У той вечар яны выехалі, з-пад Карчаватак, калі ўжо зайшло сонца. Расцягнуліся па лесе падводы адна за адной — не злічыш. Відаць, як далёка наперадзе ідуць, сабраўшыся ў грумаду і пусціўшы адных коней, мужчыны — ён пазнае здалёку Махорку і Панка — махаюць адзін аднаму рукамі. Мужчыны кураць, чуваць дым ад папярос, і тады хочацца курыць; чуваць яшчэ, як пахне пылам — ён падняўся ад пярэдніх падвод і вісіць, рэдзенькі і мяккі, над дарогай. Калі не пахне пылам — гэта як з'едуць на траву ў лагчыну, — чуваць, як цягне з лесу з імшар мокрым мохам і грыбамі... Грыбоў тут ніхто не збірае, яны паасоўваліся на мох, пасохлі і ад таго пахнуць на ўвесь лес, усё роўна як дома, калі, паклаўшы іх сушыць у печ, рана заложаць юшку.
Цямнеецца. Чуваць, як халаднее ў лесе; здаецца, адразу пахаладнелі доўгія чорныя воблакі на далёкім краі неба; астылі, паядранелі імшары, што адсюль, ад дарогі, ідуць далёка лесам аж у самыя Карчаваткі. На імшарах пацямнела трава, натапырылася — расла. Яе яшчэ не кранулі касой: на балоце многа вады.
Халодныя ўжо на возе пад рукой снапы, вільготныя, як адсырэлі... Наперадзе разышліся мужчыны, падпіхаюць вазы на гару за мастком. На гару коні і самі ўсцягваюць вазы, але мужчыны кожны раз падпіхаюць калёсы, каб коні не ішлі навыцяжку. Мужчыны пасля зноў сыдуцца ў кучу і будуць курыць, гамонячы недзе на ўвесь лес.
Кладучы вазы, Янук натрудзіў за дзень рукі, і яны балелі цяпер, аж ламалі. Ныла ўсё цела, размякшы ад сонца, як у лазні. Добра, што, прывёзшы снапы да пуні, можна будзе адразу адпрагчыся і пайсці дамоў. Абярнуць воз у дзвярах памогуць мужчыны, а снапы прыкладаць будуць бабы — па нараду... Сцірты ў новай пуні высокія, але бабы не надта спрацаваліся. Прыкладуць снапы, тады пасядуць на таку ці выйдуць на траву на двор і чакаюць, пакуль вернуцца падводы з-пад Карчаватак.
Янук бачыў, як яны пелі кожны раз, пасеўшы на траве і панацягваўшы на вочы хусткі ад сонца, але песень не чуў...
Да пуні яны прыехалі ў той вечар, як ужо сцямнела, і дамоў ён ішоў, калі ў вёсцы гарэлі агні. Ішоў цераз ферму, дзе даілі яшчэ даяркі кароў — хадзілі з вёдрамі: запазніўся пастух. З вёскі з комінаў пахла дымам і падгарэлай бульбай. Захацелася есці. Едучы на возе, ён цёр пальцамі ў жмені каласы і сыпаў жыта ў рот. Яно было сухое, трашчала на зубах; ён чуў яшчэ, што яно салодкае, як цукар, мусіць, ад таго, што маладое.
Калі ён адчыніў дома ў хату дзверы, убачыў, што над сталом на покуце гарыць паднятая вышэй на дроце лямпа і ў хаце бела ад агню. Белыя ад глінкі сцены, на стале белы надзежнік, і на яго насыпана вараная бульба. З бульбы ідзе ўгару пад лямпу белая пара. Пасярод стала стаіць вялікая міска кіслага малака. На рагу стала — цёмны гладыш — гэта каб, сеўшы вячэраць, не ўставаць і не ісці ў парог да судніка па малако — не перабіваць яду. Пасля Янук згледзеў, што на куфры, які стаяў побач са сталом ля сцяны ад вуліцы, на белым абрусе ляжала пачатая буханка хлеба. Яе ўсю накрылі зверху белым абрусам, відаць толькі пачаты край — быў павернуты на хату.
Калі вячэраюць з хлебам, у іх тады кожны раз астаецца бульба, і яе, абразаную і вараную, выкідаюць свінням у сенцы ў карыта, дзе ляжыць халодная, пасечаная раніцай яшчэ секачом, паранка.
Усе былі дома: Піліп, вярнуўшыся з работы — араў у Кур'янаўшчыне, — сядзеў, памыўшыся ўжо, на ложку ля куфра; ля стала стаяла Волька — клала на надзежнік лыжкі; пасярод хаты сядзеў на падлозе маленькі Колечка ў белай кашульцы. Калі расчыніліся дзверы і ў хату ўвайшоў ён, Янук, Колечка пачаў, седзячы, зыбацца і махаць рукамі. Піліп быў, мусіць, загаварыў да Волькі, і на Колечку ніхто не глядзеў. Янук тады ўзяў выставіў Колечку пугаўё — тоўстае, пад'ялоўцавае, аблупленае ад кары... Колечка адразу стаў рачком, падняўся пасля на ногі, ззыбнуўся і... пайшоў да яго, Янука. Хутка-хутка, перастаўляючы крывыя тоўстыя ножкі і валюхаючыся з боку на бок, што качанё... Яго, мусіць, адразу тады згледзелі і Піліп і Волька — кінуліся ўсе на хату: Піліп з ложка, Волька ад стала... Колечка не дайшоў да белага пугаўя — яно, мусіць, было выстаўлена надта здалёку, — выцягнуў уперад ручкі і паляцеў ніц на падлогу... Ён, Янук, не паспеў яго злавіць: позна сагнуўся.