Выбрать главу

Пад лавай ляжаў тол, цэлая кучка. Як склалі яго лунінцы, прынёсшы ў хату парашут, так тол і ляжаў. Забыліся забраць... Яна хацела яго прыняць з вачэй, закапаць у гародчыку пад прызбай, але забылася. І цяпер ён ляжаў, складзены роўненька ў ладнай кучцы, — адзін кавалак прыліп да падлогі воддаль, ледзь не ля самага стала, ля ножкі... Жоўты і гладкі, як аскоблены, ён быў падобны якраз на кавалак сырога мыла, якое куплялі да вайны ў вёсцы ў краме...

— Га-га-га... Маладзец матка... — рагаталі і рагаталі на ўсю хату ўласаўцы.

Пасля яна пачула, як расчыніліся дзверы — рыпелі доўга, не сціхаючы: іх адчынялі памалу, на ўсе рукі, як хто з возам ехаў у хату. Ад яе адбегліся ўласаўцы, пахапалі вінтоўкі, што стаялі ля куфра, і выцягнуліся пасярод хаты.

Парог пераступіў яшчэ адзін уласавец — ніжэйшы за ўсіх, у пілотцы. Зірнуўшы на яго, яна ўбачыла неяк, што ў таго былі вялікія светлыя бровы. Дзвярэй ён не зачыніў і, выйшаўшы на хату, махнуў нечым белым — паказаў у парог. Уласаўцы, пабраўшы ў рукі вінтоўкі, усе да аднаго выскачылі за дзверы.

Калі ўласавец у пілотцы астаўся ў хаце адзін, Наста агледзела, што ў руцэ ў яго белыя пальчаткі, тонкія, з воўны, і трымаў ён іх за пульсэтку, сціснуўшы ў кулаку. На яе, Насту, ён не падымаў вачэй; зрабіў круг па хаце, тады зняў з пляча вінтоўку і пайшоў сеў на лаву ля акна ў гарод, падкорчыўшы ногі, — боты дасталі якраз да меха. Пад лавай загрукала — Наста здагадалася, што ён пасунуў нагамі кучку толу. Пасля ён круціў вачмі па хаце: у кутку над сталом па сцяне, дзе віселі сапсаваныя старыя ходзікі, не ішлі; пад ложкам, ля печы і ў парозе пад суднікам — доўга глядзеў туды.

— Все вы бандіты... — загаварыў ён раптам паволі, як п'яны, — ледзь варочаў языком. — Вас всех надо перестрелять... Вон і вон... Солома еще на полу... Чугун с мясом полный... Партізаны недавно жралі... — ён паказаў вачыма на падлогу ля куфра і ў парог у качарэжнік; пасля ўзяў паклаў на калені вінтоўку, доўга глядзеў на яе, тады пачаў церці пальцамі.

Наста хацела сказаць, што ля куфра яна клала нанач дзяцей, калі пачалі страляць з Сушкава па вёсцы немцы, — ад таго не мецена яшчэ ў хаце, — і не магла. Глянула была на ўласаўца — ён быў выгалены, чысты і злосны — і сядзела на ложку, не могучы крануцца: у гаршку на прыпечку стаяла мяса, якое яна паставіла была нанач у печ варыць лунінцам, а тыя додніцай тады сабраліся і пайшлі не еўшы... Здагадалася цяпер, што ўласаўцы дасталі былі самі гаршчок з печы, і за сталом яны елі мяса — косці яшчэ ляжаць на абрусе, жоўтыя, як падплятанкі.

— Да что с вамі чікаться... — уласавец крануўся ўвесь і, закінуўшы адну на адну, пасунуў далей пад лаву ногі. Пад лавай зноў ціха грукнула. Уласавец быў нагнуўся і зірнуў на свае боты...

Яна сядзела як нежывая...

Пасля ён узяў паклаў на рог стала белыя пальчаткі з воўны. Дастаў з кішэні з фрэнча клубочак нітак, невялічкі, з макаўку, такіх жа белых і з воўны, як і пальчаткі. Паклікаў яе, Насту, — яна злезла з ложка і падышла да яго — і падаў клубочак у рукі, паказаўшы на стол:

— Заделать... і быстро...

Яна ўзяла ў рукі са стала пальчаткі і ўбачыла, што яны новыя і ў адной недароблены вялікі палец... Адразу ўспомніла, што ў яе ляжалі ў куфры ў прыскрынку пруткі. Падышла да куфра, падняла века, адчыніла вечка ў прыскрынку. Знайшла пруткі, узяла пальчатку без вялікага пальца, другую паклала на стол і села ля акна ад вуліцы проці ўласаўца.

Падумала: у каго гэта ў вёсцы былі белыя авечкі? У Махоркі ці не?..

Пруткі калолі ў пальцы, у пупышкі, былі вострыя, і яна ніяк не магла спачатку лучыць у вочка. Убачыла, што дрыжаць рукі; не са страху — яна ўжо не баялася — а, мусіць, ад таго, што нясла цяжкі мех: як жылы расцягнула ўсё роўна.

Калі ўласавец зноў, круцячы на каленях вінтоўку, сказаў: «Вы все бандіты...» — яна падумала: «Пракалоўся б ты на гэтыя пруткі...» — і тузанула за нітку.

Беленькі клубочак падскочыў на стале, пасля покнуў на падлогу і пакаціўся ўласаўцу пад ногі — пад лаву...

Уласавец нагнуўся, каб дастаць клубочак, заскроб па падлозе нагамі і зачапіўся за мех.

Пад лавай загрукалі кавалкі толу, моцна, на ўсю хату, — рассыпалася ад нагі ўся кучка...

Наста пачула, як бразнулі, зазвінеўшы аб стол, пруткі — вываліліся з рук.

Уласавец спачатку ўвесь збялеў, што мел; сядзеў, нагнуўшыся, і глядзеў на яе вялікімі, як не ў чалавека, вачыма. Пасля, мусіць, здумеўся, бо яна, баба, не баіцца толу, сядзіць, як сядзела, ля стала, і схапіўся абедзвюма рукамі за вінтоўку, якая ляжала ў яго на каленях. Насце здалося цяпер, што вінтоўка ў яго ўся белая, аж блішчыць, і крывая, як сагнутая...