Махорку раптам страсанула ўсяго, сталі ляскаць зубы. Ён агледзеўся: стаялі на шырокай уезджанай дарозе, па якой перад вайной леспрамгасаўскія прычэпы вазілі да Краснага на Дзвінасу дрэва. Блізка быў Тартак. Ля дарогі на пасецы ляжалі старыя, даваенныя яшчэ, белыя бярозавыя дровы — метры. Нехта раскідаў зверху шліхту, а дровы не пабраў. Пад нагамі — Махорка згледзеў — на пяску былі сляды ад машыны. Не такія, як да вайны, калі ездзілі прычэпы...
Віднелася. Уперадзе над лесам занялася зара, увачавідкі схапіўшы край неба. Стала яшчэ больш холадна; на траве і на багунніку ля дарогі блішчала раса, як шкло, — вісела буйнымі, што гарох, кроплямі.
Аднекуль з пасекі прыгнала халодны вецер. Зашумела недзе ззаду асіна. Зноў рэдка і ядрана азваўся дрозд і сціх. Зафорскаў Сібірак, падняўшы над мяхамі галаву, — глядзеў уперад. З-пад цугляў у яго выехала жменя сена і ўпала на дарогу пад ногі.
Угары над галавой паявіліся высокія чорныя хмары, расцягнуліся і радзелі, расплываючыся па небе і ружавеючы ад зары, як ад агню. Запахла балотам, занылі над вухам камары; маленькія і цёмныя, яны плоймай лезлі ў вочы. На шчокі і на рукі сыпанула дробная, што блохі, машка.
Далёка ззаду засакатаў кулямёт. Стукаў доўга, без сціханага.
Зноў наляцеў вецер...
Адлучыўся ад сваіх калёс Боганчык і ішоў да іх з пугай у руцэ. Згледзеўшы Боганчыка, крануліся і Наста з Януком. Махорка ўбачыў пасля, як яму зайшоў наперад Панок і зноў глядзеў у вочы. Калі прыйшла Наста, Панок доўга глядзеў і ёй у вочы, тады сказаў:
— Куды ж дзецца? І на Пунішча не праскочыш, — і закашляўся.
Усе, як і перш, стаялі і маўчалі, гледзячы ўперад на дарогу. Боганчык, апёршыся спіной на ляжэйку яго, Махоркавых, калёс, палез з рукой у кішаню: мусіць, шукаў чаго закурыць. Пасля Махорка згледзеў, як той дастаў руку з кішані і, высыпаўшы са жмені нешта ў рот, пачаў жвакаць, паволі, нехаця. Апусціўшы руку і растапырыўшы пальцы, ён выціраў цяпер даланю аб штаны ля калена. Махорка ступіў да яго бліжэй і ўбачыў, як у Боганчыка ў цёмным куточку ля губ прыліпла жоўтае жытняе зерне. У куточках ля губ — у адным і другім — стаяла белая сліна, як пена. Махорка падумаў, што Боганчык жвакае жыта. Сыпле яго жменяй з кішані ў рот і жвакае, што конь. І еў недзе ўсю ноч... Махорка адвярнуўся. Убачыў, як Сібірак, адсеўшы назад, нагнуў галаву, хочучы дастаць з-пад ног сена, што звалілася ў Боганчыка з воза.
Махорка нагнуўся і падаў сена Сібіраку; яно было вільготнае і халоднае...
Калі наперадзе за лесам зноў загудзела, у Боганчыка наліліся кроўю вочы; ён утаропіўся на дарогу, жвакаў і глытаў жыта. Быў папярхнуўся і выцер рукой рот. Тады прабег па ўсіх вачыма і сказаў, як сам сабе:
— Такая чырвань на небе... Не на дабро гэта...
— Ніколі не бачыў. Прасыпаў кожную додніцу... Усё на свеце прасыпаў. Баіцца цяпер.
— А ты, бабай будучы, не лезь не ў сваё... — Боганчык адвярнуўся да Насты і раптам закрычаў: — Гэта вам не к дабру! Чуеце, што наперадзе? Чуеце? — Пасля ён схапіўся рукамі за кепку на галаве, выпусціўшы з рук пугаўё. — Бярыце, едзьце... Едзьце ваўку ў зубы. Хоць на Пунішча, хоць за Пунішча... У самае Краснае... Яны вас спяклі, а вы едзьце... — Ён падаў Панку кепку, выцягнуўшы руку. У кепцы на дне, Махорка згледзеў, ляжала белая паперына, складзеная ўдвая. Пажаўцела зверху — плямай — ад поту. Махорка падумаў, што трэба было б забраць паперу ў Боганчыка: той згубіць яе, калі так торкае ўсюды. Хаця, Боганчык можа збегчы і з паперай, напляваць яму на ўсіх: едзе і жвакае жыта, як жывёла... Махорка пачуў, што яму хочацца есці, хочацца напіцца, што ён зусім аслаб, доўга будучы без яды, і падумаў, што яму не прыйшло ў галаву адвязаць мех і награбсці ў кішэні жыта.
— Скаціна!.. — засіпеў ён, не сцярпеўшы і забегшы Боганчыку наперад. — Ён паперу ў зубы тыча... Крыку нарабіў на ўвесь лес, каб усе чулі. Хочаш, каб перастралялі здалёку, як шалёных сабак?.. Пачуў, што гудзіць наперадзе? Не ведаеш, куды едзеш... Ды я цябе... Пхне ўсё ў вантробы, як свінчо карэлае. З голаду баіцца памерці... А людзі?.. А дома што цяпер? Думаеш, сволач?..
Махорка пачуў, як яго ўсяго аж калоціць. Убачыў, што Боганчык скоранька надзеў на галаву кепку. Белая папера выехала з-пад кепкі, і палоска ад яе была відаць у Боганчыка на лбе пад брылём, як прыліпла там усё роўна. Вочы ў Боганчыка пасталі на адным месцы, зрабіліся вялікія, аж павылупляліся, і былі жоўтыя, як ад жаўтухі. Тады Махорка згледзеў, як у яго затрасліся губы ад злосці і ад іх адвалілася прыліплае жытняе зерне.
— Татарская мор-рда... — пырснуў слінай Боганчык. — Ты мяне не свалачы-ы... Смелы такі. Ведаем. Кожнаму свой качан дораг. А не дораг — то кладзі пад кола. І нікуды вязці не трэба. Ні ў Краснае, ні за Краснае. Пад кола — і канец.