Выбрать главу

Калі ля ног назбірвалася цэлая куча беленькіх кружкоў, Янук адсоўваў іх нагой да вывараткі, пасля ўжо кідаў у торбу. Дома, калі лыкі ачарсцвеюць, ён будзе скручваць іх у вялікія кругі, са скавараду, і вешаць на гары на шастку пад страхой — каб сохлі. Навешае поўны шасток кругоў, ходзячы ў лыкі цэлае лета, а тады будзе мачыць сухія кругі ў кубельцы і плясці лапці. І сабе і Піліпу. Волька лычаных не носіць, ён ёй спляце з абор, з пянькі.

Лыка пахла саладухай і лежачы ў торбе.

Ён нёс торбу за плячыма, накінуўшы почапкай на доўгі яловы сук, які адрэзаў нажом ад вывараткі. Сук муляў плячо, нібыта Янук ішоў Карчаваткамі — балотам — з касой на плячы. Ішоў па густой траве — трава даставала аж за калені, і на ёй блішчала раса, — што ўсё роўна таптаў мяжу — доўгую, цераз усё балота, ад лесу да лесу.

Калі Янук падыходзіў у Карчаватках да крыніцы, торба за плячыма стала цяжкая, што камень.

Ступаючы на кладку, ён спатыкнуўся і выпусціў яловы сук...

Торба чмякнула ў гразь і развязалася. З яе вываліўся няз'едзены палудзень — гуркі з хлебам; ляжалі наверсе, і пасыпаліся лыкі — белыя кружкі пакаціліся ля ног, хаваючыся на балоце ў траве...

Блішчала адным краем у перадку — у Янука ў галавах — вышараванае аб пясок кола, шмаравала аб сухую загваздку. Спаднізу з меха пахла ўгрэтае жыта, як на таку са сцірты; пад локцямі ляжала сена з аселіцы, і ад яго аддавала кмінам, як ад хлеба. Балела падвернутае плячо, на якое апёрся, лежачы, і холадна было ў ногі.

Хацелася спаць, балелі вочы, і балела галава. На мяхах было цвёрда, усё роўна што ён, Янук, ляжаў на возе на дрывах. Ад таго рабілася яшчэ больш холадна. Ён думаў злезці з калёс, каб сагрэцца, ідучы за канём; хацеў падняцца на руках і не змог. Не краталіся рукі.

Хроп конь, з храп у яго ішла белая пара, як на марозе, і ўсюды было бела: і дарога, і лес, і падводы хаваліся ў тумане. Туман ляжаў на зямлі, як зімой гурбы, і тады здавалася, што трэцца на дарозе пад коламі не жвір, а скрыпіць убіты нагамі крохкі снег, як пад санямі. Скрыпіць ядрана, на ўвесь лес — аж рэжа ўвушшу, бо паціснуў нанач мароз, як і той раз зімой, калі Янук вазіў партызан у Рагозіна. Што мароз возьмецца, тады было відаць яшчэ пасля паўдня, як яны збіраліся выязджаць з вёскі — сем падвод. Сонца ўжо было знізілася над грэбляй і стала чырвонае, што жар, — Янук яшчэ такога не помніў; улёгся вецер, аціхла, і шчыпала за шчокі. Каўнер — чорную аўчыну, — як Янук яшчэ выйшаў з цёплай хаты на двор, адразу схапіў іней, дробненькі, што мука. Да цугляў прыстывалі пальцы, не ўзяцца за аброць.

Абапал грэблі стаяў белы альшэўнік, і на ім нарос іней. Ён сыпаўся і сыпаўся з гары на дарогу, на каня, на снег — рэдкі, дробны і белы, аж зіхацеў.

Уперадзе была відаць доўгая белая дарога — падымалася за грэбляй на гару і блішчала на сонцы...

Калі яны мінулі Сушкава, дарога пайшла полем; пад палазамі пачаў скрыпець снег — браў мароз. Сонца пабольшала, пасінела, як ад холаду, і асела ў густую цёмную смугу. Пад ім пачырванела ля самай зямлі неба — шырокай доўгай паласой.

Аб'інеў конь, стаў зусім белы, аб'інелі дуга і набераткі: з храп у каня ішла пара і бегла ўперадзе па дарозе: конь трухаў, апусціўшы галаву. Ззаду за развалкамі краталіся партызаны — пяцёра — усе ў белых халатах. Калі партызаны сядзелі ў хаце ля стала, Янук іх добра разгледзеў, кожнага ў твар, а тут не мог нікога пазнаць: халаты ў іх былі з башлыкамі, і яны панацягвалі башлыкі аж на вочы, хаваючыся ад марозу, і зрабіліся ўсе падобныя адзін на аднаго. І халаты ў іх былі як адны ўсё роўна — пашытыя з абрусоў. У аднаго толькі, самага меншага, быў рудаваты — з кужалю. Партызаны былі ўсе абутыя ў боты, толькі самы меншы быў у чорных валёнках, мусіць, камандзір іхні, ці што, бо часта ўсё нешта загадваў. Башлык у яго быў падняты вышэй, аж на галаву, аб'інелі бровы і валасы, што высыпаліся з-пад шапкі.

Янук сядзеў у перадку, ля яго збоку на сене ляжалі вінтоўкі і аўтамат, кароценькі зусім, з вузкім чорным ражком. Аўтамат быў таго, меншага, што ў чорных валёнках. Вінтоўкі ляжалі рулькамі ўзад, у сена, і Янук бачыў, як пабялелі затворы, усё роўна што іх выбелілі глінкай. Затворы былі белыя ў вінтоўках яшчэ тады, калі вінтоўкі ўняслі ў хату з двара і яны ляжалі на куфры.

Ззаду ў развалках у сене ляжаў брызентавы хатуль. У ім было закручана нешта цяжкае і тупое, што кавадла з кузні. Кладучы на сані, хатуль падымалі ў вёсцы на вуліцы з зямлі аж трое партызан, і імі камандаваў нізенькі ў валёнках. На сена ў задку ў санях партызаны не садзіліся: прымошчваліся збоку — па двое, трэці станавіўся на палазкі.