ён зрабіўся сухі і халодны: рэж — не заплача. Ён падумаў, што не верыць, каб гэта гарэла Дальва. А што Махорка гаворыць ехаць на Пунішча, дык ужо яму і верыць... Махорка старэйшы за ўсіх іх тут, не беручы Янука, але што — у Махоркі другія вочы, чым у яго, Панка? А што на тым Пунішчы, каб прыйшлося?.. Уваскрэснеш?.. Пунішча — балота. Вярсты чатыры ў баку ад дарогі, пад самым Тартаком. Некалі яго касілі, там нават стаялі старыя пуні, і ў іх клалі сена. Цяпер туды ў сухое лета можна недзе нават ехаць. Якія тады на Пунішчы ў чорта сховы? Хаця з Пунішча можна пайсці балотам на Палік — туды адступаюць партызаны. Перайсці толькі трэба Яськаву жылу па кладках... А дзеці тады... А коні... Апошнія ж з вёскі...

Панок зноў падумаў, што Дальву не маглі так адразу спаліць. Махорка занадта ўжо бярэцца камандаваць: то на Тартак, то на Пунішча. Слухай толькі. Ён хацеў быў сказаць Махорку, каб той не рабіў наперад вэрхалу, але маўчаў Боганчык. Стаяў і маўчаў — каб слова сказаў перак Махорку. А Боганчык не дурны...

Панку зноў зрабілася холадна і схапіў кашаль: даканае сёння. Наперадзе над самай дарогай яшчэ раз мігнуліся белыя палосы. У цёмным небе яны былі аж сінія. Залязгала жалеза, як дзе ля кузні.