Ён убачыў, што зачэрпнуў адной гразі — чэрпаў з берага — і нясе ў вядры. Чуваць, як плюхаецца гразь, аж пырскі ліпнуць на шчокі... Ён выцер вочы чыстай рукой і згледзеў тады, як у канцы вулачкі займаўся агнём Сяргеішын свіран — гарэла страха. Свіран стаяў якраз упоперак да вулачкі, і агонь ад яго мог перайсці на Панкову хату — на другі канец вёскі...
Махорка пачуў, як яму адразу заняло дыхаць. Ён бег вулачкай да Сяргеіхі на двор як толькі мог, збіваючы з ног баб з вёдрамі ў руках. Крычаў, каб яны беглі за ім, і бабы — у вулачцы насілі ваду адны бабы — завярнуліся следам.
На двары ў Сяргеіхі ён кінуў вядро з гразёю пад прызбу і ўскочыў на вярсту дроў, што была складзена ўровень з тынам. Стоячы на дрывах, ён намацаў на страсе лату, якой была прыціснута салома. Па страсе ўгару было лёгка ісці, што па раллі на гародзе, і ён падымаўся на самы верх на адных нагах. На яго дыхнула гарачым дымам здалёку з вуліцы; здалося, гарыць рубашка. Ён тады стаў на калені, пасля лёг на страху ад двара — пад вецер. На страсе зверху тлела салома — не магла адразу заняцца агнём: злежалася. Калі рваў вецер, па саломе бегаў дробны агеньчык — з месца на месца.
— Вады!.. Пяску падайце!.. Пяску!.. — закрычаў Махорка і пачаў зграбаць голымі рукамі зверху са страхі салому з агнём і кідаць на гарод.
Вецер хапаў з-пад рук кавалкі моху і каціў іх з іскрамі па ўсёй страсе...
Тады Махорка, учарэпіўшыся рукамі за лату на вільчыку, каб не паляцець са страхі, стаў таптаць салому нагамі, там, дзе скакаў агонь.
Пачуў, што закасаліся па калені калошы ў штанах і пячэ ў лыткі.
— Вады!.. — крычаў ён і чуў, што на двары кашляў Панок: прыбеглі мужчыны.
Пасля ён убачыў, што яму з вулачкі з зямлі падаюць вядро з вадой. Ён не мог яго дастаць і крыкнуў, каб падалі, стаўшы на плот.
Не давала дыхаць, біў кашаль; на самай сярэдзіне на вільчыку занялася агнём салома: бралася гарэць страха.
Махорка бачыў, як у агні корчыцца і чарнее салома... Калі рваў вецер, ля ног, там, дзе скакала полымя, чырванела яма. Страха можа прагарэць, агонь возьме яе з сярэдзіны, і яна тады загарыцца адразу ўся. Вецер панясе іскры да Панка на двор... Зоймецца другі канец вёскі...
— Пасцілкі мачыце!.. — крыкнуў ён і папярхнуўся. Пасля крыкнуў, каб з зямлі лезлі людзі, бо адзін ён не дасць рады.
Але ніхто не лез на страху, кашляў толькі ўнізе ля плота Панок.
Тады Махорка, намацаўшы ніжэй на страсе латы, апусціўся і пачаў таптаць нагамі агонь у яміне. З ямы паляцелі іскры і салома з агнём.
Ён чуў, як паспякаў ногі, і баяўся, каб не зваліліся зусім чаравікі і не загарэліся штаны. Узварушаная салома займалася яшчэ больш, і ён крыкнуў, каб паставілі да страхі ад гароду драбіну і падавалі мокрыя пасцілкі, бо што думаюць сабе людзі... Але ніхто не ставіў у гародзе да страхі драбіну і не падаваў пасцілак, і Махорка зноў, ухапіўшыся рукамі за лату, таптаў нагамі страху ў тым месцы, дзе ў яме скакаў агонь. Пасля трэснула паднізам лата і сашмыкнуліся ногі... Не справіўшыся схапіцца за вітку, ён паляцеў у свіран... Зверху на галаву пасыпаліся іскры.
У свірне ён пачуў, як закрычаў на страсе Панок.
Панок крычаў над ім, над самай галавой: будзіў.
Калі Махорка адплюшчыў вочы, маленькі гняды Сібірак махаў кароткім хвастом і стукала, шаруючыся аб загваздку, кола.
Ён ускочыў на мяхах і сеў. Уперадзе на дарозе стаяў Боганчыкаў жарабок. Днела, і на клубах у жарабка былі знаць сівыя яблыкі. Сібірак, ткнуўшыся храпамі Боганчыку ў калёсы — у заднюю драбінку, стаў і зафорскаў, шукаючы між мяхоў зубамі траву.
— Спяць усе покатам... Дзень ужо, — загаварыў ззаду за калясьмі Панок, і Махорка спопаразку адвярнуўся. Не спаў жа ўсю дарогу, хацеў і не мог заснуць. Пад раніцу, мусіць, ужо, калі патухла над імшарай зарыва, самі зліпліся вочы.
Панок стаяў ззаду ля калёс і глядзеў на Махорку маленькімі вачыма. Яго не пазнаць было з начы. Ссівеў, аброс шчэццю, як белая мыш; уехалі вочы, зрабіліся вузенькія і слязіліся. Доўга глядзелі на Махорку, усё роўна як пыталіся: дзе ж дзецца; тады пачалі бегаць і ўтаропіліся далёка на дарогу. Махорка ўбачыў, што ўперадзе тырчыць Боганчык ля сваіх калёс і гэтаксама глядзіць перад сабой на дарогу; ля Таніных калёс стаяць адно ля аднаго Наста і Янук — каб варухнуліся.
Тады Махорка выразна пачуў, як уперадзе за лесам, мусіць, на самай шашы, загудзела: ціха і густа. Ён саскочыў з калёс і стаў збоку ля Панка. На зямлі здалося, што гудзіць не справа на шашы за лесам, а ўперадзе на дарозе — якраз у Тартаку. Счакаўшы, аціхла — чуваць было толькі, як бразгае цуглямі Сібірак, дастаючы ў Боганчыка на калёсах з-пад меха сена, і пішчыць у кустах ля дарогі спрасоння дрозд.