Выбрать главу

Калі яна зноў тузанула мех за рагі, пачула, што не хоча высыпацца ўсё жыта — зашумела, як аб што бляшанае... Яна тузанула за рагі з усёй сілы. На босыя ногі пасыпаліся зярняты, і сцебануў па лытках завязкамі мех; выпусціў з рук мяшок Боганчык і адхінуўся да тыну, што напужаны...

Зірнуўшы на чужы мех, што поўны стаяў цяпер ля яе, яна згледзела: зверху на жыце ляжыць белая цынкавая бляшанка ад патронаў — уверх дном — і блішчыць на сонцы на ўвесь двор. З-пад бляшанкі з меха сыпаліся памалу на зямлю зярняты, паўзлі, як мурашкі.

Цёмна раптам стала ў вачах... Наста ступіла была назад, мусіць, каб не паваліцца, бо падкасіліся ногі...

Убачыла, што праз дым, як разам з ёй адступіўся быў ад меха немец, тады падбег, схапіў бляшанку, перакруціў яе дагары і клікнуў немцаў з дрывотніка. Тыя збегліся адразу — усе сямёра. Падбеглі ад тыну ўласаўцы. Сівы немец падаў бляшанку лысаму... Пасля немцы сталі перадаваць яе з рук у рукі. Сівы немец нагнуўся быў яшчэ да меха, зачэрпнуў рукой жыта і клікнуў лысага — «вэр-вэр...». Да меха падышлі немцы і сталі перасыпаць жыта са жмені ў жменю.

Пасля яны пасталі ўсе, апусціўшы рукі, і глядзелі на яе — і немцы і ўласаўцы. Ёй стала раптам холадна, бы правалілася куды пад лёд у ваду, і яна падумала адразу: спаляць вёску...

Пачула была толькі, як сівы немец, паказваючы на жыта, сказаў кораценька: гут, гут... Яна здагадалася: застрэляць... Усярэдзіне нешта абарвалася, пасля яна, Наста, неяк абмякла ўся... Абмяклі ногі, не трымаюць яе, лезуць, як у балота...

Падумала: няўжо тут, адразу? І калі сівы немец, махнуў рукой, паказваючы, каб яна ішла да варот, яна падумала: застрэляць ля тыну і будуць страляць ззаду, у плечы...

Яна ішла да варот памалу-памалу — трэба было адрываць ногі ад зямлі... І сама не помніць, як павярнула на вуліцы ля тыну ў свой канец вёскі і памалу пайшла па сцежцы, чапляючыся нагамі за каменне. На двары ў Мірона было ціха — немцы маўчалі. Яны будуць страляць на вуліцы: недзе ідуць ззаду. Пасля на двары ў Мірона зазвінела бляшанка: бразнула ля свірна на каменне — яе выпусцілі з рук.

Наста пачула, як яе нешта тузанула спераду за руку... Яна спатыкнулася і ўбачыла: прыступіла мех — не помніла, што забрала і нясе яго на руцэ перад сабой...

Яна падумала, што жывая яшчэ, і, стаўшы, азірнулася. Ззаду ніхто не ішоў.

Пачула пасля, як яе аж трасе ўсю — схапіла стужа...

Дома ў хаце не было дзяцей: за сталом — стол стаяў у куце ля акна ад гароду — сядзелі ўласаўцы, апёршыся на грудзі... Наста не бачыла, што яны елі... Не згледзеўшы дзяцей, яна закрычала на ўсю хату. Уласавец, што быў бліжэй да акна ў гарод, паказаў пальцам у шыбіну... У гародзе пад прызбай сядзеў Валодзя з Ірай — трымаў яе на прыпале. Іра, звесіўшы ў яго з калень босыя ногі, махала імі, дастаючы пад прызбай сухі пясок.

Тады Наста апусцілася на ложак — села з краю на голую салому і глядзела ў акно за рэчку на пусты і гарачы ад сонца Выганчык. Не чула, як да яе гаварылі, — мусіць, была аглохла. Згледзела пасля, як падышоў да ложка ўласавец, узяў ў яе з рук мех і кінуў на лаву, што стаяла ля сцяны пад акном ад гароду. Мяшок ссунуўся адразу на падлогу. Тады Наста раптам успомніла, што ляжала пад лавай, і аж падскочыла...

Пачула, што рагочуць уласаўцы: павылазілі з-за стала, ходзяць па хаце, гавораць да яе. Яна ўстала з ложка, з саломы, і стаяла, узяўшыся рукамі за брыж.

— Што гэта ў цябе, матка? — яна ўбачыла, як уласавец, той, што паказваў ёй пальцам у шыбіну на дзяцей, паказваў цяпер пад лаву, дзе ляжаў мех.

— Ме-ех... — сказала яна ціха, не пазнаўшы сябе, і падумала, што ўласавец паказвае зусім не на мяшок.

— А за мехам, матка, што ў цябе? — уласавец прысеў і паказваў пальцам зноў пад лаву. Усё адзін гаварыў; другія глядзелі на яго і на яе і маўчалі.

Ёй зноў стала горача ўсёй... Яна не магла павярнуць языком. Падумала, што зноў праз яе спаляць і хату і ўсю вёску. За бляшанку не сталі, а за гэта не прапусцяць...

— Што гэта, матка, мыдла? — уласавец яшчэ больш сагнуўся і глядзеў цяпер, адвярнуўшыся на хату, на яе, Насту.

Тады яна сказала:

— Мыдла, дзеткі, мыдла...

— Га-га-га... — уласаўцы зарагаталі ўсе разам, а той, што паказваў пад лаву, устаў, падышоў да яе і паляпаў па плячы, моцна, аж забалела.

Яна ніяк не магла дагадацца, чаму яны рагочуць. Вадзіла толькі языком па вуснах і чула, што вусны сухія, патрэскаліся.