Выбрать главу

Тады Махорка не стрываў, падскочыў да Боганчыка, і яны зноў сталі адзін ля аднаго — грудзі ў грудзі. Боганчык, было відаць, не чакаў. Перастаў жвакаць, раскрыў рот. На рубашку яму вывалілася ў камочках мокрае жыта.

— Паскуда!.. Ды я цябе... Бяжы... На ўсе чатыры стараны. Здохнеш, можа, дзе адзін скарэй... Жарэ, як свінчо... Апрагаецца. І шчэлепы не баляць. Мала немец біў па мордзе... Пісні яшчэ раз, што не паедзеш... Не будзе чым і жвакаць. Я табе не немец... Усе пакрышу... Смерці баіцца, а жарэ...

Боганчык быў адразу адступіўся назад, тады раптам збялеў увесь што палатно, і ў яго зноў затрасліся сківіцы. Вочы зрабіліся вялікія і белыя...

Махорка пачуў пасля, як яго моцна ўдарыў Боганчык па пашчэнках — знізу. Не згледзеў нават калі... Закруцілася ў галаве... Каб не падхапіў яго ззаду Панок, ён паляцеў бы дагары на зямлю...

Закрычала Наста.

Калі Махорка схапіў Боганчыка за грудзі, пачуў, што той абмяк увесь і рукі ў яго вісяць, як анучы. Вочы сталі маленькія і вузенькія — Боганчык заплюшчыўся: баяўся. У барадзе ў яго было поўна жыта...

Махорка тады адпусціў рукі; каб не глядзець ні на кога, адразу сагнуўся, падняў з зямлі лейцы і ўскінуў іх на мяхі.

Папраўляючы Сібіраку хамут, глянуў пасля ўперад на дарогу: Боганчык, апіраючыся на ляжэйку, узлазіў на калёсы.

— Паехалі!.. — крыкнуў Махорка. — Анучы кавалак. Рукі свае пэцкаць не хачу... Кусаецца, як гадыня...

Наста з Панком, аглядаючыся, пайшлі да сваіх калёс. На дарозе стаяў толькі Янук і ківаў сам сабе галавой.

За імшарай уперадзе зноў захлебястаў кулямёт.

На ўсходзе пасвятлела зара; павіднела ў лесе, і з калёс была відаць раса — далёка, аж за дарогай на імшары.

11

Шапочуць на сухім жвіры ў глыбокіх калдобах колы, і Алёшу здаецца тады, што маці вялікай рыдлёўкай сіляе ў хлеве на праціўні з ямы пясок...

У хлеве яшчэ з парога відаць новыя жоўтыя сасновыя круглякі: маці чыста падмяла гальніком памост, згарнуўшы пацёртую сухую леташнюю сырадэлю і мятліцу на працівеньку. Працівеньку летась выбілі глінай, калі перасцілалі памост; уступіўшы босаму на яе, усягды было чуваць, як холадна ў ногі. Цяпер уся працівенька, ад памоста аж да дзвярэй, зацярушана сухой патрухай, і Алёша чуў толькі, што колецца спадыспаду ў ступні. Пасля маці загадала яму ўзяць у хлеве за тынам граблі і падсунуць патруху з праціўні да дзвярэй. Насыплецца пяску, тады куды яе дзець, на двор толькі вынесці пад хлеўчык у гразь; а так — карове падсцяліць будзе на раз.

Падмёўшы памост, маці сагнулася і пачала ўздзіраць рукамі танчэйшыя сасновыя круглякі і адносіць пад тын. Таўсцейшыя і сукаватыя яна каціла да тыну нагамі. Калі Алёша падмёў праціўню, маці паклікала яго, і яны, узяўшыся за канцы, пераносілі ўдваіх круглякі пад тын. Памост ляжаў высока ад зямлі, і пад ім хавалася нага аж па калена.

Носячы круглякі, маці спынялася пасярод хлева і доўга слухала, павярнуўшы галаву на двор: недзе на загуменні гудзела і гудзела не сціхаючы.

«Самалёты...» — падумаў Алёша і чуў, як шэпча сама сабе маці.

Памост яны паднялі з усіх легараў, пакінулі толькі два старыя круглякі ля сцяны ад двара, дзе стаялі рыдлёўкі: адна новая, на белай яловай ручцы, другая бліскучая, скапаная і пагнутая, асаджаная на канец вілачніка.

Калі Алёша ўзяў у рукі старую рыдлёўку з кароткай ручкай-вілачнікам і скочыў з круглякоў на зямлю пад памост, пачуў, як усюды смярдзіць мышамі, аж зрывае нос.

— У штых бяры адразу... Не калупайся зверху і не лезь да самай сцяны. Пясок пад прызбай у гародчыку асядзе... — загадала яму маці, і ён павярнуўся да яе. — Не адварочвайся і пясок адкідай на самую праціўню. На сярэдзіну...

Маці зноў сціхла і маўчала. Алёша цяпер глянуў на яе з-пад рукі — згледзела б, што ён адвярнуўся, зноў бы крычала — яна ўсё нешта шаптала сама сабе, бо ў яе краталіся вусны. Адвязала з галавы хустку — белая хустка ў кропачкі ляжала цяпер высака на сасновых кругляках ля тыну, — і ў яе на галаве раскручвалася з куклы каса і выязджалі чорныя шпількі. Алёша хацеў сказаць, што шпількі пагубляюцца ў пяску, але маці тады зноў будзе крычаць на яго, што ён толькі варочае галавой, а не капае... Пасля падумаў, што шпілек у маці многа, цэлая жменя ляжыць у прыскрынку ў куфры.

Зямля пад рыдлёўкай была мяккая і рэзалася на скрылі, пакуль не пачаў чэрпацца жоўты пясок. Ён быў сухі, як жвірак, і рассыпаўся, што соль, — далёка не адкінеш. Каб дастаць на праціўню, Алёша паварочваўся бокам, тады зноў бачыў маці: яна стаяла каля самага тыну па калені ў яміне.