— Гары-ым!.. — закрычалі на двары. Махорка не пазнаў хто. Ён саскочыў з ложка і падбег да акна ад вуліцы. Над усёй вёскай, ад ракі да загумення, угары было чырвонае неба; унізе, дзе былі відаць у акно чорныя хаты, падымалася белае, як палатно, полымя. Дрыжала, пералівалася, нагінаючыся вострым, нібы ў стозе сена, верхам на загуменне і, здавалася, лізала, што языком, зверху чорныя стрэхі. Махорка пачуў, што на дварэ стогне вецер, сцёбаючы бэзам па акне, і трашчыць столь, усё роўна як хто ходзіць па хаце...
Ён падбег у парог да печы, зняў вядро, якое вісела ля самага прыпечка на дроце, і ў парозе пад лаўкай выліў яшчэ з вядра, нагнуўшы, ваду ў цабэрак. Пасля ўспомніў, што ён жа ў адных сподніках... Паставіўшы вядро на падлогу, падбег у запечак, дзе на пяколку ляжалі штаны і рубашка.
Прачнулася жонка і бегала па хаце з кутка ў куток: не магла знайсці сярнічак запаліць лямпу. Ён крыкнуў, каб яна пабудзіла дзяцей і звязвала ўсё з куфра і з ложка ў пасцілкі. Выносіць на гародчык не трэба: падыдзе агонь — ён, Мірон, сам прыбяжыць з вёскі...
Калі ў хаце ля стала загарэлася лямпа, Махорка ўгледзеў, што па сцяне ў парозе ўсё роўна бегалі белыя палосы. Схапіўшы вядро, ён выскачыў у сенцы, стукнуўшыся галавой аб вушак.
На двары былі расчынены вароты, і, выбегшы на вуліцу, Махорка пачуў, як яго схапіў вецер і панёс да платоў пад гароды на загуменне. Вуліцай гнала пясок, дзёрла з зямлі і сцёбала па шчоках, што плёткамі ад надзежніка. Несла гар і дым, не было чым дыхаць, хоць захлыніся...
Махорка падумаў, што вуліцай не падбяжыш і блізка да агню, і, пераскочыўшы цераз плот, пабег гародамі па раллі. Вясна была сухая, і па гародах, дзе пасеялі бульбу, вецер гнаў пясок, як і на вуліцы, але тут можна было захінуцца за вуглы.
Махорка ўбачыў, што гарыць у тым канцы вёскі: гараць хаты з двух бакоў вуліцы, гараць пад раку лазні; агонь перакінуўся з ветрам на гумны, і заняліся пуні, якія стаялі на загуменні далёка ад вёскі.
Ён пазнаў, што гарыць Янук: агонь падымаўся ўгару і лізаў высокую чорную Янукову дзікую грушу; і Сяргеіха: яе хата стаяла воддаль ад вуліцы, на гародах...
Чуваць было здалёку, як трашчыць агонь, і, калі вецер зносіў полымя, відаць былі з агню на хаце ў Сяргеіхі чырвоныя латы... Крычалі людзі на ўсю вёску; было чуваць, як трашчыць і гудзе агонь.
Да Сяргеішынай хаты Махорка не падбег: са страхі гнала гародамі салому з агнём, і ад дыму не было як дыхаць. Пераскочыўшы цераз тын, Махорка спыніўся ў вулачцы — доўгай і шырокай, якая вяла з вуліцы да Сяргеішынай хаты і была абгароджана з двух бакоў высокім тынам. Вулачка была і па той бок вуліцы, пад раку: дзяліла вёску на два канцы...
У вулачцы ля Сяргеішынай студні стаяла пажарная, прывезеная з фермы, з доўгімі чырвонымі драўлянымі ручкамі. Ад пажарнай на двор да хаты цягнулася доўгая і чорная намоклая брызентавая кішка... Другая, таўсцейшая, была спушчана ў студню... Ля пажарнай не было людзей, і Махорка падумаў, што ў Сяргеіхі ў студні кончылася вада...
Калі яго пачалі тоўхаць у вулачцы людзі, ён убачыў, што ўсе з вёдрамі бягуць на вуліцу, і пабег з усімі, кашляючы ад дыму і чапляючыся парожнім вядром за тын.
Людзі з вёдрамі беглі на аселіцу — да ракі... На вуліцы дыхнула ў твар гарачым дымам ад саломы — Махорка адвярнуў галаву і захінуўся рукой. Убачыў на пяску ля тыну растрэсенае белае пер'е і нечыя звязаныя ў пасцілкі падушкі. Пад ногі трапіла белая вялікая міска — ляжала ўверх дном, і ён, паслізнуўшыся, чуць устаяў на нагах. Тады згледзеў на вуліцы ля Янука мужчын і падумаў, што там можна захлынуцца. Пасля пачуў, як крычалі мужчыны:
— Бусак бяры!.. Бусак!..
— Пасцілкі мачы!..
— Вёдры, вёдры парожныя!..
— Не круціся, маць тваю так!.. Згарыш...
— Дзяцей, дзяцей на аселіцу адвядзі... Што стала як укопаная... Не лезь у агонь, здурнела...
— Вады... Не стой разявіўшыся...
Бегучы аселіцай да ракі, Махорка пачуў, што вецер дзьме не ўздоўж вуліцы, а наўскос — з-за ракі на загуменне. Падумаў, што агонь можна не пусціць у свой канец вёскі за вулачку...
Да ракі ў лагчыну цягнула дым, ён вісеў у аселіцы, як туман, не баючыся ветру, і ад агню быў чырвоны, як гліна. Ад агню было відна далёка за ракой на Выганчыку і на лагах.
Гарэў увесь канец вёскі — начыста. Там, дзе паабапал вуліцы былі хаты, угару падымалася чырвонае полымя шырокімі языкамі, што пасцілкі... Калі рваў вецер, чырвоныя языкі даставалі адзін аднаго і слаліся на зямлю, як падмятаючы вуліцу.
Завярнуўшыся назад, Махорка падумаў, што трэба бегчы на вуліцу, туды, дзе крычаць мужчыны, бо там самы вялікі агонь пад Януковай дзічкай...