Колечку на рукі падхапіла сама Волька; пасля, гладзячы па галаве, аддала Піліпу. Колечка заплюшчыў вочы і адкрываў шырака рот — былі відаць два верхнія белыя зубы — плакаў недзе на ўсю хату, ударыўшыся.
Янук нагнуўся, каб падняць белае пугаўё, якое выпусціў быў з рук. Калі ён глянуў пасля на Вольку, яна смяялася і нешта паказвала рукамі яму, Януку. Ён такога яшчэ ніколі не бачыў, такое яму паказвалі першы раз... Тады яна ўзяла зноў на рукі Колечку, забрала ў Піліпа, і Піліп пачаў смяяцца сам, гледзячы на яго, Янука. Калі Піліп паказаў сам рукамі, Янук здагадаўся адразу: яму паказваюць, што Колечка пайшоў першы раз. Пайшоў, угледзеўшы ў руках у яго, Янука, белае пугаўё...
Месяц свяціў якраз у вочы, вісеў уперадзе над лесам — над дарогай, і ўсюды было відна, як удзень.
Янук тады павярнуўся і лёг на другі бок. Паднізам цяпер былі халодныя мяхі, і Янук пачуў, што стала холадна ў ногі; пасля холад хапіў яго ўсяго. Сагнуўшы ногі ў каленях, ён абціснуў ля галёнак шырокія калошы. Калошы былі вільготныя, у гразі, і ліплі да цела.
Паправіўшыся на мяхах і падклаўшы пад галаву рукі, ён доўга не мог сагрэцца. Трэба было абуцца ў дарогу ў новыя лапці — дастаць з гары з хаты. Там вісіць яшчэ ля коміна на шастку адна пара — лычаная. Хоць і шкода глуміць на пустое лычаныя лапці: іх надоўга хопіць, калі пойдуць касіць на балота.
Янук любіў плясці лапці з лык, любіў і драць лыкі... Хадзіў адзін, не беручы нават з сабой Піліпа. Ішоў у самую касьбу, пасярод лета. Касьбой сама лепш вышчалукваліся ліповыя пруткі з кары; рабіліся слізкія, пускалі сок, што выспявалі ўсё роўна. У лыкі ён ішоў у нядзелю. Выбіраў, каб была пагода. Абуваў тады лапці з белымі анучамі, вастрыў аж два нажы, седзячы на ўслончыку на двары ля студні пад парканам: спачатку напільнікам, пасля круціў, слімачачы, на старым, плоскім, сточаным бруску і вадзіў па цвёрдым карбарунку... Нажы пасля карбарунка былі што брытва.
Браў з сабой палудзень: хлеба, два ці тры маладыя пасоленыя гуркі і бутэльку салодкага малака. Палудзень клаў у вялікую торбу з суравога палатна, каб можна было тады нясці ў торбе дамоў лыкі. Выходзіў з дому з самай раніцы: ісці было далёка. Пералезшы цераз плот, ён падаваўся да бярэзніку за вёскай праз бульбу, абмакаючы ў расе па калені.
Раса была і ў Карчаватках, у пушчы за балотам, стаяла ўвесь дзень, і Янук мок, як на дажджы.
Малады ліпняк у пушчы рос разам з ляшчэўнікам, і да яго за ляшчэўнікам было не падступіцца. Затое ў ляшчэўніку ліпняк высокі, ценкі, прамы і без сукоў, хоць рэж на вудоўі. І на ім не наліпала дробненькага шэрага шорсткага моху, што рос на ліпняку, які лучаўся на сухім, у бары, — сцяліўся па зямлі, пускаючы атожылкі. На лыкі такі ліпняк Янук не чапаў.
Ён рэзаў дубцы і браў іх, не цярэбячы, пад паху, тады адносіў да старой яловай вывараткі, дзе паклаў торбу. Нацягаўшы дубцоў, садзіўся на вываратку і церабіў іх, гладка зразаючы сухія сучкі і галінкі і баючыся, каб не зачапіць зверху кару. Ацярэбленыя дубцы складаў роўненька ля ног у кучу. Калі куча была вялікая і балелі ад нажа рукі, Янук тады курыў, седзячы на вываратцы і адганяючы даланёй камароў, якія лезлі ў вочы.
Пасля ён клаў нажы далёка ад сябе на вываратку, браў у рукі дубец, раскусваў кару ў камлі зубамі, даставаў пальцамі з кары наверх белы прут, падкладаў пад яго вялікі палец і сморгаў. Белы лёгкі ліповы прут выскокваў, як чорт са скуры, падлятаў угару і валіўся на зямлю ў ягаднік за вывараткай. Прут быў слізкі ад соку; сок цёк па пальцах і капаў на штаны, на калені. Мяккія, у трубачках, лыкі, яшчэ з лісцем зверху, дзе не пахадзіў нож, Янук складаў з другога боку адно ля аднаго.
Тоўсты прут з камля цяжка было высмаргнуць; тады Янук браў дубец пад паху і вышчалукваў прут дзвюма рукамі, як шчапаў усё роўна лучыну. Ад пруткоў чырванелі пальцы, смылелі агнём — тады ён зноў сядзеў і курыў, ганяючы камароў.
Высмаргаўшы ўсе дубцы, браў з кучы лыка і, вывернуўшы яго назнайніцу, круціў на пальцах у кружок. Кружкі ён кідаў пад ногі і кожны раз, кідаючы свежы, доўга глядзеў на іх. З тоўстых дубцоў выходзілі вялікія кружкі; з сукаватых лыкі былі ўсе ў дзірках: фальчывыя. Петлі на кружках ён засморгваў спачатку ў пальцах, пасля стаў зубамі: хутчэй. Чуў, як пахнуць лыкі: квасам і ўчыненым хлебам, калі яго ставілі раніцай, вытапіўшы ў печы, ля прыпечка ў дзяжы і знімалі надзежнік. На языку вывернутае лыка было салодкае і кіслае, што саладуха... Тады Януку хацелася піць...