Выбрать главу

— Бяры лейцы і трымайся за ляжэйку. Хоць адной рукой... Звалішся пад колы, тады... Ад камароў бараніся... А то аб'ядуць... — не сціхала ля калёс Наста.

— Піць... — прасіла Таня. — Блага... — Лейцы яна не хацела браць.

— Дзе я табе вазьму піць?.. — Наста ўзяла лейцы, завязала іх за ляжэйку. — Пацярпі. Скора ўжо Краснае. Дамоў едучы, у калёсах ляжаш. На сена...

— Холадна. Накрыйце... — прасіла Таня.

— Цярпі, дачка. Сагрэешся, зараз паедзем... — усё супакойвала яе Наста.

Панок тады выпусціў з рук цуглі, за якія трымаў кабылу, і падышоў да калёс. Доўга не мог узяць Таню пад пахі, пакуль не памагла Наста. Падумаў, што ў Тані, мусіць, пал — гарачая галава. Узяўшы пад пахі, ён падцягнуў Таню яшчэ вышэй на мяхі. Хацеў быў паправіць на галаве касу: каса расплялася і чаплялася за рукі. Пасля, нічога не кажучы Насце, падняў на калёсах у перадку верхні мех і, намацаўшы адной рукой завязку, тузануў за хвасты. На ляжэйку, на мяхі і яму, Панку, на грудзі хлынула жыта, пырскаючы ў вочы. Ён пачуў, як яно пасыпалася на зямлю — на ногі. Убачыў, як павярнула галаву кабыла — пачула зярняты.

Парожні мех ён узяў у дзве рукі за рагі і страсануў аж два разы, выбіваючы ад пылу. Тады асцярожна накрыў Таню па самую шыю — мех быў даўгі і шырокі.

Пайшла раптам сама Таніна кабыла — ён, мусіць, няўмысля крануў за лейцы. Наперадзе, куды яны ехалі, зайшоўся кулямёт, моцна, на ўвесь лес. Пайшло рэха — аж разлягалася зямля. Панок павярнуў у той бок галаву — на неба над лесам ускочылі дзве ракеты. Белыя і халодныя, яны доўга стаялі на адным месцы, пакуль адразу не патухлі.

— Каб хоць хвіліну пабыло спакойна... — пачуў ён, як да яго загаварыла Наста, і ўбачыў, што яна зноў ідзе побач з ім. Падумаў, што да сваіх калёс яна цяпер не пойдзе, будзе з дзяцьмі.

— І я з табой пакратаюся... Весялей... — сказаў ён. — І не вер ты нікому. Будзем жыць... Дзяўчыне толькі цяжка. Трэба ж было...

Уперадзе яшчэ раз замітусілася ад агню неба. Недзе зусім блізка.

На дарозе зноў заірзаў Буланчык.

9

Янук ляжаў ніц на мяхах ад самага Завішына і глядзеў уперад на дарогу.

Балелі ногі і плечы, аж калола ў лапаткі, і ён думаў, што зусім саслаб і цяпер пасля ракі не злезе з воза да самага Краснага.

Даўно ўжо зайшло сонца за ракой ля Завішына — за лес. Там, дзе было Людвінова, угары стаяў слуп рудога дыму, чарнеючы і распаўзаючыся па небе, што хмара ад ветру.

За ракой над полем вісела сівая, як попел, смуга і дрыжала, мусіць, што яго, Янука, падкідала на калёсах. Смуга паднялася з перасохлай за дзень зямлі і будзе вісець, пакуль не сцямнее. Тады яна запахне мокрым балотам ад ракі і ападзе з расой на зямлю.

Янук падумаў, што ўсюды, мусіць, стала ціха...

У такую пару вечарам, як заходзіць сонца, летам часта ціха. І калі з цямном едзеш з Карчаватак на ферму, здаецца, вымерла ўсё на свеце...

У вёсцы з комінаў ідзе дым, і за ракой на Выганчыку ляжыць туман. Там, дзе заходзіць сонца, над лесам, чырванее неба, што агонь. Янук любіў слухаць тады, як у лесе стукаюць па карэнні калёсы і далёка ідзе рэха...

Пасля, як ён заснуў вясной на прызбе, калі яшчэ ляжаў снег, ён пачуў, што ўсюды стала ціха: і ў хаце, і ў вёсцы, і ў Карчаватках на полі...

У яго тады быў ужо сын, Піліп; цяпер у яго ўжо ёсць унук, Колечка.

Ён, Янук, чуў пасля толькі, калі грымеў гром і гудзеў на ферме трактар. Бывала, яму здавалася, што ён чуе, як стукае пад рукамі тапор, калі сек дровы, і бразгае клямка, калі зачыняў, грукаючы, цяжкія дзверы ў сенцах...

Але ён не чуў стуку, калі тапор быў у чужых руках і хто чужы прыходзіў на двор браць ваду са студні і ляпаў пад дзвярыма клямкай... Тады ён здагадаўся, што помніць толькі, як стукае пад рукамі тапор і бразгае клямка...

Ён чуў яшчэ, калі блізка стралялі...

Стала шарэць, і ля дуплаватых старых бяроз, што абступілі ў лесе з двух бакоў дарогу, таўкла мак машка. Ля зямлі на маладым ляшчэўніку на лісці ляжаў пыл; пыл ляжаў і на галлі — яно было сівое, што ад моху.

Пад ляшчэўнікам у канаве ля самай дарогі рос густы зайцаў гарох — цвіў сінім агнём — і дасыхала зблочаная тупой касой трава. Запахла сенам, што ў вёсцы пад восень, калі ідзеш вечарам ля пунь на загуменні...

Калыхала па калдобах калёсы; зрабілася цяжкая галава, не падымеш; спадыспаду ад мяхоў грэла ў сцёгны і ў жывот. Замахаў уперадзе хвастом конь, ганяючы вецер.

Янук глядзеў на дарогу, на жоўты пясок, які рассыпаўся пад нагамі ў каня, і яму здалося, што ён едзе лесам з поля з-пад Карчаватак у Дальву да вялікай калгаснай пуні, якая стаіць ля лесу за фермай. Пуню доўга будавалі, накрылі толькі за гады два перад вайной.

Ён ляжыць на возе высака на снапах. Пад бок лучыў парубень, цвёрды, слізкі — чуваць рукой, — і ад яго баляць скабы. Доўгія жытнія снапы слаба звязаны перавясламі — відаць, жаў нехта нядужымі рукамі, і калі іх уціснулі добра парубнём, яны пазадзіралі ўгару камлі, і Янук ляжыць на возе ўсё роўна як дзе ў яме. Колецца сухая салома, калі кратаеш за лейцы, кіруючы каня, і пахне жыта ў каласах пад парубнём. Зярняты цёмныя, бліскучыя — высахлі на сонцы, і іх у каласах як набіта. Каласы даўгія і тоўстыя; з іх, бывае, пырскае жыта — само: мусіць, моцна ўціснулі воз, і цяпер злягаецца пад старым сасновым патрэсканым парубнём, цвёрдая і тоўстая, як дубцы, жытняя салома. Жыта парасло на полі пад Карчаваткамі... На поле далёка ездзіць — яно аж за чатыры вярсты, за лесам — і звозіць жыта брыгадзір паслаў адразу ўсе падводы. Хмурылася, на Дзвінасе ішлі дажджы, і снапы звозілі з-пад Карчаватак другі ўжо дзень ад рання да самага цямна.