Выбрать главу

— Пад ко-о-ола... — перадражніў яго Махорка.

— Пад кола. Што? Не чуеце, што наперадзе? Чакаюць. Па галаве пагладзяць. — Боганчык памаўчаў, паправіў кепку, схаваўшы са лба белы акравак паперыны, і зноў закрычаў на ўвесь голас: — Не ведаеце, хто яны? Не відзілі, стоячы ў імшары...

Махорка зноў пачуў, як яго страсанула, і ён ступіў да калёс, не ўстояў. Адскочыўся быў Боганчык, тады зноў падляцеў да яго. На барадзе ў яго ляжала жоўтае жытняе зерне: зноў выплыла з рота са слінай. У Боганчыка яго быў, відаць, повен рот — упіраўся язык, калі гаварыў.

Яны стаялі цяпер адзін ля аднаго — грудзі ў грудзі, і Махорка бачыў, як у Боганчыка трасецца барада і слязяцца вочы. Пачырванелі ад бяссоння, у куточках сабраўся і прыліп да павечак пыл.

Тады ззаду, блізка над вухам, закашляў Панок. Калі Махорка павярнуў галаву, згледзеў, як Панок падняў руку і хоча пакласці яму, Махорку, на плячо. Другой рукой ён заціскаў рот, мусіць, каб не было далёка чуваць кашлю. Пасля Панок стаў махаць рукой: паказваў — не трэба, Мірон. Свае ж людзі...

Наперадзе цяпер загудзела недзе зусім блізка, як усё роўна ў канцы імшары.

— Што ў катле варыцца... — уздыхнула Наста.

Яна стаяла збоку ля Панка. Перавязала на галаве хустку, туга акруціўшы рагі ля шыі. Чорная картовая спадніца ў яе была ўся пакамечаная, і да яе паналіпала сена і лісця ад канюшыны, дробнага, што зайцавай капусты. Наста пазірала ўсё назад, дзе махаў галавой Буланчык, ганяючы машку. Махорка падумаў, што там жа на калёсах дзеці.

— Што мы сабе думаем, мужчыны?

Цяпер усе глядзелі на Насту: што ёй сказаць?

— Як у катле варыцца, — зноў сказала яна. — Машыны...

— А раптам танкі?..

— А нам, татарам, Панок, ці танкі, ці...

— Добра, што на Тартак паехалі...

— Яшчэ не скачы, Наста...

— І што гэта ў іх там мігціць? Падскочыць агонь і мігціць.

— Ракеты, Наста...

— Коні піць хочуць...

— Хай адсапуцца...

— А дзеці ж мае...

— Не пазнаю цябе, Наста... Намарылася ты за ноч. У слёзы і ў слёзы...

— Дзяўчына стогне... Нагу трэба было б паглядзець.

— Пацярпіць. Што мы зробім...

— А ноч халодная. Пад дзень хоць ты было каню пад хвост лезь. Ляжу, гляжу на Сітца. Яно высака над галавой, а зуб на зуб не лучае...

— Сонца, Пан, скора ўзыдзе — пагрэешся...

— Дзяцей прастудзім голых...

— А камары сякуць, не глядзяць на холад.

— Пагода будзе...

— Ціш-ш... Не чуеце, як бразгае? На адным месцы.

— Каля Рудні недзе. На шашы. Там дарога на Белае.

— Ніхто не знае, дзе чыя смерць. У Белым ці ў гарэлым...

— А нам, татарам...

У канцы імшар, дзе доўга гудзела не сціхаючы, зноў замітусілася неба і зайшоўся кулямёт. Па імшарах пайшло рэха, нізка, па зямлі... Падзьмуў вецер.

Усе збіліся ў кучку каля Махоркі — стоўпіліся ля калёс. Маўчалі. Чуваць было, як махае хвастом конь — шапацела на мяхах сена.

— Дастоімся, што на дарозе пераціскаюць...

— Паедзем...

— Трэба пачакаць. Хай сціхне.

— А дзе Янук? Дзе стары?

— У кусты пайшоў. Не бойся, Пан. Са страху...

— Наста пашкадавала. Прывяла да калёс. Хай ба ляжаў на мяхах.

— Стары баіцца. Да людзей ціснецца, — пляскаў ротам Боганчык.

— А ты не баішся?

— А я нікуды не паеду. Сказаў — не паеду. Можаце браць паперу. І жарабка можаце браць.

— Ты што, Іван, упіраешся ўсю дарогу?.. — Махорка пачуў, як Боганчыка пачаў угаворваць Панок; Панку цяжка было гаварыць: не даваў кашаль.

— Што ехаць? А калі немцы не ў Белае, а з Белага ідуць?

— А табе што, не ўсё роўна куды?

— А тое, Мірон, што і яны на Тартак дарогу знаюць, не адзін ты. У іх на карты ўсё пананошана.

— Што, ты відзіў іхнія карты? Глядзеў?

— Людзі глядзелі. А вы самі не знаеце, куды едзеце.

— Дык што? Разбегчыся? А дзеці? А жывёла?..

— Што нам слухаць Боганчыка. Андрымоніць усю дарогу. Паганяй, Мірон.

— Ідзі, Наста, да калёс. Паедзем.

— А дзе Янук?

— Ідзе вунь... Не згубіцца. Як дома ўсё роўна. Устаў, на двор додніцай схадзіў...

— Паганяй, Іван. Жарабок з дарогі з'ехаў. Падцялежыўся...

— А ты мяне не гані. Я табе, можа, не Махорка, не яны... — Боганчык паказаў рукой на ўсіх. Усе яшчэ стаялі ля Махоркавых калёс, не адыходзіліся. — Я вам сказаў: не паеду. На Пунішча можна і адгэтуль лучыць. Белай імшарай пайшоўшы...

— Пра якое ён Пунішча гаворыць?

— Вярзе абы-што. Нібы ты яго, Наста, не знаеш...

Махорка ўбачыў, як Боганчык зноў злазіў з рукой у кішаню, дастаў у жмені жыта, задраў галаву і, высыпаўшы ў рот, пачаў жвакаць. На зубах у яго трашчалі зярняты. Сухое жыта сыпалася з рота яму на рубашку і пырскала пад ногі на зямлю.