Выбрать главу

— Мы думаем што ці не? — пачуў пасля Панок, як закрычаў у яго над вухам Махорка. — Аднаму зарвала, і другі ў рот вады набраў. Самі не хочаце жывымі астацца, то дзеці на возе... Давідна трэба выскачыць з імшары. Як мух, перадушаць, дай ім толькі згледзець...

Тады яны адразу ўсе загаварылі: і Панок, і Наста, і Боганчык. Ехаць, ехаць хутчэй з імшары. На чыстым далёка відаць...

Калі крануліся пярэднія падводы, Панок стаяў яшчэ з Настай і глядзеў на зарыва. Яно было ціхае і роўнае, каб дзе здрыганулася — як бы там угарэлася што на ўсю ноч. Угары над зарывам зноў пачырванеў акравак неба...

Наста плакала. Выціраючыся хусткай, не слухала яго, Панка.

На дарозе ржаў Буланчык — крануўся сам за падводамі.

Пасля яны пайшлі ля Таніных калёс, пачуўшы, што стогне на возе Таня.

Было холадна і свежа, звінелі над вухам камары. Ехалі ўсё яшчэ імшарай, і з яе цягнула на дарогу сырасцю. Уперадзе па карэнні тахкалі калёсы, і здавалася тады Панку, што ён дома позна ўвечары на двары... Верка падаіла карову, вярнуўшыся з цямном з поля... Ціха і свежа на дрывотні ля студні, пахнуць з гародчыка мокрыя ад расы агуркі і кроп... Далёка на грэблі ляскочуць па калдобінах калёсы — мужчыны едуць з Кур'янаўшчыны — звозяць сена.

Зашчымела глыбока ўсярэдзіне... Панок падумаў, забыўшыся на зарыва, што недзе спяць на падлозе дома дзеці з Веркай, падсцяліўшы пад сябе сеннікі з ложка. Галодныя, можа, калі не зварылі вечарам заціркі...

Над лесам, выплыўшы з туману, стаяў месяц: мяккі і ціхі, ён быў цяпер белы, што малако, і, мусіць, ад таго зрабілася зялёнае неба з дробненькімі зоркамі. Іх было нямнога ўгары, над самай галавой; яны былі вострыя і дрыжалі, што ў калядніцу ад марозу.

На дарозе ззаду было відна, як удзень. Добра відаць была Алёшава падвода і сам Алёша: раскінуўшы рукі на мяхах, ён спаў — галавой уперад, да каня.

Панок падумаў: каб хаця не зваліўся, глядзець яшчэ за ім трэба — спіць і спіць усю дарогу, як на бяду...

Наперадзе нехта з мужчын курыў, мусіць, Боганчык: бліснуў быў агонь, што іскра, і пасля запахла дымам ад самасаду.

Яму зноў здалося, што ён дома зімой за сталом ля акна ў першай хаце. Устаў яшчэ додніцай разам з Веркай. Яна ўсягды рана ўставала зімой, раней за ўсіх у сваім канцы вёскі. Устане і топчацца ў парозе ля печы з вілачнікам у руках...

У хату зайшліся мужчыны — конюхі. Пусцілі коней адных ля плота да рэчкі паіць, а самі забегліся пагрэцца: на дварэ мароз — не патыкайся.

Хукаюць у рукі, пазнімаўшы рукавіцы; закурылі; у хаце поўна дыму — вісіць у парозе пад столлю, пасля цягнецца да чалесніка і ідзе ў комін: рэдзенькі і белы ад агню з печы.

...Стала зноў холадна за плячыма. Панок убачыў, як Наста паправіла на грудзях нажутку, абцягнуўшы ля шыі. Было сыра, аж мокра ад туману, і пахла аднекуль вялая трава: асака і рабінка, як з учарашняга пакосу, — мусіць, недзе ля дарогі было стаптана балота.

Усюды была раса: ляжала на мяхах — яны былі вільготныя, што ўсё роўна адсырэлі, — і блішчала ад месяца на ляжэйках дробненькімі кропелькамі, як мак. Панок убачыў, як блішчыць на спіне ў Танінай кабылы мокрая пільсць; падумаў, што коні не абсохлі яшчэ ад поту, які цёк з іх удзень пісягамі...

Занылі над галавой камары, хлынулі з балота. На твар сыпанула дробненькая і калючая халодная машка, што імжа, — лезла ў вочы, і трэба было бараніцца.

Камары кусалі праз сарочку за плечы — калолі, як іголкамі; тады пачынала свярбець спіна аж да паясніцы...

Наста паправіла хустку, абвязаўшы тужэй ля шыі і насунуўшы спераду на лоб да самых вачэй. Пасля абцягнула рукавы ў нажутцы; нажутка ў яе была старая, з кароткімі рукавамі, і не было куды схаваць рук.

На зямлі пад Танінымі калясьмі бразнула аб нешта цвёрдае атоса — звалілася з восі — і звінела, падскокваючы па карэнні.

Панок забег наперад кабыле, чапляючыся за сухое ламачча і за яловыя лапкі, што сцёбалі па каленях.

Калі стала кабыла, ён пачуў, як плача Таня — яна ляжала на баку, падкорчыўшы пад сябе здаровую нагу, і ціха хліпала, шморгаючы носам... Да яе загаварыла Наста:

— Што стогнеш?.. Баліць?

— Б-баліць... — Таня зашморгала носам яшчэ горш.

— Я табе зараз усыплю... — Наста нагнулася над калясьмі. — Балі-іць... Ёсць там чаму балець... Пацярпі... Ты ж не відзіла, што там за рана... А я відзіла. Адлежала нагу, дык і баліць. І не хныч... Не маленькая... Давай памагу легчы на другі бок... Давай рукі...

Лёгшы на другі бок і апёршыся на локаць, Таня зноў захліпала:

— А што я буду рабіць, калі вярнуся... Матка хворая-я...

Падняўшы на руках, Наста падцягнула яе яшчэ назад, паклаўшы вышэй на мех галаву.