Выбрать главу

З вёскі партызаны ўзялі сем падвод, і цяпер падводы даганялі абоз, які падымаўся на полі з лагчыны і паварочваў на гары ў той бок, дзе заходзіла сонца — на Рагозіна.

Падвод наперадзе было не злічыць — занялі ўсю дарогу цераз поле... Янук не ведаў добра, хто паехаў з вёскі, пазнаваў толькі здалёку Панковага каня і Боганчыкавага жарабка — задніх.

Было ціха, без ветру, і калі Янук аглядаўся назад, бачыў, як у Дальве ўгару падымаўся з комінаў дым — па ўсёй вёсцы. У маразы людзі рана падтаплялі печы, падкідваючы пасля на галавешкі дровы, аж пакуль не натоплівалі хаты на ўсю ноч.

Пахла дымам, дым лез у нос, і Янук чуў, што ў некага тапілі альховымі дрыўмі. Ён пазнаваў па дыме, якімі дрыўмі хто топіць у печы. Пазнаваў сасну, елку, бярозу. Нядаўна ў Дальве пачалі тапіць у печах вольхай, возячы яе з Карчаватак з балота. На балоце перад вайной пасох стары альшэўнік, і зімой у маразы яго тралявалі на дровы, складаючы ў вёрсты пад хлявамі і варывенькамі. Вольха была сухая, як цэр, яе лёгка было скідаць з камля і не трэба было пераразаць на кавалкі: валячыся, яна ламалася сама.

Альховыя дровы гарэлі ціха, не пырскалі, як елка, і ад іх было больш духу. Дым ад іх быў мяккі, не такі востры, як ад яловых, і чуваць быў здалёку: пахнуў усё роўна што пахне торф, калі гарыць на Выганчыку, ці трава, калі яе паляць вясной на балоце.

Вечарэла. На захадзе, дзе хавалася сонца, пагусцела чырвонае неба, як набегла крывёю. Снег на полі зрабіўся сіні; калі ступаў конь, з-пад ног у яго разлятаўся ў бакі лёгкі іней, што пух. На полі ля дарогі тырчалі з глыбокага снегу дробныя бярозавыя дубцы: у мяцеліцу замяло бярэзнік, які быў уровень чалавека.

Над лесам у тым баку, дзе чырванела неба, ляцелі вароны — жменькай, памалу-памалу кратаючы крыллем. Ляцелі з поля пад Дальву — бліжэй да вёскі.

Янук пачуў, як гараць агнём калені — мароз браў праз двое палатняных штаноў — і мерзнуць ногі — не памагалі і акручаныя пад анучы Піліпавы суконкі, зробленыя са старой парванай жакеткі. Мерзлі шчокі, заходзіла ў пальцы праз двое рукавіц... Янук цёр шчокі і нос, цёр руку аб руку, тады зноў сядзеў, не кратаючыся, і глядзеў уперад...

Там, дзе зайшло сонца, далёка за полем у небе тырчала вострая і доўгая чорная дзіда ад касцёла. Касцёл быў у Альковічах, у гарнізоне, і Янук думаў, што партызаны едуць браць Альковічы, бо загадалі везці іх аж у Рагозіна.

Партызаны ехалі праз Дальву ўвесь дзень ад раніцы, і ўсё чужыя. Янук ніводнага не пазнаў, не пазнаваў і ніхто ў вёсцы. Пасля ехалі і свае, кутузаўцы; тады зноў чужыя. Гэтыя, якіх ён вёз, мусіць, былі апошнія і ехалі здалёку, бо ў іхняй Дальве мянялі коней, адпусціўшы дамоў першых падводчыкаў.

Калі Янук уз'ехаў на гару, партызаны селі па двое па баках, пяты, ніжэйшы, ускочыў зноў ззаду на палазкі і стаў крычаць, мусіць, нешта ўсім, бо махаў рукой. Варочаючы галавой, Янук бачыў, што ў таго з-пад белага башлыка ідзе пара, густая, як з лазні з дзвярэй.

На гары ўперадзе відаць была далёка расцёртая белая дарога, на ёй чорныя падводы і за Рагозінам чорная дзіда, вострая, што шыла. Неба над лесам аж пералівалася ад чырвані, рабілася як агонь — на вялікі мароз.

Начынала шарэць.

Пасля ў тым баку, дзе быў касцёл, сталі мільгаць агні і мітусіцца, як ад пажару, неба...

Янук згледзеў, як натапырыліся ззаду на санях партызаны і паўставалі на ногі. Яму здалося, што ён пачуў, як уперадзе пачалі страляць: бух-бух...

За Рагозінам над лесам пацямнела, атухаючы, неба.

Усхапіўшыся на мяхах, Янук убачыў, што стаяць калёсы. Віднелася. Аднекуль пахла дымам. На дарозе не было туману, і Янук згледзеў, што стаяць адна ля адной усе падводы. Мужчыны сышліся ў круг каля Міронавага воза, ля іх была і Наста — махала рукой. Янук здагадаўся: паказвае яму, Януку, каб сядзеў на калёсах, не ішоў да ўсіх. Скора паедуць...

Пасля Наста паказала, каб ён не разбудзіў дзяцей.

10

Махорку зноў сніўся пажар: гарэла Дальва...

Спачатку нехта моцна біў яму ў акно — у раму — кулаком. Акно было якраз у нагах ля ложка, і Махорка, спопаразку ўскочыўшы, хацеў адразу нагнуцца да шыбы, каб убачыць, хто быў на дварэ. Пасля ён згледзеў, што відна ў хаце ў парозе, усё роўна як тапілася ў печы. Па сцяне ад гароду пад суднікам і па шырокіх дзвярах бегаў агонь. Ад яго нават быў відаць цабэрак, што стаяў у парозе пад лаўкай, і надзежнік, які вісеў на цвіку побач з драўлянай салянкай.

На сцяне ў парозе над дзвярмі калыхаўся дробны разгаты цень ад бэзу ў гародчыку, што быў ад вуліцы.